Крышталь І. Г. 8/152

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Крышталь І. Р. 8/208

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ КРЫШТА́ЛЬ,

мінерал, бясколерная празрыстая разнавіднасць нізкатэмпературнай мадыфікацыі кварцу — SiO2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Трапляецца ў пустотах і «крышталяносных скляпах» у пегматытах, у жылах гідратэрмальных і альпійскага тыпу ў выглядзе адзінкавых крышталёў, іншы раз друзаў. Вядомы крышталі горнага крышталю масай да 1 т і больш. Выкарыстоўваецца ў оптыцы, радыётэхніцы, вытв-сці шкла, ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, на Украіне, у Кітаі, Бразіліі, М’янме, Шры-Ланцы і інш.

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНЫ КРЫШТА́ЛЬ,

ідэалізаваная мадэль крышталя бясконцых памераў са строга перыядычным размяшчэннем атамаў, пазбаўленая дэфектаў. Адрозненне рэальных крышталёў ад І.к. звязана з канечнасцю іх памераў і наяўнасцю дэфектаў (вакансіі, дыслакацыі, міжвузельныя атамы, дамешкі і інш.). У рэальных крышталях пры т-ры, большай за т-ру 0 К, заўсёды ёсць некаторая колькасць дэфектаў, тэрмадынамічна раўнаважных з рашоткай. Найб. блізкія па будове да І.к. бездыслакацыйныя крышталі (напр., крэмній Si, германій Ge). Паняцце І.к. шырока выкарыстоўваецца ў крышталяграфіі і фізіцы цвёрдага цела.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХРАІ́ЗМ (ад грэч. dichroos двухколерны),

розная афарбоўка аднавосевых крышталёў, якім характэрна падвойнае праменепераламленне, пры праходжанні святла ўздоўж аптычнай восі і перпендыкулярна да яе. Напр., крышталь апатыту, які асветлены белым святлом, будзе светла-жоўтым, калі глядзець уздоўж восі, і зялёным — упоперак да яе; пры інш. напрамках назірання крышталь афарбаваны ў які-н. прамежкавы колер. Гл. таксама Плеахраізм.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ВІ́ННА-ГАРЭ́ЛАЧНЫ ЗАВО́Д «КРЫШТА́ЛЬ».

Засн. ў 1893 у Мінску як дрожджа-вінакурны з-д; выпускаў сухія дрожджы і спірт. У 1917—24 дзярж. спіртавы склад № 1 і гарэлачны з-д, у 1925—37 спірта-гарэлачны, у 1937—41 лікёра-гарэлачны з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, пасля вайны адноўлены як лікёра-гарэлачны з-д. З далучэннем у 1958 віннага і ў 1959 дражджавога з-даў — дрожджа-вінны камбінат. У 1964—70 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Крышталь», у 1972—76 спірта-гарэлачны камбінат «Крышталь». З 1986 уваходзіць у вытв. аб’яднанне «Мінсккрухмалпрам». Асн. прадукцыя (1999): гарэлка збожжавая, каньяк, лікёр, аперытывы, настойкі горкія, крухмал. Мае 7 філіялаў і 23 фірменныя магазіны.

т. 10, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕРСІ́ЙНЫЯ ФІ́ЛЬТРЫ,

аптычныя прылады, якія прапускаюць параўнальна вузкі ўчастак спектра выпрамянення і прынцып дзеяння якіх заснаваны на выбіральным рассеянні святла. Існуюць Д.ф. з кампанентаў крышталь—вадкасць, крышталь—паветра, а таксама з розных крышт. матэрыялаў, палімераў і інш.

Паказчыкі пераламлення 2 кампанентаў Д.ф. аднолькавыя для некаторай частаты святла ω0, таму пасля праходжання праз такую сістэму святло становіцца амаль монахраматычным (частата, блізкая да ω0). Светлавыя пучкі іншых частот (ω ≠ ω0) рассейваюцца. На Беларусі ў 1970-я г. ў Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам М.​А.​Барысевіча распрацаваны Д.ф., двума кампанентамі якіх з’яўляюцца крышт. матэрыялы або палімеры. Д.ф. крышталь—крышталь маюць высокую мех. трываласць і кантрастнасць; спектральныя характарыстыкі ў іх стабільныя ў шырокім інтэрвале т-р, адсутнічаюць пабочныя палосы прапускання, параўнальна простая тэхналогія вырабу. Выкарыстоўваюцца ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, плазмавай фотаметрыі, піраметрыі, біялогіі, медыцыне, астрафізіцы, метэаралогіі.

Літ.:

Борисевич Н.А., Верещагин В.Г., Валидов М.А. Инфракрасные фильтры. Мн., 1971;

Верещагин В.Г. Рассеяние излучения в средах с высокой объемной концентрацией // Распространение света в дисперсной среде. Мн., 1982.

В.​Р.​Верашчагін.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГНЕТАЭЛА́СТЫК, фераэластык,

дыэлектрычны монакрышталь, асобныя вобласці якога (сегнетаэластычныя дамены), адрозніваюцца спантаннай (самаадвольнай) дэфармацыяй крышталічнай рашоткі. Такая дэфармацыя ўзнікае пры зніжэнні т-ры ў выніку фазавага пераходу з зыходнай (параэластычнай) фазы ў менш сіметрычную сегнетаэластычную фазу.

С. у сегнетаэластычнай фазе з’яўляецца мех. аналагам сегнетаэлектрыкаў і ферамагнетыкаў. крышталь разбіваецца на дамены з аднолькавай арыентацыяй спантаннай дэфармацыі; знешняе мех. напружанне можа зрушаць межы даменаў, пераводзіць крышталь з полідаменнага стану ў монадаменны, пераключаць крышталь з аднаго монадаменнага стану ў другі. Пры гэтым залежнасць дэфармацыі ад знешняга напружання мае выгляд пятлі гістэрззісу. Некат. С. адначасова з’яўляюцца сегнетаэлектрыкамі (напр., сегнетава соль, дыгідрафасфат калію). С. выкарыстоўваюцца пры стварэнні кіроўных ліній затрымкі, акустаэл. і акустааптычных прылад апрацоўкі, мадуляцыі і фільтрацыі сігналаў, а таксама ў розных пераўтваральніках і прыводах.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛІ́ЧНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,

прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў; цвердацелая іанізацыйная камера. Прынцып дзеяння К.л. заснаваны на ўзнікненні пад уздзеяннем выпрамяненняў прыкметнай электраправоднасці дыэлектрыкаў. Пры праходжанні праз крышталь (напр., сульфіду кадмію) іанізавальныя часціцы выклікаюць у ім утварэнне носьбітаў зараду (электронаў і дзірак), якія пад уздзеяннем знешняга эл. поля рухаюцца да адпаведных электродаў. Асобная іанізавальная часціца выклікае ў ланцугу К.л. кароткачасовы імпульс, які пасля ўзмацнення рэгіструецца лічыльнай прыладай. Гл. таксама Паўправадніковы дэтэктар.

Блок-схема крышталічнага лічыльніка 1, 3 — электроды; 2 — крышталь; 4 — узмацняльнік; 5 — рэгістравальная апаратура.

т. 8, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мінскі спірта-гарэлачны камбінат «Крышталь» 12/681

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)