1) у Стараж. Грэцыі і Рыме — месца для выступлення рытараў, філосафаў.
2) У ВНУ (на факультэце) — асн. навучальна-навук. падраздзяленне, якое выконвае навуч., метадычную і н.-д. работу, а таксама аб’яднанне прафесарска-выкладчыцкага складу па адной або некалькіх роднасных дысцыплінах.
3) У навуч. установах, лекторыях, актавых залах — месца для выкладчыка, прамоўцы.
4) У хрысц. царкве — узвышэнне для чытання пропаведзяў; крэсла архірэя ў час набажэнства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды ў Беларусі. На паўд.-ўсх. ускраіне в.Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага буйназярністага граніту (рапаківі) даўж. 4,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 25 м³, маса 66 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паўд. баку мае паглыбленне памерам 0,5 × 0,6 м са згладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якое нагадвае крэсла, каля яго ямка глыб. 3 см, у папярочніку 5 см. У стараж. часы валуну пакланяліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЗА́ЛА СЕ́ЙМАЎ.
Існавала ў Гродне ў 18—19 ст. Пабудавана ў 1726 у двары Гродзенскага Новага замка, злучалася з ім 2-павярховымі П-падобнымі ў плане драўлянымі карпусамі, якія абкружалі вял. двор. Пабудова ўключала вял. базілікальную залу, уваходны вестыбюль з лесвіцай і памяшканне для кур’ераў. У глыбіні залы на ўзвышэнні знаходзілася крэсла караля. Унутраная аздоба залы характэрная для архітэктуры стылю ракако — сцены чляніліся высокімі пілястрамі, філёнгамі, былі ўпрыгожаны размалёўкай і скульптурнымі рэльефамі ў мудрагеліста выгнутых рамах, вокны аформлены ліштвамі складанай формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й Існаваў у Магілёве з 15.11.1867 пры Магілёўскім губ. стат. к-це, развіццю якога спрыяў губернатар А.С.Дамбавецкі. У 1878 музей меў гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны (геалагічны) аддзелы. Пад 1898 было каля 1500 экспанатаў, у т.л. калекцыя манет 10—19 ст. (больш за 500 экз.), кальчуга і ўпрыгожанні з раскопак Анэлінскага кургана Быхаўскага пав., рукапіснае Евангелле 15 ст., акты Магілёўскага магістрата 1577—1756, «Лексікон славянароскі», надрукаваны ў 1654 у Куцеінскай друкарні, грамата 1767 караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага аб пацвярджэнні Мсціславу магдэбургскага права, троннае крэсла Кацярыны П з Магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, кінутыя ім у час уцёкаў з Расіі, атлас 1823 з планамі гарадоў Магілёўшчыны, мадэлі сялянскага двара Рагачоўскага пав. і ветрака, батлейка з Быхаўскага пав., прылады працы і побыту сялян, прадметы саматужнай і заводскай вытворчасці, нар. адзенне, дзіцячыя цацкі, узоры глеб, гербарыі і інш. Музейны матэрыял вывучалі і сістэматызавалі гісторыкі-краязнаўцы М.В.Фурсаў, Е.Р.Раманаў, С.Ю.Чалоўскі. Калекцыі музея сталі асновай Магілёўскага гіст. музея (гл. ў арт.Магілёўскі абласны краязнаўчы музей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАПУ́ЛЬТА (лац. catapulta ад грэч. katapeltēs: kata уніз + pallō кідаю),
1) ваенная кідальная машына, якая прыводзілася ў дзеянне сіламі пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, рамянёў, валасоў і інш.). Кідала па крутой траекторыі камяні, стрэлы, ядры, запальныя снарады і інш. на 250—850 м. Выкарыстоўвалася пры аблозе крэпасцей і ў палявым баі з 5 ст. да н. э. (Стараж. Грэцыя і Рым, затым Візантыя і інш.) да 15 ст. (Еўропа), калі была заменена артылерыяй. У Кіеўскай Русі К. наз. парокай.
2) Механізм для паскарэння або забеспячэння ўзлёту (старту) самалётаў, планёраў і інш. лятальных апаратаў.
3) Прыстасаванне для аўтам. выкідвання (катапультавання) лётчыка ці касманаўта з кабіны лятальнага апарата ў час аварыі. З’яўляецца часткай катапультнага крэсла, у якім у вышынна-кампенсавальным касцюме знаходзіцца лётчык (касманаўт). Катапультаванне (адстрэл) ажыццяўляецца піратэхн. прыстасаваннем. Наземная К. — стэнд для трэніроўкі лётчыкаў і касманаўтаў.
