Крамянецкі павет 3/236

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАВІЦІ́НАВІЧЫ, Багавіціны,

шляхецкі род герба «Корчак» у ВКЛ. Найб. вядомыя:

Багавіцін (?—?), заснавальнік роду. Упершыню згадваецца ў 1431 сярод прыхільнікаў вял. князя ВКЛ Свідрыгайлы, магчыма, служыў яму і ў 1440-я г. Меў сыноў Льва, Богуша і Пятра.

Леў (?—?), сын Багавіціна, пісар каралеўскі (1481), ключнік берасцейскі (1487), чашнік літоўскі (1501), намеснік крамянецкі (1502). Галіна Льва скончылася на яго сынах Івану, Багдану і Багавіціну ў 1520-я г.

Богуш (?—?), сын Багавіціна, пісар каралеўскі (1500). Меў сыноў Богуша, Міхала, Воіна, Яна.

Богуш Міхал (?—1503), сын Богуша, пісар літоўскі (1508), намеснік жыжморскі, слонімскі і крамянецкі, маршалак літоўскі (1511), падскарбі земскі (1520).

Я н (?—1551), сын Богуша, староста карнялаўскі (1527), драгіцкі (1542), крамянецкі (1548), маршалак каралеўскі (1546). У дакументах 16 ст. згадваецца каля 20 прадстаўнікоў роду Багавіцінавічаў, якія займалі розныя павятовыя пасады ў Берасцейскім і Валынскім ваяводствах, у тым ліку Вацлаў, пасол соймавы (1589), Андрэй, стольнік валынскі (1596), Міхаіл, маршалак берасцейскі і інш.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РЦАЛЬ (Worcell) Станіслаў Габрыэль

(26.3.1799, с. Сцяпань Ровенскай вобл., Украіна — 3.2.1857),

польскі рэвалюцыянер-дэмакрат, сацыяліст-утапіст. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Вялікабрытанію. У 1835 адзін з арганізатараў (пазней гал. ідэолаг) грамады «Грудзёндз», што ўваходзіла ў склад арг-цыі «Люд польскі». У 1840 разам з І.Лялевелем удзельнічаў у стварэнні арг-цыі «Аб’яднанне польскай эміграцыі», якая выступала за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля Кракаўскага паўстання 1846 большасць чл. «Аб’яднання», у т. л. і Ворцаль, уступіла ў Польскае дэмакратычнае таварыства (ПДТ). У 1847 выбраны ў кіруючы орган ПДТ «Цэнтралізацыя». Філас. і грамадскія погляды Ворцаля сфарміраваліся пад уплывам франц. сацыяліст. думкі, гал. чынам сен-сіманізму. У працы «Аб уласнасці» (1854) выклаў сваё ўяўленне пра ідэальнае грамадства, у якім прыватную ўласнасць замяняла калектыўная, знікала разыходжанне паміж інтарэсамі асобы і грамадства. Ідэі Ворцаля паўплывалі на светапогляд рэвалюцыянераў-дэмакратаў, у т. л. В. і К.Каліноўскіх.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАГЛА́СНІКІ,

уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў, пашыраныя ў 16—19 ст. на Беларусі і Украіне ў рукапісным і друкаваным выглядзе. Прызначаліся для спявання ў час богаслужэнняў, хрэснага ходу і дома на святы. Уключалі бел. і ўкр. духоўныя псальмы і канты, лац. гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі і інш. Большасць багагласнікаў мела аднолькавую структуру: 1-я частка ўключала песні, прысвечаныя асн. царк. святам, пакутам Ісуса, некаторым тыдням царк. календара, «цудатворным» абразам; 2-я — святам, што звязаны з Багародзіцай; 3-я — апосталам і пакутнікам; 4-я змяшчала пакаянныя і замілавальныя песнапенні. Паэтычная і муз. аснова ідзе ад жыцій святых, грэч. духоўных песень, усх.-слав. нар. песень, каталіцкіх і правасл. гімнаў і харалаў. Большасць кантаў і псальмаў узята з бел. і ўкр. узораў кантавай культуры 16—17 ст. Выкладаліся яны 1-, 2-, 3-, 4- і 5-галосна. Ёсць звесткі пра існаванне вял. колькасці рукапісных багагласнікаў, сярод іх багагласнік, што зберагаўся ў Богаяўленскім манастыры, жыровіцкі багагласнік 17 ст., супрасльскія багагласнгікі 18 ст. (адзін з іх зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы). Найб. ранні друкаваны багагласнік, што дайшоў да нашага часу, выдадзены ў 1790 у Пачаеве (цяпер Крамянецкі р-н Цярнопальскай вобл., Украіна) на царк.-слав., лац. і польск. мовах са значнай колькасцю беларусізмаў і ўкраінізмаў, стаў асновай багагласніка 19 — пач. 20 ст., што друкаваліся ў Пецярбургу, Кіеве, Львове, Вільні, Гродне. Багагласнікі — каштоўныя помнікі самабытнай, інтэрнац. па сваіх вытоках, народнай у аснове кантавай культуры.

