Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТЭ́НЫ,
насычаныя аліцыклічныя вуглевадароды, што змяшчаюцца ў нафце. Найважнейшыя — цыклагексан, метылцыклагексан і метылцыклапентан. У нафце ёсць таксама і больш складаныя вуглевадароды, што маюць ад 2 да 5 цыклаў у малекуле — бі- і поліцыклічныя Н.: біцыклаактан, біцыклананан, β-каратан (насычаны β-карацін), адамантан і іх вытворныя, насычаныя вуглевадароды стэроіднага і тэрпеноіднага тыпаў. У прам-сці з бензінавай фракцыі нафты вылучаюць цыклагексан і метылцыклагексан. Гл. таксама Аліцыклічныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́НАЯ СЛЕПАТА́, начная слепата,
парушэнне зроку ў чалавека пры слабым асвятленні (змярканне, ноч, штучнае зацямненне). Бывае ад арганічных або функцыянальных змен у зрокавым пурпуры, пры парушэннях утварэння і распаду зрокавага пігменту радапсіну ў палачках сятчаткі вока.
Адрозніваюць сімптаматычную К.с. (пры арган. хваробах вока і хваробах зрокавага нерва, пры глаўкоме), функцыянальную (пры нястачы вітамінаў A, B2, PP) і прыроджаную (пры пігментнай дэгенерацыі сятчаткі). Лячэнне: прэпараты вітамінаў A, B1 B2, C, PP, харчаванне, багатае на гэтыя вітаміны. карацін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́СЕЛЬНІК, грабелькі,
журавельнік (Erodium),
род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я і ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца бусельнік цыкутавы (E. cicutarium) як пустазелле, а таксама на пустках і сметніках.
Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным распасцёртым або ўзнятым сцяблом. Лісце супраціўнае, перыстае ці лопасцевае, ніжняе звычайна сабранае ў разетку. Кветкі пераважна пурпуровыя, ружовыя ці ліловыя з цёмнымі жылкамі, у шматкветкавых паўпарасоніках, радзей адзіночныя. Плод — зборны арэшак (стэрыгма). Лек. (вяжучы, кроваспыняльны, процісутаргавы сродак) і дэкар. расліны, маюць дубільныя рэчывы, вітамін C, карацін, арган. к-ты, смолы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРУ́ШКА (Petroselinum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 4 віды. Пашыраны ў Зах. і Паўд. Еўропе. Стараж. культура Міжземнамор’я П. агародная, ці пасяўная (P. sativum, або P. crispum) вырошчваецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Аўстраліі. Мае 2 разнавіднасці: П. каранёвая з патоўшчаным караняплодам і П. лісцевая з тонкім верацёнападобным караняплодам і вял. колькасцю лісця.
Адна- і двухгадовыя травы. Лісце перыстарассечанае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, у складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Караняплоды і лісце П. агароднай маюць вітамін С (70—400 мг%), карацін, мінер. солі, плады — да 6% эфірнага алею. Выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прам-сці, кулінарыі, пры кансерваванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НА,
трава, скошаная і высушаная да вільготнасці 15—17% і ніжэй; адзін з асн. відаў грубых кармоў для жвачнай жывёлы ў стойлавы перыяд. Кармавая каштоўнасць С. залежыць ад яго бат. складу, месца росту травы (гл.Сенажаць), часу і спосабу яе ўборкі (гл.Сенаўборка), умоў захоўвання. Мае 6,5—20% пратэіну, 1—2% тлушчаў, 35—40% безазоцістых экстрактыўных рэчываў, 20—25% клятчаткі, 4—5% мінер. солей, карацін, вітаміны D, E, групы B. Найб. каштоўнае С. з бабовых (люцэрны, канюшыны, вікі, рутвіцы рагатай), злакавых траў (метлюжку лугавога, аўсяніцы лугавой, цімафееўкі лугавой, купкоўкі зборнай), разнатраўя (грэчкі птушынай, казлабароду лугавога і інш.). Малакаштоўнае С. з буйных асакі, сітняку, хвашчоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́ЧКА (Brassica napus rapifera),
двухгадовая караняплодная расліна роду капуста сям. капуставых. Пашырана ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі культывуюць кармавую і сталовую бручку.
