Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],
расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл.Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАТО́ПЫ (ад гігра... + грэч. topos месца),
месцы росту (экатопы), якія адрозніваюцца ўмовамі ўвільгатнення субстрату. Вылучаюць 6 асн. ступеней (груп) вільготнасці: 0 — вельмі сухія, 1 — сухія, 2 — свежыя, 3 — вільготныя, 4 — сырыя, 5 — мокрыя. Для выяўлення гігратопаў выкарыстоўваюцца расліны-індыкатары вільготнасці, якія падзяляюцца на ксерафіты (групы 0; 1), мезафіты (2; 3), гіграфіты (4; 5). Зрэдку дадаткова вылучаюць інш. групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСА́РСКІ ХРЫБЕ́Т,
у сістэме Гісара-Алая, ва Узбекістане і Таджыкістане, водападзел басейнаў рэк Зераўшан і Амудар’я. Даўж. каля 200 км. Выш. да 4643 м. Складзены пераважна з крышт. парод, сланцаў і пясчанікаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. У цэнтр.ч.воз. Іскандэркуль (на выш. 2176 м). На схілах стэпы, дрэвава-хмызняковая расліннасць, субальпійскія лугі, нагорныя ксерафіты, альпійскія нізкатраўныя лугі. Запаведнікі Гісарскі і Раміт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛО́МНІК (Androsace),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі. На Беларусі П. ніткападобны (A. filiformis) і паўночны (A. septentrionalis). Трапляюцца каля лясных дарог, на чыг. насыпах, сухіх адхонах.
Адна- або шматгадовыя травы, часам паўкусты, утвараюць шчыльныя дзярніны ці падушкі, часта ксерафіты. Лісце яйцападобнае або лінейнае, у разетцы. Кветкі дробныя, у парасонападобных суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. xēros сухі + ...філ(ы)],
сухалюбы, расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.
Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́МІБ (Namib),
прыакіянічная пустыня на Пд Афрыкі. У асн. у Намібіі, ад г. Намібе (Ангола) на Пн да вусця р. Оліфантс (прыток р. Аранжавая) на Пд. Даўж. 2100 км, шыр. 50—130 км. Ступеньчатая раўніна выш. да 1000—1200 м на У. Паўн. Н. (да мыса Крос) пераважна друзаватая і галечнікавая, цэнтр. Н. (да бухты Людэрыц) — пясчаная, з дзюнамі выпі. да 30—40 м, паўд.ч. — камяністая. Клімат акіянічны, пустынны, з незвычайна нізкімі т-рамі паветра для гэтых шырот. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца 17—19 °C, самага халоднага — 12—13 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год пры вял. вільготнасці паветра. Частыя туманы. Транзітныя рэкі Кунене і Аранжавая, часовыя вадацёкі. У месцах неглыбокага залягання грунтавых вод растуць ксерафіты і сукуленты: акацыі, малачаі, алоэ, вельвічыя. Радовішчы алмазаў (раён бухты Людэрыц), уранавых руд. Нац. паркі Наміб і Бераг Шкілетаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСУХАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬраслін,
эвалюцыйна замацаваная здольнасць раслін пераносіць абязводжванне і перагрэў тканак, што выклікаецца глебавай або паветранай засухай; генетычна абумоўленая прыкмета. Можа ўзмацняцца ў працэсе адаптацыі. Расліны падзяляюць на пайкілагідрыдныя, якія не здольны рэгуляваць свой водны рэжым (напр., імхі, сіне-зялёныя водарасці, лішайнікі, некат. віды папарацей), і гамеагідрыдныя, што могуць падтрымліваць сваю вільготнасць (б.ч. кветкавых раслін і с.-г. культуры). Найб. высокай З. валодаюць ксерафіты, да якіх належаць усе дзікарослыя расліны стэпаў, пустынь і паўпустынь. Некат. з іх, напр.сукуленты, вызначаюцца гарачаўстойлівасцю і здольны пераносіць т-ру да 60 °C і вышэй (большасць культурных раслін — мезафітаў — гінуць пры т-ры каля 45—48 °C). Устойлівасць раслін да засухі павышаюць спец. прыстасаванні, якія абмяжоўваюць выпарэнне вады з тканак (магутная каранёвая сістэма, драбнаклетачнасць, тоўстая кутыкула, апушэнне, васковы налёт і інш.). З. павялічваецца па меры развіцця раслін і змяншаецца на генератыўнай яго фазе. Сярод культ. форм найб. засухаўстойлівыя шафран пасяўны, гарбуз, проса, ячмень, сланечнік; менш вынослівыя пшаніца, авёс. Павышэнне З. с.-г. культур дасягаецца агратэхн. прыёмамі, накіраванымі на барацьбу з засухай, селекцыяй на высокую З., правільным севазваротам, угнаеннем глебы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.