адзін з кірункаў англ. паэзіі барока 17 ст. (разам з «метафізічнай школай»), Паслядоўнікі — «паэты-кавалеры» — імкнуліся да вытанчанасці формы, асаблівай маляўнічасці, складанай метафарычнасці і адначасова афарыстычнасці мовы. Культывавалі метафару-канцэпт як плён «высокай дасціпнасці». Эталонам для іх была паэзія Дж. Дона і Дж. Марына, драматургія Б.Джонсана. Найб. яскрава манера «К.ш.» выявілася ў творчасці Р.Герыка, Т.Кэр’ю, Р.Лаўлейса, Дж. Саклінга і інш.
Літ.:
Горбунов А.Н. Поэзия Джона Донна, Бена Джонсона и их младших современников // Английская лирика первой половины XVII в. М., 1989;
Мирский Д.П. Барокко и английская литература // Мирский Д.П. Статьи о литературе. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШЫ́НА (Frangula),
род кветкавых раслін сям. крушынавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Паўн. Амерыкі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. ломкая, або вольхападобная (F. alnus), і 4 інтрадукаваныя: К. скальная (F. rupestris), Пурша (F. purshiana), вызубленалістая (F. crenata), каралінская (F. caroliniana).
Лістападныя, зрэдку вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце чаргаванае, простае. Кветкі дробныя, двухполыя ў пазушных паўпарасоніках або пучках. Плод касцянкападобны, сакаўны. Характэрна наяўнасць на адной галінцы кветак, завязі і спелых пладоў. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Дэкар., лек., меданосныя і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫНІ́ЗМ (італьян. marinismo),
літаратурны кірунак у еўрап. (пераважна італьян.) барока. Пачынальнік — італьян. паэт Дж.Марына. Адметныя рысы — пластычнасць, музыкальнасць, жывапіснасць дэталяў, мудрагелістая метафарычнасць, гульня слоў, парадаксальнасць мыслення, імкненне да складанай і дасканалай формы. Для М. характэрна таксама спалучэнне звышэмацыянальнасці з інтэлектуальнай перанасычанасцю, напружанай трагічнасці з геданізмам, рэзкая кантрастнасць, што вынікала з антынамічнасці светаўспрымання і вобразнага мыслення. Найб. вядомыя паэты-марыністы: К.Акіліні, Дж.Прэці, Дж.Артале. М. паўплываў на Дж.Дона і англ. паэтаў-кавалераў («каралінская школа»), на франц. прэцыёзную л-ру (В.Вуацюр, М. дэ Скюдэры), на л-ру ліберцінажу (Т. дэ Віо, С.Сірано дэ Бержэрак), на т.зв. другую сілезскую школу ў Германіі (К.Г. фон Гофмансвальдаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́РКТЫКА (ад неа... + грэч. arktikos паўночны),
Неаарктыка, Неарктычная біягеаграфічная падвобласць, вобласць з 2 ці 3 падвобласцямі, або падцарства з асобнымі біягеагр. абласцямі: Арктычнай, Канадскай, Санорскай у складзе Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці царства Арктагеі. Займае Паўн. Амерыку (на Пд да Мексіканскага нагор’я ўключна), Канадскі Арктычны архіпелаг, а-вы Алеуцкія, Бермудскія, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, Прыбылова.
