КАРУ́ЗА ((Caruso) Энрыка) (25.2.1873, г. Неапаль, Італія — 2.8.1921),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з выдатных прадстаўнікоў стылю бельканта. Вучыўся ў Г.​Верджыне і В.​Ламбардзі. У 1894—1920 спяваў у буйнейшых оперных т-рах свету. У 1903—20 саліст т-ра «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодаў голасам незвычайнай прыгажосці. Яго выкананне спалучала мяккі лірызм і агністы тэмперамент. Выступаў у рознахарактарных партыях (каля 80), з якіх каля 30 лічыліся лепшым выкананнем: Манрыка, Герцаг, Радамес («Трубадур», «Рыгалета», «Аіда» Дж.​Вердзі), Каварадосі, Рудольф («Тоска», «Багема» Дж.​Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Федэрыка («Арлезіянка» Ф.​Чылеа), Лорыс («Федора» У.​Джардана), Фауст («Мефістофель» А.​Бойта), Надзір, Хазэ («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.​Бізэ), Ліянель («Марта» Ф.​Флотава). Адзін з лепшых выканаўцаў неапалітанскіх песень.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

Э.Каруза ў ролі Герцага.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)