Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЛЯ́РЫ (ад лац. capillaris валосны),
найдрабнейшыя крывяносныя і лімфатычныя сасуды (дыям. 2—30 мкм), якія пранізваюць органы і тканкі ў большасці жывёл і чалавека. Апісаны М.Мальпігі (1661). Крывяносныя К. злучаюць перыферычныя канцы артэрый і вен і замыкаюць круг кровазвароту. Праз іх сценкі адбываецца абмен рэчываў паміж крывёю і міжтканкавай вадкасцю. У чалавека сярэдні дыяметр К. каля 7 мкм. Шырокія К. наз. сінусоідамі. Лімфатычныя К. пачынаюцца ў міжклетачных прамежках органаў (акрамя галаўнога і спіннога мозга, парэнхімы, селязёнкі, лімфатычных вузлоў, храсткоў, склеры, хрусталіка вока), канчаюцца ў тканках сляпымі вырастамі. Выконваюць дрэнажную функцыю ў тканках, фільтруюць плазму крыві, забяспечваюць інтэнсіўнасць адтоку і састаў лімфы. Упадаюць у дробныя лімфатычныя сасуды, якія ўпадаюць у большыя, потым у грудную пратоку. Гл. таксама Крывяносная сістэма, Лімфатычная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАЎТВАРЭ́ННЕ,
працэс утварэння лімфы, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Механізм Л. звязаны з фільтрацыяй плазмы крыві праз крывяносныя капіляры і выхадам вадкасці (з растворанымі ў ёй малекуламі бялкоў, ліпідаў і інш.) у міжклетачныя поласці. Частка тканкавай вадкасці зваротна ўсмоктваецца ў кроў, частка паступае ў лімфатычныя капіляры і ўтварае лімфу. Рэгуляцыя Л. накіравана на павелічэнне ці памяншэнне фільтрацыі вады і інш. элементаў плазмы крыві: мясц. рэгуляцыя забяспечваецца біялагічна актыўнымі рэчывамі, што выдзяляюцца клеткамі, цэнтральная — вегетатыўнай нерв. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЛЯРАСКАПІ́Я (ад капіляры + ...скапія),
метад даследавання ў чалавека крывяносных капіляраў скурнай складкі ногцевага ложа, прасветленага спец. саставамі. Змены, бачныя пры К., не з’яўляюцца строга спецыфічнымі для паталаг. стану; яны ўзнікаюць як прыстасоўны механізм пры парушэнні агульнага крывацёку. Таму К. — дапаўняльны дыягнастычны метад у агульнаклінічных даследаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНАКАЛАРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз каналы з вял. гідрадынамічным супраціўленнем, напр., праз капіляры. Вадкі гелій у зыходнай пасудзіне пры гэтым награваецца. М.э. адкрыты ў 1938 англ. фізікамі Дж.Даўнтам і К.Мендэльсонам; тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (цячэнне гелію, выкліканае падвядзеннем цеплаты) наз. тэрмамеханічным эфектам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСАХЛОРЭТА́Н,
хлорзамешчаны этан CCl3—CCl3. Бясколерныя крышталі са слабым пахам камфары, tпл 187 °C (у закрытым капіляры), tкіп 185, 6 °C (вазганяецца), шчыльн. 2091 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў серавугляродзе. Выкарыстоўваюць у вытв-сці хладону-113, як інтэнсіфікатар свячэння піратэхн. саставаў, дымаўтваральнік (у сумесі з некат. металамі), у медыцыне (процігліставы сродак). ГДК 10 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬПІ́ГІ ((Malpighi) Марчэла) (10.3. 1628, г. Крэвалькорэ, Італія — 30.11. 1694),
італьянскі біёлаг і ўрач, адзін з заснавальнікаў мікраскапічнай анатоміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Д-р медыцыны (1653). Скончыў Балонскі ун-т, працаваў у ім (у 1656—91 праф.). Адкрыў альвеалярную будову лёгкіх (1660), сувязь артэрый з венамі праз капіляры (1661), апісаў лімфатычныя цельцы селязёнкі і клубочкі ў нырцы (мальпігіевыя цельцы), мачавыя трубачкі насякомых (мальпігіевыя сасуды), слой эпідэрмісу скуры (названы яго імем). Аўтар «Анатоміі раслін» (т. 1—2, 1675—79).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АО́РТА (грэч. aortē),
у чалавека галоўная артэрыя вялікага круга кровазвароту, што выносіць кроў з левага жалудачка сэрца. Каля выхаду з яго аорта наз. ўзыходнай (даўж. яе каля 6 см), потым утварае дугу аорты, пераходзіць у сыходную аорту, праходзіць уздоўж пазваночніка праз грудную і брушную поласці. У млекакормячых жывёл і чалавека існуе левая дуга аорты, у птушак — правая. У рыб ад брушной аорты адыходзяць шчэлепныя артэрыі. Яны падзяляюцца на капіляры, з якіх кроў цячэ ў 2 прадаўгаватыя ствалы — карані спінной аорты; абедзве зліваюцца ў няпарную спінную аорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТЫЯКА́ЎЛЫ,
род чарвей кл. нематод. 6 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. распаўсюджаны і небяспечныя Д. ніткападобная (D. filaria) і Д. жывародная (D. viviparus), якія паразітуюць у бронхах і трахеях траваедных жывёл; выклікаюць дыктыякаўлёзы.
Цела (даўж. 12—150 мм) ніткападобнае, белаватае або жаўтавата-белае. Ротавая адтуліна абкружана 2 радамі сасочкаў і кутыкулярным кальцом, на дне ротавай поласці невял. зуб. Хвост у самкі завостраны, у самца з палавой рабрыстай бурсай і 2 спікуламі. Жывёлы заражаюцца інвазійнымі лічынкамі на пашы. Лічынкі трапляюць у кроў, потым у лёгачныя капіляры і ў дыхальныя шляхі. Палавой спеласці дасягаюць праз 21—60 дзён. Жывуць у арганізме жывёл 1,5 месяцы — 2 гады.
Дыктыякаўла жывародная: 1 — галаўны, 2 — хваставы канцы цела самкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя). Асн. функцыі: дрэнажаванне з міжклетачных поласцей вадкасці, раствораных бялкоў і інш. буйных малекул, якія не здольны вярнуцца ў кроваток праз крывяносныя капіляры; ахоўная; фільтрацыйная.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Лімфатычная сістэма. I. Сістэма лімфатычных сасудаў: 1 — тканкі; 2 — артэрыяльная сістэма; 3 — вянозная сістэма; 4 — лімфатычная сістэма; 5 — лёгкія. II. Размяшчэнне рэгіянарных лімфатычных вузлоў.