ЧА́ЦКІ (Czacki) Тадэвуш (28.8.1765, в. Паўлаўка Іванічаўскага р-на Валынскай вобл., Украіна — 8.2.1813),
польскі гісторык, дзеяч асветы і навукі на тэр. ВКЛ. Атрымаў дасканалую хатнюю адукацыю. Па даручэнні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўпарадкаваў частку прыватнага каралеўскага архіва і Кароннай метрыкі. У 1786—92 чл. Кароннай скарбовай камісіі. Ініцыятар складання гідраграфічнай карты Польшчы і ВКЛ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) адзін з гал. арганізатараў асветы і навукі на землях, далучаных да Рас. імперыі, адзін з заснавальнікаў Т-ва аматараў навук у Варшаве (1800). З 1805 візітатар школ Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губ., заснаваў Крамянецкі ліцэй (з Г.Калантаем), ганаровы чл. Віленскага ун-та. У 1807 і 1808 арыштаваны па падазрэннях у антыўрадавай дзейнасці. Як гісторык належаў да «школы Нарушэвіча», у гіст. навуцы эпохі Асветніцтва прадстаўляў манархічную плынь. Першы пачаў даследаваць Статут ВКЛ 1529 (адкрыў і вывучаў яго Пулаўскі спіс). Гал. крыніцу Статутаў ВКЛ бачыў у звычаях паўн. народаў і германцаў, крытыкаваў погляды, быццам права ВКЛ грунтуецца на рымскім праве. Аўтар шматлікіх твораў па эканоміцы, гісторыі і праве, у т. л. «Аб дзесяцінах у свеце, а падрабязней у Польшчы і Літве» (1801), «Аб яўрэях», «Аб камісіі адукацыі ў Літве» (абодва 1807), «Аб манетнай справе ў Польшчы і Літве» (нап. 1810). Ініцыятар збірання нар. песень і паданняў, у якіх бачыў крыніцу для вывучэння дахрысціянскай Польшчы і Літвы.
В.С.Пазднякоў.
т. 17, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)