Канідыі 1/361

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́ДЫІ (ад грэч. konia пыл + eidos від),

споры бясполага размнажэння ў сумчатых, базідыяльных, недасканалых і некат. перанаспоравых грыбоў. Знаходзяцца ў абалонцы. Адрозніваюцца формай, афарбоўкай, колькасцю клетак, паходжаннем. Утвараюцца экзагенна на міцэліі ці яго нарасцях (канідыяносцах). Разносяцца ветрам, вадой, насякомымі і інш. Пры прарастанні даюць парасткавую трубку, потым гіфы.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІДЫЯНО́СЕЦ,

асаблівая нарасць міцэлія грыбоў, на якой развіваюцца споры бясполага размнажэння — канідыі. Бываюць добра развітыя, мала дыферэнцыраваныя, простыя ці разгалінаваныя. Звычайна вертыкальна прыўзняты над міцэліем. Калі К. зрастаюцца ў пучкі, утвараецца карэмій.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́МІЙ (ад грэч. korēma мятла) у грыбоў, шчыльны пучок канідыяносцаў, на верхавінках якіх утвараюцца споры бясполага размнажэння — канідыі. З’яўляецца найпрасцейшай формай агрэгацыі канідыяносцаў. Характэрны для сям. стыльбелавых (Stilbellaceae) парадку гіфаміцэтаў і некат. пеніцылаў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕТАТРЫ́ХУМ (Colletotrichum),

род паразітычных недасканалых грыбоў парадку меланконіевых. Каля 39 відаў (600 сінонімаў). Пашыраны ўсюды. Выклікаюць антракнозы вышэйшых раслін. На Беларусі найб. вядомыя К.: Ліндэмута (C. lindemutianum, антракноз бабовых), лёну (C. lini, антракноз лёнавых), арбікулярэ (C. orbiculare, антракноз гарбузовых).

Міцэлій галінасты, шматклетачны. Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, канідыяносцы падоўжаныя, сабраныя ў ложа накшталт ружавата-жоўтых падушачак з доўгімі цёмнымі шчацінкамі, якія ўтвараюцца на струках, лісці, сцёблах хворых раслін. Зімуе міцаліем у сумчатай стадыі.

В.Г.Гапіенка.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕЯСПО́РЫЙ (Gloeosporium),

род недасканалых грыбоў сям. меланконіевых. Вядома каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Індыі. На Беларусі глеяспорый парэчкавы (G. ribis) паразітуе на лісці парэчак, глеяспорый пладовы (G. fructigenum) — на семечкавых і костачкавых пладовых культурах, глеяспорый канюшынавы (G. trifoliorum) — на канюшыне.

Канідыяносцы кароткія, цыліндрычныя, палачкападобныя, аднаклетачныя, часта ад канічных да іголкападобных, сабраныя разам на плоскім або злёгку пукатым, светла- ці цёмна-бурым ложы (спляценне грыбных гіфаў). Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, выходзяць на паверхню склееныя сліззю. У цыкле развіцця адзначаны сумчатыя стадыі.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАХІ́ТА (Ascochyta),

род недасканалых грыбоў сям. шаравідкавых. Больш за 1,1 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Узбуджальнікі аскахітозаў. Найб. вядомы аскахіта гарохавая, недасканалая, канюшынавая, вікавая, лёнавая, агурковая.

Міцэлій добра развіты, галінасты, шматклетачны, бясколерны. Пладовыя целы (пікніды) шарападобныя або пляскатыя, цёмныя, урослыя ў тканкі раслін. Канідыі пераважна двухклетачныя, ад цыліндрычных да верацёнападобных, разносяцца кроплямі дажджу, расы, насякомымі, паветрам. Цыкл развіцця грыба 3—17 сутак. Зімуюць міцэліем і пікнідамі на раслінных рэштках, у заражаным насенні.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТАСПО́РЫЙ (Helminthosporium),

род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Шматлікія віды роду пашыраны ўсюды. Паразітныя формы, прыстасаваныя да пэўных відаў раслін, выклікаюць гельмінтаспарыёзы, сапратрофныя развіваюцца на кары, лісці, сухіх галінках і сцёблах дрэвавых і травяністых раслін. На Беларусі найб. шкодныя гельмінтаспорый ячменны (H. teres), гельмінтаспорый аўсяны (H. avenae), гельмінтаспорый злакавы (H. gramineum).

Міцэлій шматклетачны, пранізвае асобныя органы раслін, развіваецца ва ўсіх тканках або знаходзіцца ў стадыі спакою. Канідыяносцы прамыя, слабаразгалінаваныя, вузлаватыя, у паразітных відаў сабраны ў пучкі, у сапратрофаў — адзіночныя. Канідыі цыліндрычныя, падоўжана-эліпсападобныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця адзначаны стадыі сумчатых грыбоў.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКАРА́ЛЬНЫЯ (Mucorales),

парадак зігаміцэтавых грыбоў. 8 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы; узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл, гнілі і цвілі пладоў, караняплодаў і інш. Трапляюцца на раслінных рэштках, глебе, харч. прадуктах, паразітуюць на грыбах.

Міцэлій добра развіты, галінасты, пераважна няклетачны, з узростам можа ўтвараць перагародкі, доўгія гіфы, рызоіды, хламідаспоры або распадацца на асобныя клеткі. Спарангіі шарападобнай формы, маюць нерухомыя споры або канідыі. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак). Зігаспора з тоўстай абалонкай. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць і выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў, дражджэй.

С.І.Бельская.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́КТРЫЯ (Nectria),

род сумчатых грыбоў сям. нектрыевых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Паразіты дрэў і кустоў, сапратрофы на драўніне, у глебе, на адмерлых галінах, лісці, трапляюцца на інш. грыбах і насякомых. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя Н.: галаўтваральная (N. galligena), узбуджальнік раку еўрап. з утварэннем язваў, наплываў, глыбокіх ран кары; цагляна-чырвоная (N. cinnabarina) выклікае ўсыханне галін дрэў і кустоў, гібель сеянцаў.

Пладовыя целы шарападобныя або яйцападобныя, утвараюцца адзіночна ці групамі, на субстраце або на падушкападобных стромах. Сумкі цыліндрычныя з 8 двухклетачнымі спорамі. Канідыі аднаклетачныя, цыліндрычныя, бясколерныя. Канідыяльныя стадыі — грыбы з родаў фузарый, туберкулярыя, цыліндракарпон і інш.

С.І.Бельская.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)