Катапульты: 1 — заснаваная на сіле пругкасці скручаных валокнаў; 2 — на сіле пругкасці сагнутага дрэва (на прынцыпе лука).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗВА́ЖКАСЦЬ,
фізічны стан цела — складальнай часткі рухомай мех. сістэмы, пры якім вонкавыя сілы, што дзейнічаюць на цела і яго рух, не выклікаюць узаемнага ціску адных часцінак цела на іншыя. Узнікае пры свабодным руху цела ў гравітацыйным полі, калі такі рух з’яўляецца паступальным (напр., падзенне цела па вертыкалі, рух па арбіце штучнага спадарожніка Зямлі, палёт касм. карабля).
На цела, якое знаходзіцца ў гравітацыйным полі Зямлі на апоры (ці падвесе), дзейнічаюць сіла цяжару і ў процілеглым напрамку сіла рэакцыі апоры (ці сіла нацяжэння падвесу), што вядзе да ўзнікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую. У целе ўзнікаюць дэфармацыі і ўнутр. напружанні, якія чалавек успрымае як адчуванне ўласнай вагі (важкасці). У залежнасці ад умоў сіла рэакцыі апоры можа адрознівацца ад сілы цяжару нерухомага цела на паверхні Зямлі. Напр., калі касм. карабель рэзка павялічвае скорасць, касманаўта прыціскае да крэсла сіла, у некалькі разоў большая за нармальную вагу, што ўспрымаецца як павелічэнне ўласнай вагі касманаўта (т.зв. перагрузка). У стане свабоднага падзення на цела дзейнічае толькі сіла цяжару, а інш. вонкавыя сілы, у т. л. і сілы рэакцыі апоры, адсутнічаюць, што вядзе да знікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую, узнікае бязважкасць, якую чалавек успрымае як страту вагі.
Ва ўмовах бязважкасці зменьваецца шэраг функцый жывога арганізма: абмен рэчываў (асабліва водна-салявы), кровазварот, назіраюцца расстройствы вестыбулярнага апарату і інш. Неспрыяльны ўплыў бязважкасці на арганізм чалавека можна папярэдзіць або абмежаваць пры дапамозе фіз. практыкаванняў і заняткаў на спец. трэнажорах. Вынікі працяглых касм. палётаў сведчаць аб тым, што бязважкасць не з’яўляецца небяспечнай для арганізма чалавека і касманаўты ў такім стане могуць доўгі час жыць і працаваць, але павінны праходзіць курс рэабілітацыі пры вяртанні ў звычайныя гравітацыйныя ўмовы на паверхні Зямлі. Бязважкасць улічваецца пры стварэнні прыбораў і агрэгатаў касм. лятальных апаратаў. Напр., для вады і інш. вадкасцей выкарыстоўваюцца эластычныя пасудзіны і герметычныя кантэйнеры, якія папярэджваюць распырскванне; цыркуляцыя паветра забяспечваецца вентылятарамі і інш. Стан бязважкасці дае магчымасць праводзіць фізіка-тэхн. эксперыменты па вырошчванні паўправадніковых крышталёў, стварэнні звышправодных і магнітных матэрыялаў з аднародным размеркаваннем рэчыва па ўсім аб’ёме.
Літ.:
Левантовский В.И. Механика космического полета в элементарном изложении. 3 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́БЛЯ (франц. meuble ад лац. mobilis рухомы),
прадметы для абсталявання інтэр’ераў і адкрытых прастораў, стварэння камфортных умоў для працы і адпачынку; галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкага канструявання. Тыпалагічна падзяляецца паводле эксплуатацыйных прыкмет (для жылля, грамадскіх будынкаў, гар. асяроддзя, трансп. сродкаў), функцыян. прызначэння (для сядзення, ляжання, корпусная, функцыян. плоскасці, камбінаваная), канструктыўных асаблівасцей (рухомая, убудаваная, навясная), узроставых катэгорый насельніцтва, тыпаў грамадскіх будынкаў (універсальная, шматфункцыянальная). У ліку асн. патрабаванняў да М. — трываласць, эксплуатацыйная надзейнасць, модульная камбінаторнасць формаўтварэння, трансфармаванасць, тэхналагічнасць апрацоўкі і аздаблення паверхняў, эстэтычнасць дызайнерскага вырашэння (вобразная выразнасць, улік нац. традыцый і сац.гіст. -заканамернасцей, сінтэз мастацтва М. і архітэктуры, індывід. праява асобы аўтара ці заказчыка, рацыянальнасць формы, адпаведнасць модзе, колеравае вырашэнне). М. адлюстроўвае сац.-быт. ўклад насельніцтва, яго эстэт. ідэалы і нац. традыцыі, разам з аб’ёмна-арх. вырашэннем утварае стылявыя асаблівасці асяроддзя. У ліку маст. сродкаў М. — канстр. і аддзелачныя матэрыялы (дрэва, метал, пластмасы, скура, мэблева-дэкар. тканіны), фактура, тэкстура, колер.
