ЗАЙМЕ́ННІК,

часціна мовы, якая паказвае на прадметы і якасці, не называючы іх. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка. Паводле суадносін з інш. часцінамі мовы З. падзяляюць на назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя; паводле значэння — на асабовыя (я, мы, ты, вы), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, наш, твой), пытальна-адносныя (хто, што, каторы), указальныя (гэты, той, такі), азначальныя (сам, увесь, кожны, іншы), адмоўныя (ніхто, нішто), няпэўныя (нехта, некаторы, нейкі). У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і дадатковых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Я.​М.​Камароўскі.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІЧ (А.) (сапр. Ціхановіч ці Цэхановіч),

бел. пісьменнік пач. 20 ст. Па адукацыі ўрач. Працаваў у г. Новачаркаск (Расія). Аўтар апавяданняў «У дому лепей» (1911) пра цягу селяніна да роднай зямлі і «Амерыканец» (1912), герой якога вярнуўся з Амерыкі і хоча перайначыць жыццё бел. мужыка на лепшы лад. Гэтыя творы высока ацэнены Я.​Купалам (арт. «Агляд кніг», 1913), які падкрэсліваў іх прастату і шчырасць, уменне «нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю», і М.​Багдановічам, які ў арт. «За тры гады» (1913) адзначыў, што «асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы паспрабаваў напісаць вялікую рэч прозай па-беларуску».

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)