Капішча 5/279, 413; 8/653

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПІШЧА (ад стараж.-слав. капь — выява, ідал),

культавае збудаванне ўсх. і прыбалт. славян язычніцкага перыяду. У 1951 пры раскопках у Пярыні каля Ноўгарада выяўлены рэшткі слав. К. 10 ст., прысвечанага Перуну. Уяўляла сабой круг дыяметрам 21 м, на якім у васьмі месцах гарэў агонь; у цэнтры стаяў драўляны ідал Перуна. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера было К. Перуна і Бабы-ягі. Рэшткі свяцілішча сельскай абшчыны 10 ст. раскапалі археолагі ў 1969 каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальвалі вогнішчы.

т. 8, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ КА́ПІШЧА,

старажытнаславянскае язычніцкае свяцілішча ў Мінску. Праіснавала да пач. 20 ст. У 2-й пал. 19 ст. ўяўляла сабой абгароджаную з 3 бакоў прамавугольную пляцоўку на беразе р. Свіслач, дзе знаходзіліся 4 культавыя прадметы: гранітны валун Дзед (лічыўся галоўным), вял. дуб Волат, выкладзенае з невял. камянёў вогнішча-зніч Жыжа (агонь), крынічка каля валуна (вада з яе лічылася цудадзейнай). Мясц. жыхары, нягледзячы на афіц. вызнанне хрысціянства, ушаноўвалі М.к. як святое месца. Валуну Дзеду ахвяравалі мёд, малако, віно, палатно; дубу Волату — пераважна ручнікі і стужкі, якія развешвалі на ім на 33 дні (жалуды Волата лічыліся лекавымі), агню (Жыжу) прыносілі жывёльную ахвяру. М.к. абслугоўвалі т.зв. чараўнікі (апошнімі былі бацька і сын Севасцеі), якія прадказвалі лёс, лячылі ад хвароб, налівалі святую ваду з крынічкі, давалі амулеты-абярэгі і г.д. У канцы 1880-х г. у сувязі са святкаваннем 900-годдзя хрысціянства на Русі гар. ўлады паспрабавалі закрыць М.к. як апошнюю апору язычніцтва (было патушана і разбурана вогнішча, спілаваны дуб), але канчаткова гэта зроблена ў пач. 20 ст. Валун Дзед захоўваецца ў Парку камянёў.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)