КАР’Е́РА (ад італьян. carriera бег, жыццёвы шлях, поле дзейнасці),
высокае становішча асобы ў грамадстве, дасягнутае дзейнасцю ў якой-н. галіне; вядомасць, слава, напр., бліскучая К. Род дзейнасці, прафесія, занятак, напр., К. настаўніка, артыстычная К.
т. 8, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РМА (польск. berma) у будаўніцтве, гарызантальная пляцоўка (уступ) на адхонах кар’ераў, катлаванаў, земляных і каменных плацін, каналаў і інш. для забеспячэння ўстойлівасці вышэй размешчаных частак збудаванняў. У кар’ерах бываюць транспартныя бермы шыр. да 15 м для злучэння забояў з паверхняй, ахоўныя бермы шыр. да 5 м для аховы бартоў кар’ера ад разбурэння і інш.
т. 3, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у межах г. Крычаў Магілёўскай вобл. Створана ў 1977 на месцы выпрацаванага кар’ера, які быў затоплены грунтавымі водамі. Пл. 0,4 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. каля 25 м, аб’ём вады 6 млн. м³. Лішак вады з К.в. скідваецца ў р. Сож па трубаправодзе даўж. 2 км. Выкарыстоўваецца для рэкрэацыі.
т. 8, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ ((Dołęga Mostowicz) Тадэвуш) (сапр. Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр. Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Тв.:
Рус. пер. — Знахарь. Мн., 1993;
Профессор Вильчур. Мн., 1994.
Літ.:
Ермалёнак В.А. Тадэвуш Даленга-Мастовіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. Мн., 1995. С. 167—168.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 6, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАР’ЕРЫ́ЗМ,
маральная якасць чалавека; імкненне да дзелавога і грамадскага поспеху, павышэння сац. статуса, дасягнення асабістага поспеху любымі сродкамі, калі не ўлічваюцца грамадскія інтарэсы. Узнікае на базе сац. і бюракратычнай іерархіі грамадства, што развіваецца ва ўмовах сац. няроўнасці. К. — адно з выяўленняў эгаізму ў сферы службовай дзейнасці; кар’ерысту ўласцівы беспрынцыповасць, прыстасавальніцтва да абставін, зменлівасць поглядаў у залежнасці ад сітуацыі, абыякавасць да лёсу людзей і інтарэсаў справы. Гл. таксама Кар’ера.
т. 8, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫ́МСКІЯ (Gierymscy),
польскія жывапісцы, браты. Ураджэнцы Варшавы. Вучыліся ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве і АМ у Мюнхене. Максімілян (15.10.1846 — 16.9.1874). Яго жанрава-пейзажным кампазіцыям уласцівыя тонкасць назіранняў, лірычнасць («Пахаванне гараджаніна», 1868—69; «Паўстанцкі патруль», каля 1873, і інш.). Аляксандр (30.1.1850 — 8.3.1901). У сваіх творах адлюстраваў пераважна карціны жыцця горада: «Яўрэйскае свята» (1884), «Рабочыя пясчанага кар’ера» (1887) і інш. Выкарыстоўваў эфекты асвятлення. У пач. 1880-х г. прыйшоў да імпрэсіянізму («У альтанцы», 1882, «Мора», 1890).
Літ.:
Тананаева Л.И. А.Герымский. М., 1962.
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЛАЦЯ́Н (Фрунзе Вагінакавіч) (н. 26.5.1927, Ерэван),
армянскі кінарэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Пачынаў як тэатр. акцёр. Скончыў Ўсесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1960). З 1944 здымаецца ў кіно: «Давід-Бек», «Анаіт», «Пра што шуміць рака» і інш. Паставіў фільмы: «Кар’ера Дзімы Горына» (1961) і «Ранішнія паязды» (1963, абодва з Л.Мірскім), «Добры дзень, гэта я!» (1966, і роля Зарана; Дзярж. прэмія Арменіі 1967), «Браты Сараяны» (1968, і гал. роля; Дзярж. прэмія Арменіі 1971) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.
т. 6, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАХА́ЦКАЯ (Лідзія Сцяпанаўна) (1893—?),
бел. актрыса. Працавала ў «Бел. савецкім т-ры» (1918), Першым т-ве бел. драмы і камедыі (1919). З 1920 у БДТ (дакладна вядома пра яе ўдзел у спектаклях да 1930). Выконвала гераічныя і характарныя ролі. Сярод роляў: Паўлінка (аднайм. п’еса Я.Купалы), Марыся («Ганка» У.Галубка), пані Зубкоўская («Панскі гайдук» Н.Бываеўскага), Кавецкая («Над Нёманам» М.Грамыкі), Параска («На Купалле» М.Чарота), Малання, Домна, Наста («Кар’ера таварыша Брызгаліна», «Перамога», «Запяюць верацёны» Е.Міровіча), Ніколь («Мешчанін у дваранах» Мальера), Ляксандра («Мост» Я.Рамановіча) і інш.
т. 11, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЭДЗІТ ((Meredith) Джордж) (12.2.1828, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 18.5.1909),
англійскі пісьменнік; адзін з заснавальнікаў сац.-псіхал. рамана. Вучыўся ў Германіі і Англіі. Пачынаў як паэт (зб. «Вершы», 1851). Майстэрствам псіхал. аналізу вызначаюцца раманы «Выпрабаванне Рычарда Феверэла» (1859), «Прыгоды Гары Рычманда» (1870—71), «Кар’ера Б’ючэмпа» (1874—75), «Эгаіст» (1879), «Адзін з нашых заваёўнікаў» (1891) і інш. Яго проза адметная трагічным пачаткам і горкай іроніяй, напружаным інтраспектыўным псіхалагізмам. Аўтар зб-каў паэзіі «Чытанне зямлі» (1888), «Чытанне жыцця» (1901), эсэ. Паўплываў на творчасць Дж.Голсуарсі, Г.Уэлса, Э.М.Форстэра і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Эгоист. М., 1970;
Испытание Ричарда Феверела. М., 1990.
т. 10, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)