КРУШЫ́НА (Frangula),

род кветкавых раслін сям. крушынавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Паўн. Амерыкі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. ломкая, або вольхападобная (F. alnus), і 4 інтрадукаваныя: К. скальная (F. rupestris), Пурша (F. purshiana), вызубленалістая (F. crenata), каралінская (F. caroliniana).

Лістападныя, зрэдку вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце чаргаванае, простае. Кветкі дробныя, двухполыя ў пазушных паўпарасоніках або пучках. Плод касцянкападобны, сакаўны. Характэрна наяўнасць на адной галінцы кветак, завязі і спелых пладоў. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Дэкар., лек., меданосныя і фарбавальныя расліны.

Крушына.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)