З часоў Стараж. Егіпта вядомы табурэты, куфры, троны. ложа з разьбой і рэльефнымі ўстаўкамі. Ант. драўляная і бронзавая М. вылучалася яснасцю форм, спалучэннем прамых і выгнутых брусоў (стулы, ложкі, нізкія сталы, крэслы з геам. арнаментам і «звярынымі» матывамі). Сярэдневяковай М. ўласцівы масіўныя, трывалыя формы крэслаў, шафаў, ложкаў, сталоў, упрыгожаных арх. разьбой (аркі, нервюры), геам. і расл. арнаментам. Для стараж.-рус. М. характэрны лаканічныя па формах лавы, куфры, сталы, табурэты з разнастайнай разьбой і размалёўкай. Арыгінальныя формы нізкай, часта выгнутай М. з паліраванага дрэва, лаку склаліся ў краінах Азіі. У эпоху Адраджэння зацвярджаецца М. з рамна-філянговай канструкцыяй, якая будавалася паводле ордэрнай архітэктуры, арганічна ўваходзіла ў грамадскі і жылы інтэр’ер. Двух’ярусныя шафы, кабінеты са скрынкамі на падстоллі, касапанкі (куфры са спінкай і падлакотнікамі для сядзення), касоне (куфры-скрынкі, упрыгожаныя пазалотай, размалёўкай і інш), ложкі з балдахінамі, крэслы, упрыгожаныя арх. матывамі, жывапісам, рэльефамі; арнаментальная або выяўл.інтарсія звязвала М. з архітэктурай інтэр’ера. Парадная М. барока, ракако, класіцызму, ампіру з каштоўнай фанероўкай, разьбой, пазалотай маркетры, бронз. накладкамі, літымі дэталямі (сталы, шафы, буфеты, кабінеты, сакратэры, стулы, крэслы, канапы) утварала гарнітуры стацыянарных і перасоўных прадметаў. У ліку майстроў, якія стваралі свой стыль М.: сям’я Жакоб, А.Ш.Буль, Ж.А.Рызенер, Д.Ронтген (Францыя), Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан (Вялікабрытанія). У Расіі М. часта стваралі архітэктары В.В.Растрэлі, Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.Вараніхін, К Росі. М. ракако і бідэрмеера, англ. і галандская М. 17—18 ст. імкнулася да камфортнасці, зручнасці, што парушала традыц. яе сувязь з палацавымі рытуаламі. У 19 ст. поруч з эклектычнай М. у гіст. стылях з’явіліся новыя тыпы масавай практычнай М. (гнуткая «венская» М). Стыль мадэрн на мяжы 19—20 ст. увёў цякучыя лініі, вытанчаную фактуру (інкрустацыя шклом і керамікай, накладкі з паліраванага металу) і садзейнічаў аблягчэнню М., утварэнню новых рацыянальных форм (Х.ван дэ Велдэ ў Бельгіі, Ч.Р.Макінташ у Шатландыі). Пашырэнне ў 20 ст. функцыяналізму спрыяла пошукам лаканічных форм і яснай тэктонікі М., выкарыстанню новых матэрыялаў (стальныя трубы і палосы, клееная драўніна), распрацоўцы ўбудаванай, секцыйнай, зборна-разборнай і трансфармаванай М. для жылых пакояў, кухняў, кантор, банкаў, школ і інш. дызайнерскія метады яе праектавання. М. распрацоўвалі вербунды, Баўгауз, Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве, буйнейшыя архітэктары (Ле Карбюзье, В.Гропіус, М.Броер, Л.Міс ван дэр Роэ, А.Родчанка, Л.Лісіцкі, У.Татлін і інш.). Развіццё арганічнай архітэктуры, вывучэнне нац. традыцый стымулявалі распрацоўку ўзораў найб. простай, зручнай М., якая адпавядала мясц. умовам (Ф.Л.Райт у ЗША, А.Аалта ў Фінляндыі, А.Якабсен у Даніі). Асн. канструкцыйна-маст. асаблівасці сучаснай М. — макс. зручнасць, функцыянальнасць, прастата, часам эклектычнасць. У многіх мясцовасцях (Паволжа, Прыкарпацце, паўд. Польшча. Брэтань) захоўваюцца нар. традыцыі вытв-сці і ўпрыгожання М.
