КЛАС ((Klas) Эры) (н. 7.6.1939, Талін),

эстонскі дырыжор. Нар. арт. Эстоніі (1978), Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1964, клас Г.Эрнесакса). З 1965 дырыжор, з 1975 гал. дырыжор т-ра оперы і балета «Эстонія» ў Таліне. З 1985 адначасова гал. дырыжор Шведскай каралеўскай оперы ў Стакгольме, у 1989—91 дырыжор Фінскай нац. оперы. Пад кіраўніцтвам К. пастаўлены оперы «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, «Трубадур», «Травіята», «Луіза Мілер» Дж.​Вердзі, «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна, «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча, «Жалезны дом» Э.​Тамберга, балеты «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага, «Жызэль» А.​Адана, «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева, «Цудоўны мандарын» Б.​Бартака і інш. Дзярж. прэмія Эстоніі 1985.

т. 8, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)