Паводле характару расліннасці вылучаюць зоны тундры, тайгі, шыракалістых лясоў, стэпу (прэрый). Субтрапічныя хвойна-шыракалістыя лясы распасціраюцца ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа на зах. схілах Сьера-Невады і ў Каліфорніі. Субтрапічныя пустыні займаюць Мексіканскае нагор’е, дзе найб. пашыраны кактусы; растуць агавы, юка дрэвападобная, палыны, ксерафітныя калючыя кусты і інш. Эндэмікі — сям. фук’ерыевых (ідрыя, фук’ерыя раскошная і інш.), сальнае дрэва. У прэрыях характэрныя расліны — кавылі, злакі. Лісцевыя лясы маюць вял. відавую разнастайнасць. У хвойна-шыракалістых лясах захаваліся эндэмічныя віды секвоі, секвоядэндран, туі, тсугі. У фауне вял. разнастайнасцю вылучаюцца млекакормячыя, сярод іх 3 эндэмічныя сям.: гаферавыя, апладонтавыя і віларогі, шмат інш. эндэмічных родаў і відаў. Шмат эндэмікаў і сярод птушак: арлан белагаловы, казарка канадская, калібры, папугаі, каршун вілахвосты, качка каралінская, лебедзь амерыканскі і інш Паўзуны прадстаўлены пераважна яшчаркамі сям.ігуанавых (анолісы, фрыназомы і інш.), эндэмічнымі сям. бязногіх яшчарак аніэлід, ядазубаў. Сярод змей характэрны ўдавы, ядавітыя ямкагаловыя (грымучыя змеі, шчытаморднікі). Чарапахі прадстаўлены 3 сям. і вял. колькасцю відаў. У бас.р. Місісіпі жывуць алігатары. Сярод земнаводных шмат хвастатых, у т. л. эндэмічнае сям. амфіум. Рыбы ўключаюць эндэмічныя атр. аміяпадобных, або глейных рыб і панцырнікападобных, эндэмічныя сям. афрэдадэрыевых і слепавочкавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ВЫ-ПО́МНІКІ,
дрэвы, якія лічацца каштоўнымі аб’ектамі жывой прыроды ці культурна-гістарычнымі аб’ектамі і ахоўваюцца дзяржавай; помнікі прыроды. Бываюць рэсп. і мясцовага значэння. На Беларусі каля 120 асобных Д.-п. аб’яўлены помнікамі прыроды (рэсп. значэння каля 90). Да іх належаць векавыя дрэвы (у т. л. дубы-волаты, напр., цар-дуб у Маларыцкім, Сувораўскі дуб у Кобрынскім р-нах Брэсцкай вобл., дуб-волат у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.) і дрэвы рэдкіх інтрадукаваных відаў (напр., карыя авальная ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., ліпа каралінская ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., хвоя кедравая еўрапейская ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.). Помнікамі прыроды рэсп. і мясцовага значэння лічацца таксама 95 груп Д.-п. (30 — рэсп. значэння). Гэта натуральныя ўчасткі лесу (дубровы, хвойнікі, бярэзнікі, ясеннікі) і насаджэнні з удзелам інтрадукаваных відаў (напр., лістоўніцы ў Баранавіцкім, хвоі веймутавай у Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл.). Ахова Д.-п. прадугледжвае перадачу іх пад ахоўнае абавязацельства, паспартызацыю, прафілактычнае і бягучае лячэнне (Іл.гл. ў арт.Батанічныя помнікі прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1565 у складзе Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв.ВКЛ. Цэнтр — г.Мазыр. Асн. частку М.п. складалі дзярж. Мазырская, Бчыцкая (Пціцкая) і Уборцкая воласці (з пач. 15 ст. належала Віленскаму каталіцкаму біскупству). У М.п. увайшла таксама тэр. на паўн. беразе р. Прыпяць ад р. Пціч да р. Случ з маёнткамі Ленін, Жыткавічы і інш.Найб. значныя мястэчкі: Капаткевічы, Каралін, Лельчыцы, Ленін, Нароўля, Петрыкаў, Скрыгалаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай павет скасаваны. 3.5.1795 адноўлены ў складзе Мінскага намесніцтва, з 12.12.1796 — Мінскай губерні. Пл. 15,6 тыс.км². У павеце было 8 мястэчак: Давыд-Гарадок, Ельск-Каралін, Капаткевічы, Лахва, Ленін, Петрыкаў, Скрыгалаў, Тураў; 6 каталіцкіх касцёлаў, 7 уніяцкіх і каля 50 правасл. цэркваў. У 1860 у М.п. 112 прыватных маёнткаў. У 1861 утворана 21 воласць: Буйнавіцкая, Бярозаўская, Грабаўская, Дзякавіцкая, Жыткавіцкая, Камаровіцкая, Капаткевіцкая, Лахвенская, Лельчыцкая, Ленінская, Лучыцкая, Ляскавіцкая, Мялешкавіцкая, Міхайлаўская, Петрыкаўская, Скараднянская, Слабода-Скрыгалаўская (у 1913 падзелена на Слабадскую і Скрыгалаўскую), Тонежская, Тураўская, Хорская, Чучавіцкая; пазней утворана Каралінская воласць. У 1878—95,3 тыс.чал. На 7.11.1917 у М.п. 23 воласці. З 29.8.1919 да 10.8.1920 у Гомельскай губерні, потым зноў у Мінскай. 18.3.1921 Бярозаўская, Лахвенская, Хорская і Чучавіцкая вол. адышлі да Польшчы, астатняя частка М.п. ўключана ў БССР. 17.12.1921 Ленінская вол. перададзена Слуцкаму пав. 3.3.1924 да М.п. далучана зах. частка Рэчыцкага пав. (7 валасцей цалкам і 3 часткова). 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэр. ўключана ў Мазырскую акругу.