На Беларусі нешматлікія і простыя прадметы абсталявання жылля феад. эпохі выконвалі чыста утылітарныя функцыі (услон, тапчан, ёмістасці для захоўвання быт. рэчаў, калыска, лава, паліца, палок і інш.). М. рабілі самі гаспадары ці мясц. майстры-саматужнікі. У 14—16 ст. М. палацаў і замкаў вызначалася масіўнасцю, прастатой прысадзістых форм. У аздабленні былі пашыраны нізкарэльефная разьба геам. і расл. характару, таніроўка ў цёмна-карычневы колер, паліраванне, акоўка. У 17—18 ст. пад уплывам барока М. набыла больш вытанчаныя формы, Яе аздаблялі высокарэльефнай і ажурнай разьбой расл. характару, размалёўкай. У многіх бел. гарадах працавалі цэхі майстроў-мэбельшчыкаў. У 2-й пал. 17 ст.бел. разьбяры і майстры-мэбельшчыкі Д.Паўлаў, П.Тарасаў, І.Дракула, К.Міхайлаў і інш. працавалі ў Маскве, дзе выраблялі для палацаў і храмаў шафы, крэслы, сталы, куфэркі, аздобленыя разьбой, размалёўкай, абіўкай аксамітам, акоўкай. З канца 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і дэкор М. сталі больш спакойнымі і ўраўнаважанымі. Шырока ўжываліся тачэнне, залачэнне, абіўка тканінамі, метал. літыя накладкі ў выглядзе маскаронаў, звярыных лап і інш. Нярэдка М. аздаблялі інкрустацыяй і мазаікай. Была пашырана садова-паркавая чыгунная М., зробленая на чыгуналіцейных з-дах. М. небагатых сядзіб і гар. жылля вызначалася большай прастатой, часта фарбавалася ў адзін колер (часцей у зялёны). У канцы 19 ст.нар. М. стала больш разнастайнай, пашырыліся сталы на ножках, куфры, шафы, канапы, ложкі, падвясныя паліцы, шафкі для посуду. Аздаблялі М. такарнымі накладкамі, прапілоўкай, размалёўкай і інш. Павялічылася колькасць рамеснікаў-мэбельшчыкаў, у многіх гарадах і мястэчках працавалі майстэрні, у Бабруйску — мэблевая ф-ка, у Гомелі, Магілёве, Давыд-Гарадку, в. Лахва Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. выраблялі М., плеценую з лазы, характар дэкору якой у канцы 19 — пач. 20 ст. вызначаўся рысамі стылю мадэрн. У 1920—30-я г. з’явілася секцыйная, камбінаваная, спецыялізаваная М. У 1950—60-я г. самаробная М. практычна выйшла з ужытку. Прадпрыемствы мэблевай прамысловасці ствараюць масавыя камплекты і унікальныя гарнітуры паводле матываў традыц.нар.М., узораў вядучых мэблевых фірм свету. Спецыялістаў па маст. праектаванні і канструяванні мэблі рыхтуюць Бел.АМ і Бел.тэхнал.ун-т. Сярод вядучых спецыялістаў у галіне дызайну М. — І.Харламаў, У.Макарэвіч, У.Гераўкер і інш.
Літ.:
Кес Д. Стили мебели. Будапешт, 1979;
Мигаль С.П. Основы проектирования мебели. Львов, 1989;
Да арт.Мэбля. А.Ш.Буль. Шафа. 2-я пал. 17 ст. Францыя.Да арт.Мэбля. Д.Ронтген. Вялікае бюро. 1783.Да арт.Мэбля. Куфар з в. Мокрая Дуброва Пінскага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Мэбля. Крэсла. Пач. 20 ст. Майстар Хмель з г.п. Мір Гродзенскай вобл.Да арт.Мэбля. Г.Голейн. Канапа «Мэрылін». 1981.