Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ВА́РТБЕРГ (Wartberg) Герман, храніст 14 ст. Капелан Лівонскага ордэна. Аўтар «Хронікі Лівоніі», напісанай на лац. мове неўзабаве пасля 1378. Сучасныя аўтару падзеі апісваюцца з 1358. Выкарыстаў хронікі папярэднікаў і шматлікія дакументы з канцылярыі ордэна. У гэтым творы каштоўная інфармацыя пра войны крыжакоў з Ноўгарадам і Псковам, паходы рыцараў на Полаччыну, рэйды войск ВКЛ ва ўладанні ордэна.
т. 4, с. 14
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ГРЫНКЕ́ВІЧ Францішак
(5.10.1884, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 26.7.1933),
бел. рэліг. і культ. дзеяч. Скончыў духоўныя Віленскую семінарыю (1905) і Пецярбургскую акадэмію (1907). У 1907 пасвячоны ў ксяндзы. З 1909 законавучыцель у гімназіях, настаяцель пры кляштары брыгітак у Гродне. У 1909—12 кіраўнік Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1932 капелан касцёла ў Гродне. Пераклаў з лац. мовы на бел. «Часіны Прачыстай Дзевы».
А.М.Пяткевіч, І.І.Трацяк.
т. 5, с. 483
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ВІНЦЭ́НТЫ КАДЛУ́БАК
(Wincenty Kadłubek; 1150 ?, г. Каргова, Польшча — 8.3.1223),
польскі храніст, дзярж. і рэліг. дзеяч. Паходзіў з асяроддзя сярэдняга рыцарства. Вучыўся ў Кракаве, Зах. Еўропе. Прыдворны капелан і канцылярыст польск. караля Казіміра Справядлівага. У 1207—18 кракаўскі біскуп, потым манах-цыстэрцыянец. Аўтар «Хронікі Польшчы» ад старажытнасці да 1202, якая адлюстроўвае паліт., ваен. і культ. адносіны паміж польск. і ўсх.-слав. княствамі ў 11 — пач. 13 ст. У ёй згадваюцца гарады Берасце, Драгічын над Бугам, Галіч, Перамышль, Уладзімір-Валынскі. Толькі ў творы Вінцэнтыя Кадлубака ёсць звесткі аб падзеях у Берасці ў 1170—80-я г., інфармацыя пра паход і галіцка-валынскіх князёў супраць ятвягаў.
Літ.:
Щавелева Н.И. Польские латиноязычные средневековые иточники: Тексты, перевод, коммент. М., 1990.
Г.М.Семянчук.
т. 4, с. 188
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ГО́НГАРА-І-АРГО́ТЭ
(Góngora y Argote) Луіс дэ (11.7.1561, г. Кордава, Іспанія — 23.5.1627),
іспанскі паэт; адзін з пачынальнікаў еўрап. барока, заснавальнік гангарызму. Вывучаў права ў Саламанкскім ун-це. З 1585 святар, з 1617 ганаровы каралеўскі капелан. Працаваў у жанрах санета, рамана, летрыллі; стварыў наватарскі жанр эпіка-лірычнай філас. паэмы, у якой адсутнічае відавочны сюжэт, а фабула — сродак выяўлення нюансаў пачуцця і тонкіх асацыяцый свядомасці (паэмы «Паліфем і Галатэя», нап. 1612—13; «На самоце», нап. 1613, не скончана). Яго лірыка вядома ў спісах, найб. поўна прадстаўлена ў зб. «Творы ў вершах іспанскага Гамера» (1627). Светаадчуванне паэта адзначана кантрастным спалучэннем трагізму і геданізму, песімізму і духоўнага стаіцызму. Выступіў стваральнікам своеасаблівага «цьмянага стылю» (часткова пад уплывам сярэдневяковай араба-андалузскай традыцыі), заснаванага на пастаяннай замене рэальнага ўяўным, алегарычным, на шматасацыятыўнасці слова, складанай метафарычнасці. Яго творчасць паўплывала на сучасную ісп. і лац.-амер. паэзію (Р.Дарыо, Ф.Гарсія Лорка, П.Нэруда).
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1977.
Літ.:
Плавскин З.И. Луис де Гонгора и поэзия XVII в. // Плавскин З.И. Испанская литература XVII середины XIX в. М., 1978;
Штейн А.Л. Литература испанского барокко. М., 1983.
Т.В.Сініла.
т. 5, с. 351
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)