Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДА́ТАЯ КУРАПА́ТКА (Perdix daurica),
птушка сямейства фазанавых атр. курападобных. Пашырана ва ўмераным поясе Азіі. На Беларусь завозілася для акліматызацыі (поспеху не мела) з Тувы ў 1959—60.
Даўж. цела каля 20 см, маса 300—325 г. Ад шэрай курапаткі адрозніваецца «барадой» (адсюль назва) у выглядзе доўгага пер’я пад дзюбай, вохрыста-жаўтаватым налётам апярэння і чорнай падковападобнай плямай на брушку. Корміцца насеннем пустазелля, зернем, насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫЯ КУРАПА́ТКІ (Lagopus),
род птушак сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 віды — белая курапатка (L. lagopus) і тундравая курапатка (L.mutus). Пашыраны ў тундрах, лесастэпах і гарах Паўн. Еўразіі і Паўн. Амерыкі да Паўн. Казахстана, Паўн. Манголіі і Канады. На Беларусі белая курапатка спарадычна трапляецца ў паўн.ч. на вярховых балотах; занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 46 см, маса 400—900 г. Тундравая курапатка драбнейшая. Апярэнне зімой белае з чорным хвастом, летам рыжа-бурае, у самцоў тундравай курапаткі зімой чорная аброць, летам менш рыжых тонаў; у самак мяняецца 3, у самцоў 4 разы на год. Гнёзды на мохавых купінах з нізкарослай расліннасцю. Кормяцца пупышкамі дрэў, лісцем, ягадамі. На поўначы белыя курапаткі — важны аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНЛА́НДСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Grønland),
на ПнУ в-ва Грэнландыя. Засн. ў 1974. Пл. каля 70 млн.га. Ландшафты арктычных пустынь, на схілах узгоркаў — травяная расліннасць. У фауне звычайныя аўцабык, белы мядзведзь, маржы, цюлені, пясцы, заяц, гарнастай, з птушак — белая курапатка, гага, белашчокая казарка, гусь Роса, белая сава, крэчат. Біясферны рэзерват.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАДАК,
птушаняты або дзіцяняты адной кладкі ці аднаго прыплоду, якія жывуць пэўны час з бацькамі. Пасля набыцця імі здольнасцей да самаст. існавання вывадак звычайна распадаецца. Памеры залежаць ад патэнцыяльнай пладавітасці віду: у вывадку птушак бывае да 25 птушанят (шэрая курапатка), у звяроў — да 20 дзіцянят; на іх істотна ўплываюць кліматычныя, кармавыя і інш. ўмовы. Часам (напр., у дзікіх гусей) некалькі вывадкаў аб’ядноўваюцца ў адзін (аб’яднаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІСКУ, Абіска (Abisko),
нацыянальны парк на Пн Швецыі, у Скандынаўскіх гарах. Засн. ў 1909 як ландшафтны запаведнік. Уключае бас.р. Абіску і ч.паўд. ўзбярэжжа воз. Турнетрэск. Пл. 7,5 тыс.га. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Разнастайная фауна млекакормячых (буры мядзведзь, воўк, лемінг, лось, паўн. алень, пясец, расамаха) і птушак (бакас, беркут, варакушка, курапатка палярная, паморнік даўгахвосты, пуначка, сава белая, уюрок). На тэр. парку навук.-доследная станцыя Шведскай АН.