у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікая істота, паўчалавек-паўконь (ніжняя ч. цела з 4 нагамі як у каня, грудзі, галава і рукі як у чалавека). Паводле міфаў, амаль усе К. народжаны ад цара племені лапіфаў (у Фесаліі на ПнУ у Грэцыі) Іксіёна і хмары, што па волі Зеўса набыла аблічча Геры. Буйныя, нястрымныя істоты, акрамя Фола і Хірона (выхавацеля Ахіла, Ясона і інш. герояў), якія ўвасабляюць мудрасць і памяркоўнасць. Сцэны з т.зв. кентаўрамахіі (бітвы лапіфаў з кентаўрамі) і інш. міфалагічных падзей, звязаных з К., адлюстраваны ў скульпт. выявах храма Зеўса ў Алімпіі, Гефестэёна і Парфенона ў Афінах (5 ст. да н.э.), насценным жывапісе ў Пампеях, у скульптуры (Мікеланджэла, А.Радэн) і жывапісе (П.П.Рубенс, Ф.Салімена, А.Бёклін, Л.Карынт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁКЛІН ((Böcklin) Арнольд) (16.10.1827, г. Базель, Швейцарыя — 16.1.1901),
швейцарскі жывапісец, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Дзюсельдорфе, Бруселі, Жэневе, Парыжы (1845—48). У 1850—57 жыў у Італіі. Аўтар карцін на міфал. і гіст. сюжэты, пейзажаў, партрэтаў. Сярод твораў: «Трытон і Нерэіда» (1873—74), «Востраў мёртвых» (1880), «Паляванне Дыяны» (1863), «Віла каля мора» (1864), «Кентаўр і Німфа» (1865), «Гульня хваляў» (1883), «Вайна» (1896) і інш. Зрабіў уплыў на фарміраванне ням. сімвалізму і «югендстылю».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА (Людміла Пятроўна) (н. 29.7.1944, г. Рубцоўск, Расія),
бел. графік. Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў галіне акварэлі і пастэлі. Створаны ёю фантаст.-казачны свет вобразаў навеяны літ. творамі або ўласнымі ўяўленнямі; мнагамернасць вобразнасці набліжае творы да традыцый сімвалізму. Сярод твораў: «Над возерам» (1967), «Марс. Зямляне» (1969), «Стары Віцебск» (1981), «Сінія кветкі» (1990), «Нацюрморт са званочкамі» (1991), «Кветкі і кераміка» (1992), «Кентаўр», «Флора» (абодва 1994), «Іншыя светы» (1995); серыі «Восень» (1975), «Фантастыка» (1977), «Крылатыя» (1993), «Багі — прывіды цемры» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ПДАЙК ((Updike) Джон) (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачатку літ. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб.апавяд. «Даверся мне» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІТА́ЎРАС»,
«Гіпацэнтаўр», прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш як 30 родаў Беларусі і Літвы, у т. л. Дуброўніцкія, Гальшанскія, Гарнастаі, Стравінскія. На сярэбраным полі выява сярэбранага кентаўра, які страляе з лука, замест хваста ў яго змяя. Клейнод шляхецкага варыянта герба — над прылбіцай з каронай тры страусавыя пёры. У ВКЛ выявы кентаўра вядомы на пячатках князя С.І.Гальшанскага пры дакументах 1388, 1431, 1433. З гэтага часу выява кентаўра ператварылася ў герб «К.» спачатку роду Гальшанскіх, потым і інш. Паводле легенды 16 ст., герб належаў Даўспрунку, які ў часы рымскага імператара Нерона разам з Палемонам і інш. перасяліўся з Італіі ў Літву. Нашчадкамі Даўспрунка лічыліся вял. князь ВКЛТрайдзень і яго нашчадкі, т. зв. дынастыя Кітаўрасаў. Паводле летапісаў, князь Нарымонт з роду Кітаўрасаў, калі быў вял. князем ВКЛ, адмовіўся ад уласнага герба «К.» і прыняў «Пагоню», якая стала гербам дзяржавы. Як геральдычная фігура кентаўр сустракаецца на стараж.-рус. пячатках і манетах 14—16 ст.