КА́ПІШЧА (ад стараж.-слав. капь — выява, ідал),

культавае збудаванне ўсх. і прыбалт. славян язычніцкага перыяду. У 1951 пры раскопках у Пярыні каля Ноўгарада выяўлены рэшткі слав. К. 10 ст., прысвечанага Перуну. Уяўляла сабой круг дыяметрам 21 м, на якім у васьмі месцах гарэў агонь; у цэнтры стаяў драўляны ідал Перуна. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера было К. Перуна і Бабы-ягі. Рэшткі свяцілішча сельскай абшчыны 10 ст. раскапалі археолагі ў 1969 каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальвалі вогнішчы.

т. 8, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)