Каруза (чл. БХД) 2/233

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРУ́ЗА ((Caruso) Энрыка) (25.2.1873, г. Неапаль, Італія — 2.8.1921),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з выдатных прадстаўнікоў стылю бельканта. Вучыўся ў Г.​Верджыне і В.​Ламбардзі. У 1894—1920 спяваў у буйнейшых оперных т-рах свету. У 1903—20 саліст т-ра «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодаў голасам незвычайнай прыгажосці. Яго выкананне спалучала мяккі лірызм і агністы тэмперамент. Выступаў у рознахарактарных партыях (каля 80), з якіх каля 30 лічыліся лепшым выкананнем: Манрыка, Герцаг, Радамес («Трубадур», «Рыгалета», «Аіда» Дж.​Вердзі), Каварадосі, Рудольф («Тоска», «Багема» Дж.​Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Федэрыка («Арлезіянка» Ф.​Чылеа), Лорыс («Федора» У.​Джардана), Фауст («Мефістофель» А.​Бойта), Надзір, Хазэ («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.​Бізэ), Ліянель («Марта» Ф.​Флотава). Адзін з лепшых выканаўцаў неапалітанскіх песень.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

Э.Каруза ў ролі Герцага.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каруза Э. 5/465

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НЦА (Lanza) Марыо. [сапр. Какоца

(Cocozza) Альфрэда; 31.1.1921, г. Філадэльфія, ЗША — 7.10.1959], амерыканскі спявак (тэнар); прадстаўнік школы бельканта. Па нацыянальнасці італьянец. Валодаў голасам рэдкай сілы і прыгажосці. Дэбютаваў у 1942 у партыі Фентана («Віндзорскія кумачкі» О.​Нікалаі) у пастаноўцы С.​Кусявіцкага на Танглвудскім фестывалі (каля г. Бостан). З 1946 гастраліраваў як канцэртны спявак, выступаў у опернай трупе Новага Арлеана. Сярод партый: Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні),

Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі). Зняўся ў муз. фільмах «Вялікі Каруза», «Серэнада», «Улюбёнец Нью-Йорка» і інш.

М.Ланца.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРО́ЛЬ (ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),

выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.​Бернар, Э.​Дузе, Т.​Сальвіні, П.​Арленеў, В.​Камісаржэўская, Э.​Каруза, А.​Паці, Ф.​Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст.рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.​Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЕ́ВІЧ (Антон Антонавіч) (3.5.1877, фальварак Іваноўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ. — 8.12.1937),

збіральнік і папулярызатар бел. муз. фальклору, выдавец, педагог, кампазітар. З 1896 жыў у Пецярбургу, служыў у дэпартаменце гандлю і промыслу. З 1906 чл. бел. выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1910 заснаваў прыватнае выдавецтва (гл. Грыневіча выдавецтва). У 1919 у Мінску, заг. Бел. нар. дома, выкладчык музыкі ў школе, у бел. гімназіі. З 1920 у Вільні, у кааператыве друкароў. Выдаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік» (абодва 1920). У апошнім акрамя нар. песень змясціў і свае муз. творы на словы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Г.​Леўчыка. У 1921 зняволены ў лукішскую турму. У 1922—23 сакратар Т-ва бел. школы, выкладчык музыкі ў Віленскай бел. гімназіі. У 1923 выдаў бел. падручнік па музыцы «Навука спеву», у 1925 — «Дзіцячы спеўнік». З 1925 жыў у Мінску, быў сакратаром муз. падсекцыі Інбелкульта, старшынёй песеннай камісіі. Зрабіў каля 300 запісаў нар. меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне. У 1928—33 жыў у Гарадку, Віцебску. 6.9.1933 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Частка фалькл. архіва Грыневіча за 1906—24 у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі.

Літ.:

Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;

Каруза П. Музычная спадчына Антона Грыневіча // Мастацтва Беларусі. 1983. № 9.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)