КАРЫ́СЦЬ (карыслівы намер),
у крымінальным праве адзін з матываў злачынства, які выяўляецца ў імкненні да нажывы, абагачэння праз учыненне злачынства. Адносіцца да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей (напр., у выпадку забойства).
т. 8, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕФІ́С (ад франц. bènèfice прыбытак, карысць),
спектакль, увесь збор ад якога (поўны бенефіс) ці частка яго (паўбенефіс) ідзе на карысць аднаго ці некалькіх акцёраў-бенефіцыянтаў (за вылікам расходаў на спектакль). Узніклі ў Францыі ў 1735. У Расіі ўвайшлі ў практыку з 1783 (да 1809 дазваляліся таксама драматургам і кампазітарам). У СССР у 1925 бенефіс скасаваны. На Беларусі вядомыя з сярэдзіны 19 ст. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі аднаўляцца.
т. 3, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДАКЦЫ́ЙНЫЯ КАМІ́СІІ ў Расійскай імперыі,
часовая ўстанова, створаная рас. ўрадам пры Галоўным камітэце па сялянскай справе ў сак. 1859 для абагульнення матэрыялаў дваранскіх губ. к-таў і складання агульнага праекта палажэння аб адмене прыгоннага права. Складаліся (усяго 31 чал.) з чыноўнікаў розных ведамстваў і членаў-экспертаў — прадстаўнікоў памеснага дваранства. Р.к. фармальна вырашылі захаваць за сялянамі існуючы надзел, аднак пры пэўных абставінах планавалася адразаць частку сял. надзельнай зямлі на карысць памешчыка. Выкуп ставіўся ў залежнасць ад добраахвотнай згоды землеўласнікаў. Р.к. працавалі да 22.10.1860. На заключным этапе іх дзейнасці праект адмены прыгону істотна зменены на карысць памеснага дваранства (памеры сял. надзелаў паменшаны, а павіннасцей — павялічаны з пераацэнкай іх праз 20 гадоў). Р.к. адыгралі важную ролю ў падрыхтоўцы сялянскай рэформы 1861.
В.П.Панюціч.
т. 13, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАЙКІ́Я (ад грэч. synoikia сумеснае жыццё, жыллё),
сумеснае жыццё жывёл (арганізмаў) розных відаў, калі абодва партнёры ў рознай ступені індыферэнтныя адзін да аднаго або адзін з іх атрымлівае для сябе карысць і не прычыняе шкоды другому; адна з катэгорый кватаранцтва.
т. 14, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІРДАЎЛА́Т (Амаснацы) (1420 або 1425 — 1496),
армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НЫ (лац. coloni),
1) у Старажытным Рыме катэгорыя землекарыстальнікаў — дробных арандатараў зямлі. За права апрацоўваць арандаваны ўчастак К. выплачвалі землеўладальніку грашовую арэнду ці выконвалі на яго карысць натуральныя павіннасці (гл. Каланат).
2) У раннім сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе адна з катэгорый феадальна-залежных сялян.
т. 7, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАНЕ́НТ [ад лац. deponens (deponentis) той, хто адкладвае],
фізічная або юрыд. асоба, якая ўнесла каштоўнасці ў дэпазіт крэдытнай установы. Д. з’яўляюцца таксама фіз. асобы, якія не атрымалі своечасова зарплату, ганарар, і асобныя арг-цыі і асобы, на карысць якіх зроблены ўтрыманні з зарплаты (аліменты і інш.).
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНЫ ПАДА́ТАК,
абавязковы падатак на карысць дзяржавы, феадала або царквы, які сяляне плацілі натураю (збожжам, сенам, мёдам, воскам, футрам, птушкаю, яйкамі, рыбай, пражай і інш). На Беларусі да 16 ст. быў асн. формаю павіннасцей (гл. Аброк, Даніна, Дзякла, Дзесяціна, Стацыя). З развіццём таварнай вытв-сці Н.п. заменьваўся грашовым.
т. 11, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́ЛЬ АБ ПРАВА́Х»
(Bill of Rights),
1) у Вялікабрытаніі канстытуцыйны акт, прыняты парламентам у 1689. Юрыдычна аформіў дасягненні «Слаўнай рэвалюцыі», абмежаваў уладу караля на карысць парламента.
2) У ЗША першыя 10 паправак да Канстытуцыі 1787. Набылі сілу ў 1791. Гарантавалі бурж.-дэмакр. свабоды слова, друку, веравызнання, сходаў і петыцый, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш.
т. 3, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕЛЬМІ́НА (Wilhelmina; 31.8.1880, г. Гаага, Нідэрланды — 28.11.1962),
каралева Нідэрландаў [1890—1948]. Дачка нідэрл. караля Вільгельма III. Да 1898 правіла пад апекай маці каралевы Эмы. У 1-ю сусв. вайну выступала за нейтралітэт Нідэрландаў. У 2-ю сусв. вайну эмігрыравала разам з урадам у Лондан (1940). Вярнулася ў сак. 1945. Адраклася ад прастола на карысць сваёй дачкі Юліяны.
т. 4, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)