У 1-ы год развіваецца разетка лісця і мясісты караняплод, на 2-і — кветаноснае сцябло і насенне. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках, плод — шматнасенны стручок. Караняплоды круглыя, авальныя, жоўтыя ці жоўта-белыя. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 120—130 сут. Вільгацелюбівая, холадаўстойлівая расліна (пераносіць замаразкі да -6...-8 °C). Добра расце на сугліністых і асушаных тарфяна-балотных глебах. Караняплоды маюць 10—16% сухіх рэчываў, 5—10% цукроў, карацін, аскарбінавую к-ту, мінер. рэчывы. Пашыраны сарты: Краснасельская (сталовы), Вышагародская палепшаная, Куузіку (кармавыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРГА́ (Amelanchier),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: І. каласістая (A. spicata), І. канадская (A. canadensis), І. альховалістая (A. alnifolia). У дэндрарыях і парках Беларусі трапляюцца яшчэ 5 відаў І. (круглалістая, пышнаквітучая, гладкая, малаплодная, крывава-чырвоная).
Аднадомныя, лістападныя дрэвы і кусты выш. да 8 м. Лісце простае, суцэльнае, цёмна-зялёнае, восенню аранжава-чырвонае. Кветкі белыя або крэмавыя ў шчыткападобных гронках. Цвітуць у маі, пладаносяць у ліп. — жніўні. Плод — сакавіты, ягадападобны, сінявата-чорны яблык дыяметрам да 1 см, ядомы. мае цукар, вітамін С, карацін і інш Пладовыя, меданосныя, лек. (плады, кара, лісце), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВУ́Н (Citrullus),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. 3—5 відаў. Пашыраны на Пд Еўропы, у Паўн. і Паўд. Афрыцы, Азіі і Аўстраліі. На Беларусі вырошчваюць К. сталовы (C. vulgaris), пераважна ў цяпліцах і на ўцепленым грунце; пры выкарыстанні расаднага спосабу яго можна вырошчваць і ў адкрытым грунце на паўд. і паўд.-зах. схілах.
К. сталовы — аднагадовая расліна з паўзучым, галінастым, апушаным сцяблом. Лісце рассечанае, апушанае, з васковым налётам. У пазухах лісця ўтвараюцца вусікі, у верхняй ч. сцябла — раздзельнаполыя жоўтыя кветкі. Плод — несапраўдная ягада (гарбузіна). Мякаць сакаўная, салодкая, мае цукры (да 11%), вітаміны, карацін, мінер. рэчывы. Сарты: Любімец хутара Пяцігорска, Стокса, Крымскі пераможца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́Н (Musa),
род кветкавых раслін сям. бананавых. Больш за 40 відаў. Радзіма — трапічная Азія, Акіянія, Паўн. Аўстралія. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных краінах. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр.бат. саду АН. Найб. вядомыя банан райскі (Musa paradisiaca), дэсертны (Musa sapientum), тэкстыльны, або абака (Musa textilis), японскі (Musa basjoo) і інш.
Шматгадовыя дрэвападобныя травяністыя расліны з магутным карэнішчам, пакарочаным сцяблом і несапраўдным трубчастым ствалом выш. да 15 м, які ўтвараюць похвы лістоў. Лісце даўж. да 6 м, суцэльнае. Кветкі звычайна аднаполыя, няправільныя, сабраныя ў звіслы складаны колас. Плады буйныя, рабрыстыя, падоўжаныя серпападобныя або кароткія авальныя ягады (ядомыя, маюць цукар, крухмал, бялкі, таніды і карацін), з іх гатуюць алкагольныя і кандытарскія вырабы, кансервы і інш.харч. прадукты, з лісця вырабляюць валакно — т.зв. манільскую пяньку. Лек. (у пладах і кветках ёсць антыбіётыкі; слабіцельны, страўнікавы, антыдыябетычны і антыгельмінтны сродак), кармавыя і дэкар. расліны.