Л.П.Касцюкавец.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯВЕ́ЦКІЯ, Карыбут-Вішнявецкія,

княжацкі род герба «Карыбут» у ВКЛ і Польскім каралеўстве. Сваё паходжанне выводзілі ад Карыбута, сына вял. князя ВКЛ Альгерда. Больш верагодна, што паходзілі ад князёў Нясвіцкіх з Валыні. Родапачынальнік кн. Міхайла Васілевіч Збаражскі (? — пасля 1516) валодаў замкам Вішнявец (адсюль прозвішча) у Крамянецкім пав. на Валыні. Вішнявецкім належалі вял. зямельныя ўладанні на Украіне і Беларусі, у т. л. Брагінская воласць (з 1509). У 16 ст. Вішнявецкія падзяліліся на 2 галіны: старэйшую [пайшла ад старосты прапойскага, чачэрскага і варнянскага кн. Івана Міхайлавіча (? — 1542)] і малодшую [пайшла ад старосты рэчыцкага князя Аляксандра Міхайлавіча (? — 1555)]. Першая галіна ў мужчынскім родзе згасла ў 1744, другая — у 1673. Найб. Вядомыя:

Дзмітрый Іванавіч (? — 1563), гл. Вішнявецкі Дз.І. Адам Аляксандравіч (? — 1622), уладальнік Брагіна, дзе ў 1601—03 знаходзіўся Лжэдзмітрый І, які абвясціў сябе царэвічам Дзмітрыем. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя І і Лжэдзмітрыя II на Маскву. Канстанцін Канстанцінавіч (1564—1641), ваявода белзскі (1636), рускі (1638), староста чаркаскі (1623) і крамянецкі. Пазнаёміў Ілжэдзмітрыя І са сваім сваяком Юрыем Мнішкам. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя (1604—05) і каралевіча Уладзіслава (1617—18) на Маскву. Іерамія Міхал Міхайлавіч (1612—20.8.1651), ваявода рускі (1646), староста гадзяцкі, канеўскі, пшэмыскі. Адзін з буйнейшых магнатаў на Украіне. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Выступаў супраць цэнтралізацыі ўлады ў Рэчы Паспалітай. Патрабаваў ад караля рашучых дзеянняў па задушэнні вызв. вайны 1648—51 на Украіне, у выніку якой страціў большасць сваіх маёнткаў. На пачатку вызв. вайны на Украіне фактычна ўзначаліў процідзеянне паўстанцам-казакам і сялянам. Міхал (31.7.1640—10.11.1673), кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1669—73]. Гл. Міхал Вішнявецкі. Януш Антоній (1678—18.1.1741), староста пінскі, падчашы ВКЛ (1697), маршалак надворны ВКЛ (1699), кашталян (1702) і ваявода (1704) віленскі, ваявода (1706) і кашталян (1726) кракаўскі. Міхал Сервацы (13.5.1680—16.9.1744), брат Януша Антонія, гетман польны ВКЛ (1702—03, 1707—35), гетман вялікі ВКЛ (1703—07, з 1735), кашталян (1703—06) і ваявода (1706—07, з 1735) віленскі, канцлер ВКЛ (з 1720), рэгіментар войска ВКЛ (1730). Пісьменнік і паэт. Апошні мужчына ў родзе Вішнявецкіх.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)