Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),
язычковы пнеўматычны клавішнымуз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец.муз.навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-камуз. інструментаў.
Літ.:
Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ШУЧАЯ МАШЫ́НКА, друкавальная машынка,
прылада для друкавання тэкставых, таблічных і лічбавых матэрыялаў паслядоўным нанясеннем на паперу адбіткаў літар, лічбаў і інш. знакаў.
Сканструявана К.Шолсам (ЗША) у 1867. У Расіі арыгінальную мадэль П.м. прапанаваў М.І.Алісаў у 1870. Падзяляюцца на канцылярскія (стандартныя), спецыяльныя (для друкавання нот, рэльефных знакаў азбукі Брайля для сляпых, стэнаграфічныя і інш.). Бываюць з ручным і эл. прыводам. Друкаванне праводзіцца пры дапамозе клавіятуры з 42—46 клавішаў, якія маюць 2 друкарскія знакі (вялікая і малая літары) на кожным рычагу. Эл. П.м. выкарыстоўваюцца таксама для ўводу і вываду алфавітна-лічбавай інфармацыі ў ЭВМ (гл.Друкавальная прылада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),
ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст.найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар.муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВІКО́РД (позналац. clavichordium ад лац. clavis ключ + грэч. chordē струна),
струнны ўдарны клавішнымуз. інструмент. Клавіятура размешчана ўнутры плоскай прамавугольнай скрынкі розных памераў ад малых (актаўных) да параўнальна вялікіх (даўж. да 1,5 м). На канцы кожнай клавішы прымацаваны метал. штыфт з плоскай галоўкай — тангент, які пры націсканні клавішы ўдарае па струне. Гук К. пяшчотны, цёплы, ціхі, але выразны, дыяпазон 1—5 актаў. Выкарыстоўваўся звычайна для камернага музіцыравання. Быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах. У л-ры ўпамінаецца з 15 ст. На пач. 19 ст. К. выцеснены фартэпіяна.
На Беларусі ўпамінанні пра К. адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю капэл у Гродне (клавікардысты Е.Баркоўскі, М.Гжанкоўскі, Б.Карчміт, Д.Пташынскі, Б.Сітанскі, Ю.Ярмаковіч; навучанне дзяўчынак ігры на К. вялося ў мясц.тэатр. школе) і Слоніме (Д.Грабенбаўэр, паводле кантракта з М.К.Агінскім, абавязваўся арганізаваць «школу сістэматычнага навучання пэўных асоб на клавікордах»). К. выкарыстоўваўся ў аркестры ў Будславе (Мядзельскі р-н; 1837). К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха (пач. 19 ст.). У 20 ст. выкарыстоўваецца пры выкананні старадаўняй музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВЕСІ́Н (франц. clavecin ад позналац. clavicymbalum ад лац. clavis ключ + cymbalum цымбалы),
чэмбала, струнны шчыпковы клавішнымуз. інструмент. Бліскучы, адрывісты, хутка затухаючы гук здабываюць плектрам з птушынага пяра ці скуры, які пры націсканні клавішы чапляецца за струну. Дынаміка і тэмбр змяняюцца пры пераходзе з адной ручной клавіятуры (мануала) на другую і пераключэнні рэгістраў. Разнавіднасці К. (клавічэмбала, унісон, спінет, вёрджынел, клавіцытэрыум і інш.) адрозніваюцца крылападобнай ці прамавугольнай формай корпуса ў залежнасці ад гарыз. ці верт. размяшчэння струн, памерамі, колькасцю мануалаў (1—3) і рэгістраў, дыяпазонам (4—5 актаў).
Канструкцыя К. распрацоўвалася з 14 ст. Росквіту клавесіннае мастацтва дасягнула ў 2-й пал. 17—18 ст. ў Італіі і асабліва ў Францыі ў т. зв. галантным стылі (ракако). У канцы 18 ст. яно заняпала ў сувязі з развіццём фп. музыкі. Аднавілася ў 20 ст. з адраджэннем цікавасці да старадаўняй музыкі.
На Беларусі К. вядомы з канца 16 ст.Найб. пашыраны ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў капэлах Нясвіжа, Гродна, Дзярэчына, Шклова. Сярод выканаўцаў на К. Я.Баэрт, Ф.Яжомбек, Я.Д.Голанд, Я.Л.Дусек, К.Абатэ, Ю.Віткоўскі, Л.Сітанскі, Э.Ванжура, клавесініст-віртуоз Я.М.Шоль (Нясвіж, Слуцк). У 1-й пал. 19 ст. К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха. К. ўведзены ў склад Дзярж. камернага аркестра Беларусі, ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле». Тэмбр К. імітуецца на электраарганах і сінтэзатарах.
Літ.:
Зимин П. История фортепиано и его предшественников. М., 1968.