МІЦЭ́ЛЫ (лац. micella памяншальнае ад mica крошка, крупінка),

сальваціраваныя часцінкі дысперсных фаз у калоідных сістэмах. Складаюцца з ядра — складанага комплексу з многіх тысяч атамаў, малекул ці іонаў дысперснай фазы, і процііонаў, якія абкружаюць ядро і ўтвараюць падвойны электрычны слой. Колькасць дадатных і адмоўных зарадаў у гэтым слоі аднолькавая, таму М. ў адрозненне ад часцінак — электранейтральныя. Сярэдні памер М. 10​−3—10​−7см.

Ліяфільныя мікрагетэрагенныя сістэмы, у якіх дысперснай фазай з’яўляюцца М. паверхнева-актыўных рэчываў, размеркаваныя ў вадкім дысперсійным асяроддзі наз. міцэлярнымі сістэмамі. Наяўнасцю М. абумоўлена мыйнае дзеянне такіх сістэм (напр., водных раствораў мылаў). Міцэлярныя сістэмы выкарыстоўваюць для рэгулявання змочвання, стабілізацыі пен, эмульсій, суспензій. Гл. таксама Залі.

У.С.Камароў.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)