ДЗІ́КЕНС ((Dickens) Чарлз) (7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя матэрыялы (вырабы) каменепадобнай будовы і зробленыя з іх канструкцыйныя элементы (будаўнічыя канструкцыі). Шырока выкарыстоўваюцца для ўзвядзення і аддзелкі жылых, грамадскіх і прамысл. будынкаў, пры буд-ве дарог, гідратэхн., інж. і інш. збудаванняў.
Каменныя матэрыялы бываюць прыродныя (атрымліваюць з гранітаў, базальтаў, пясчанікаў і інш. горных парод мех. апрацоўкай або без яе) і штучныя (вырабляюць з мінер. сыравіны). Асн. разнавіднасці прыродных матэрыялаў: пясок і жвір (атрымліваюць прасейваннем і прамыўкай рыхлых парод); друз, каменныя крошка і мука, мінер. парашкі (атрымліваюць драбленнем і размолваннем горных парод); бутавы камень, шашка для брукавання (атрымліваюць выбуховым спосабам і расколваннем вапняку, пясчаніку і інш. асадкавых парод); пілаваныя камяні, блокі (атрымліваюць выпілоўваннем каменярэзнымі машынамі з лёгкіх горных парод); абліцовачныя камяні, пліты, брусчатка, бартавы камень, арх. фасонныя вырабы і дэталі (атрымліваюць распілоўваннем, расколваннем, шліфоўкай скальных парод у працэсе каменеапрацоўкі; гл. таксама Абліцовачныя матэрыялы). Штучныя каменныя матэрыялы атрымліваюць тэхнал. перапрацоўкай горных (пераважна асадкавых) парод ці адходаў прамысл. вытв-сці. Гэта бетон, жалезабетон, цэгла, будаўнічая кераміка, многія вогнетрывалыя матэрыялы, гіпсавыя і гіпсабетонныя вырабы, прадукты каменнага ліцця, шкло і шкляныя вырабы, сіталы і шклосіталы, цеплаізаляцыйныя матэрыялы, будаўнічыя растворы і інш. Каменныя матэрыялы выкарыстоўваюцца як запаўняльнікі пры вытв-сці асфальта- і цэментабетонаў і як сыравіна ў вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу. Каменныя канструкцыі бываюць нясучыя і агараджальныя: фундаменты, сцены, аркі, скляпенні, перакрыцці, слупы, перамычкі, дымавыя трубы і інш. Яны даўгавечныя, вогнеўстойлівыя, архітэктурна выразныя, могуць вырабляцца з мясц.буд. матэрыялаў. Вядомыя са старажытнасці (гл.Архітэктура). Для муравання выкарыстоўваюць гліняную і сілікатную цэглу, керамічныя і бетонныя камяні і блокі (суцэльныя і пустацелыя; гл.Бетонныя вырабы і канструкцыі), камяні з вапняку, пясчаніку, туфу, ракушачніку, буйныя блокі са звычайнага (цяжкага), сілікатнага і лёгкага бетону (гл.Буйнаблочныя канструкцыі).Асн. недахопы каменных канструкцый — вял. маса і недастатковая трываласць на расцяжэнне і выгін, значная працаёмістасць каменных работ. Для павышэння трываласці муроўкі і змяншэння яе масы выкарыстоўваюць комплексныя (узмоцненыя жалезабетоннымі элементамі) і армакаменныя канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЕ ШКЛОмастацкае,
вырабы са шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манум.-дэкар. мастацтва) шклозавода «Нёман». Традыцыі Н.ш. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Малодзіна (цяпер г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.). Посуд і прадметы раскошы (маст. шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я г. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэш. шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на бел. дыванах пач. 20 ст. У 1940 — сярэдзіне 1950-х г. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геам. і зрэдку расл. арнаментам. З 1956 на з-дзе працуюць прафес. мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку маст. шкла. Н.ш. гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкар. вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я г. распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўл. і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні маст. вобразаў. У 1980-я г. створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання. Сучаснае Н.ш. характарызуецца разнастайнасцю маст. стылістыкі і тэхнік формаўтварэння (гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання — халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя). Сярод вядучых мастакоў Н.ш. — А.Анішчык, К.Вакс, В.Дзівінская, У.Жохаў, Г.Ісаевіч, Т.Малышава, У.Мурахвер, Л.Мягкова, С.Раўдвеэ, В.Сазыкіна, Г.Сідарэвіч, Федаркоў і інш.
Літ.:
Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984.