КЛАС ((Klas) Эры) (н. 7.6.1939, Талін),
эстонскі дырыжор. Нар. арт. Эстоніі (1978), Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1964, клас Г.Эрнесакса). З 1965 дырыжор, з 1975 гал. дырыжор т-ра оперы і балета «Эстонія» ў Таліне. З 1985 адначасова гал. дырыжор Шведскай каралеўскай оперы ў Стакгольме, у 1989—91 дырыжор Фінскай нац. оперы. Пад кіраўніцтвам К. пастаўлены оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, «Трубадур», «Травіята», «Луіза Мілер» Дж.Вердзі, «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна, «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча, «Жалезны дом» Э.Тамберга, балеты «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага, «Жызэль» А.Адана, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Цудоўны мандарын» Б.Бартака і інш. Дзярж. прэмія Эстоніі 1985.
т. 8, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАС (ад лац. classis разрад, група),
1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.
2) Буйная сац. група людзей, гл. Класы сацыяльныя.
3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл. Клас у біялогіі.
4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.
5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.
6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.
7) У некаторых спец. навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.
т. 8, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ КЛАС,
адзін з асн. класаў сацыяльных сучаснага грамадства, які заняты непасрэдна прадукцыйнай працай, працуе па найму на прадпрыемствах рознай формы ўласнасці і атрымлівае асн. даход ад выкарыстання ўласнай рабочай сілы. У Еўропе пачаў фарміравацца ў канцы 15 — пач. 16 ст. У Англіі гэты працэс быў звязаны з т. зв. першапачатковым накапленнем капіталу — абеззямельваннем сялян, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы, што стала асновай для развіцця мануфактуры, а пасля і буйной машыннай вытв-сці. У сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі налічвалася 4,1 млн. прамысл. рабочых, у Францыі — 2,5 млн., у ЗША — 1,4 млн. У пач. 20 ст. колькасць Р.к. ва ўсім свеце дасягнула 70 млн., у пач. 21 ст. — больш за 700 млн. чал. У СССР і інш. былых сацыяліст. краінах Р.к. быў абвешчаны гегемонам — кіруючай сілай грамадства (дыктатура пралетарыяту). У 20 ст. пад уплывам радыкальных сац.-паліт. абставін і навукова-тэхнічнага прагрэсу ў Р.к. высокаразвітых краін адбыліся значныя змены. Высокакваліфікаваныя рабочыя па характары працы і сваім сац. статусе наблізіліся да інтэлігенцыі. Многія рабочыя атрымліваюць высокую заработную плату, з’яўляюцца ўладальнікамі акцый прадпрыемстваў. Калектыўныя дагаворы строга рэгламентуюць узаемаадносіны паміж наймальнікамі і рабочымі, гарантуюць апошнім прававую і сац. бяспеку. Паводле ацэнкі некаторых зах. даследчыкаў у постіндустрыяльным грамадстве Р.к. страчвае ролю асн. прадукц. сілы грамадства і гал. сілы гіст. працэсу. Сучасныя рабочыя складаюць большасць занятых у гандлі, сферы паслуг, многія з іх тэхн. спецыялісты, частка работнікаў бюро, кантор і інш.
На Беларусі Р.к. пачаў фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адмены прыгоннага права. У 1913 рабочыя прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці Беларусі складалі 57 тыс. чал. Фабрычна-заводскімі цэнтрамі былі Віцебск, Гродна, Мінск. Сацыяльна новы Р.к. у БССР сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў працэсе індустрыялізацыі краіны. У 1922 ён складаў 98 тыс., у 1940—724 тыс., у 1990—2900 тыс. чал. Р.к. станавіўся ўсё больш адукаваным і свядомым, адыгрываў важную ролю ў эканам. і паліт. жыцці дзяржавы. У 2000 на Беларусі 4,5 млн. чал. занятага насельніцтва (44,6% ад агульнай колькасці насельніцтва), пераважную большасць якога складаюць рабочыя прам-сці, лясной гаспадаркі, буд-ва і інш. галін нар. гаспадаркі.
Літ.:
Марченко И.Е. Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;
Панютич В.П. Из истории формирования пролетариата Белоруссии, 1861—1914 гг. Мн., 1969;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1—4. Мн., 1984—87;
Рабочий класс и мировое развитие: Этапы борьбы. М., 1987.
Т.І.Адула.
