МАНТО́ЎТЫ (Мантоўтавічы),

шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — літ. баярын Мантоўт (у хрышчэнні Аляксандр), верагодны родзіч Бутрыма, які ў час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 прыняў герб «Тапор». У 1422—35 Мантоўт быў старостам салечніцкім (пасля атрымаў Салечнікі ад вял. кн. ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ва ўласнасць), у 1440 староста эйшышкскі. Найб. вядомыя М.: Міхал (?—1486), сын Мантоўта, староста луцкі ў 1463—75, намеснік новагародскі і маршалак гаспадарскі ў 1482, кашталян трокскі з 1483. Узначальваў раду вял. кн. Жыгімонта. Меў маёнткі на Украіне, Жырмуны каля Ліды, Шарсцін у Гомельскай вол. Юрый (?—1508), сын Міхала, староста крамянецкі ў 1502—05, ваявода кіеўскі з 1507.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)