Неаарктыка, Неарктычная біягеаграфічная падвобласць, вобласць з 2 ці 3 падвобласцямі, або падцарства з асобнымі біягеагр. абласцямі: Арктычнай, Канадскай, Санорскай у складзе Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці царства Арктагеі. Займае Паўн. Амерыку (на Пд да Мексіканскага нагор’я ўключна), Канадскі Арктычны архіпелаг, а-вы Алеуцкія, Бермудскія, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, Прыбылова.
Паводле характару расліннасці вылучаюць зоны тундры, тайгі, шыракалістых лясоў, стэпу (прэрый). Субтрапічныя хвойна-шыракалістыя лясы распасціраюцца ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа на зах. схілах Сьера-Невады і ў Каліфорніі. Субтрапічныя пустыні займаюць Мексіканскае нагор’е, дзе найб. пашыраны кактусы; растуць агавы, юка дрэвападобная, палыны, ксерафітныя калючыя кусты і інш. Эндэмікі — сям. фук’ерыевых (ідрыя, фук’ерыя раскошная і інш.), сальнае дрэва. У прэрыях характэрныя расліны — кавылі, злакі. Лісцевыя лясы маюць вял. відавую разнастайнасць. У хвойна-шыракалістых лясах захаваліся эндэмічныя віды секвоі, секвоядэндран, туі, тсугі. У фауне вял. разнастайнасцю вылучаюцца млекакормячыя, сярод іх 3 эндэмічныя сям.: гаферавыя, апладонтавыя і віларогі, шмат інш. эндэмічных родаў і відаў. Шмат эндэмікаў і сярод птушак: арлан белагаловы, казарка канадская, калібры, папугаі, каршун вілахвосты, качка каралінская, лебедзь амерыканскі і інш Паўзуны прадстаўлены пераважна яшчаркамі сям.ігуанавых (анолісы, фрыназомы і інш.), эндэмічнымі сям. бязногіх яшчарак аніэлід, ядазубаў. Сярод змей характэрны ўдавы, ядавітыя ямкагаловыя (грымучыя змеі, шчытаморднікі). Чарапахі прадстаўлены 3 сям. і вял. колькасцю відаў. У бас.р. Місісіпі жывуць алігатары. Сярод земнаводных шмат хвастатых, у т.л. эндэмічнае сям. амфіум. Рыбы ўключаюць эндэмічныя атр. аміяпадобных, або глейных рыб і панцырнікападобных, эндэмічныя сям. афрэдадэрыевых і слепавочкавых.