т. 13, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬЦЮКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (н. 26.11.1956, пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас фп. Р.Шаршэўскага; 1987, клас кампазіцыі Я.Глебава). У 1982—89 заг. муз. часткі Бел. т-ра юнага гледача. Працуе ў розных муз. жанрах і стылявых кірунках (ад класіка-рамантычных да сучасна-авангардных). Сярод твораў: кантаты «Начны матылёк», «Святло сонца», для хору а капэла «Вандроўнікі», «Забыты Богам край» (1987—95); «Усяночная», містэрыя «Благаславі нас, Божа» (1995, з А.Залётневым); З сімфоніі: 1-я «Гравюры» (1990), 2-я «Са званамі» (1994), 3-я (1995); Канцэрт для габоя і камернага арк.; «Капрычыо» для флейты і камернага арк.; «Сумнае прынашэнне Моцарту» для флейты, фп. і струннага арк.; камерна-інстр. творы («Стронцый-90», «Музыка для габоя і магнітнай стужкі»); рамансы на вершы М.Багдановіча і Б.Ахмадулінай; музыка да кінафільмаў «Францыск Скарына», «Тутэйшыя», «Язэп Драздовіч», «Полацкая жамчужына» і інш. і драм. спектакляў (больш за 30).
Э.А.Алейнікава.
т. 3, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕВАНЕ́Ц (Аляксандр Васілевіч) (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.Някрасава (1981), апрацоўкі бел. нар. песень.
Э.А.Алейнікава.
т. 8, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТО́НЫ,
клас арган. злучэнняў, малекулы якіх маюць карбанільную групу >C=O, звязаную з двума вуглевадароднымі радыкаламі. Адрозніваюць К. сіметрычныя (група >C=O звязана з аднолькавымі радыкаламі; напр., CH3COCH3 ацэтон), несіметрычныя (з рознымі радыкаламі; напр., CH3COC2H5 метылэтылкетон ці 2-бутанон), цыклічныя (з карбанільнай групай у кальцы; напр., цыклагексанон). Асобны клас складаюць цыклічныя ненасычаныя дыкетоны — хіноны.
Ніжэйшыя аліфатычныя К. — вадкасці з характэрным пахам, вышэйшыя (у малекуле больш за 11 атамаў вугляроду) — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках, ніжэйшыя — і ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей аналагічныя альдэгідам. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем алканаў і алефінаў кіслародам, дэгідрыраваннем ці акісленнем другасных спіртоў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, экстрагенты; для сінтэзу палімераў, пестыцыдаў, фотаматэрыялаў, лек. і пахучых рэчываў і інш.
А.І.Валожын.
т. 8, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРСАЛА́ДЗЕ (Элісо Канстанцінаўна) (н. 14.9.1942, Тбілісі),
грузінская піяністка. Нар. арт. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966, клас А.Вірсаладзе), З 1959 салістка Тбіліскай, з 1977 — Маскоўскай філармоній. З 1967 выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі. Глыбокі і тонкі інтэрпрэтатар твораў В.А.Моцарта. У рэпертуары таксама творы кампазітараў-рамантыкаў. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Р.Шумана (Цвікаў, ГДР, 1966), імя П.І.Чайкоўскага (1962, Масква), Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1966). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.
т. 4, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАСНАБЯСКРЫ́ЛЫЯ,
група найб. прымітыўных (ніжэйшых) насякомых. Раней класіфікаваліся як падклас з 4 атрадамі. Паводле сучаснай класіфікацыі атр. бязвусікавых насякомых, двуххвостак і нагахвостак вылучаюць у асобны клас скрытасківічных насякомых (Insecta-Entognatha), а атр. шчацінахвостак адносяць да класа адкрытасківічных, або сапраўдных, насякомых (Insecta-Ectognatha) і вылучаюць у асобны раздзел — насякомыя-аптэрыготы, або П. (бяскрылыя насякомыя).
С.Л.Максімава.
т. 12, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГЕ́ЙТЭР, Дэжэйтэр (Degeyter) П’ер (8.10.1848, г. Гент, Бельгія — 27.9.1932), французскі кампазітар. Рабочы, удзельнік рэв. руху. Захапляўся музыкай, спяваў у хоры, кіраваў хар. гурткамі. Аўтар музыкі міжнар. пралетарскага гімна «Інтэрнацыянал» на вершы Э.Пацье (1888; напісаны для пеўчага т-ва «Рабочая ліра» ў г. Ліль), а таксама рэв. песень «Камунар» (словы Пацье), «Наперад, рабочы клас», «Серп і молат» (словы Д.) і інш.
т. 6, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)