«КРУТУ́ХА»,

бел. нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. У працэсе танца 2 юнакі і 2 дзяўчыны бяруцца накрыж за рукі ці кладуць іх адзін аднаму на плечы і ідуць па крузе, падскокваючы, прытупваючы і прыпяваючы. Сцэн. варыянт «К.» ўвайшоў у рэпертуар харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У працы «Люд беларускі» М.​Федароўскага змешчаны запісы мелодыі танца «Круцёлка» і прыпеўка да яго, зробленыя ў канцы 19 ст. на Гродзеншчыне, аднак з-за адсутнасці харэаграфічнага апісання нельга меркаваць, ці быў ён ідэнтычны «К.».

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІК (Ала Львоўна) (н. 1.8.1952, Мінск),

бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1973). З 1973 салістка эстрады Бел. філармоніі, з 1974 — харэагр. ансамбля «Харошкі», у 1976—94 — Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Яе творчасці ўласцівы характарнасць і артыстызм. Выконвала сола ў вял. харэагр. пастаноўках («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца») і ў сюжэтных, пераважна жартоўных, танцах-сцэнках («Ах, якая я Ганулька», «Зязюля», «Паўлінка», «Полька-Янка», «Прысюды», «Закадычныя сяброўкі», «Таўкачыкі», «Крутуха» і інш.).

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1959 у Мінску. Уключае балетную трупу і аркестр. Першыя маст. кіраўнікі А.Апанасенка (1959—71) і С.Дрэчын (1971—73), з 1986 В.Дудкевіч; кіраўнік аркестра С.Хвашчынскі (з 1991). У рэпертуары больш за 100 пастановак: танцы і харэаграфічныя кампазіцыі, створаныя на аснове бел. танц. фальклору («Лявоніха», «Лянок», «Весялуха», «Мяцеліца», «Перапёлачка», «Каханачка», «Маталіха», «Полька-Янка», «Крыжачок», «На Купалле», «Беларуская рапсодыя», «Неглюбскія вячоркі», «Спеў дубраў», «Арэлі», «Церніца»), фальклору інш. народаў, сюжэтныя пастаноўкі («Беларуская партызанская», «Сінявокая і неўміручая», «Полечка-поле», «Хатынь», «Вечарына»), праграма «Карагод сяброў», гумарыстычныя сцэнкі («Крутуха», «Дырыжор аркестра» і інш.). У сваіх інтэрпрэтацыях бел. нар. танцаў ансамбль імкнецца захаваць іх характэрнасць, лёгкасць, зграбнасць рухаў, вынаходлівасць харэаграфічнага малюнка. Сярод артыстаў (1997) М.Ліпчык (баян). У розны час у ансамблі працавалі маст. кіраўнікі Г.Маёраў, В.​Бутрымовіч, балетмайстры Г.Мартынаў, Я.Штоп, артысты балета М.Апанасенка, Г.Белавусава, С.Вуячыч, А.Гарэлік, І.Цюрын, кіраўнік аркестра У.​Багадайка.

т. 6, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯВО́НІХА»,

бел. нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.​Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.​Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.​Крошнера і «Князь-возера» В.​Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз. танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.

І.​Дз.Назіна.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬКА (чэш. polka ад půlka палавіна),

бел. нар. танец чэш. паходжання. Муз. памер ​2/4. Выконваецца па крузе ў парах. Асноўны рух — паўкрокі з паваротам, якія ўпрыгожваюцца разнастайнымі дробнымі па (падскокамі, прысядкай, прытупамі, выстаўленнем нагі на пятку і інш.). У 1840-я г. быў пашыраны ў Еўропе як бальны танец. У розных рэгіёнах узнікалі лакальныя варыянты П., якія асіміляваліся з мясц. харэагр. фальклорам і станавіліся народнымі. Лёгкасць пранікнення П. ў бел. харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасцю яе да нац. танц. традыцый (2-дольнасць метра, хуткі тэмп, прастата рухаў і кампазіцыйнай будовы, жыццярадасны настрой). Бытуе ў мностве муз., харэагр. і тэкставых (у выглядзе прыпевак) разнавіднасцей. У назвах бел. П. адлюстраваны тэрыторыя пашырэння («Барысаўская», «Смаргонская», «Віцябчанка»), асаблівасці харэагр. будовы («Рассыпуха», «Вязанка»), характар лексікі і выканання («Трасуха», «Крутуха», «Ківуха», «З прысюдамі», «Драбней маку», «Паважна», «Какетка»), эмац. (гумарыстычны) настрой («Шэльма», «Расцяпа», «Гопсясюся», «Злодзей»), звычкі і рухі жывёл і з’явы прыроды («Зайчык», «Чыжык», «Дожджык»), імёны дзейных асоб («Альбіна», «Янка»), назвы старадаўніх танцаў, з якімі злілася П. («Трасуха», «Мазур-полька») і інш.

Ю.​М.​Чурко.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)