ФІЛАСТЫ́КТА (Phyllosticta),

род недасканалых грыбоў сям. шаравідкавых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомыя Ф.: грушавая (Ph. pirina), лубінавая (Ph. lupinicola), яблыневая (Ph. mali) і інш. Паразіты, узбуджальнікі хваробы раслін пераважна сям. ружавых і бабовых.

Міцэлій галінасты, шматклетачны. Пладовыя целы (пікніды) чорныя, шарападобныя, утвараюцца на бураватых плямах. Канідыі аднаклетачныя, бясколерныя, яйцападобныя. Выходзяць наверх склееныя сліззю ў выглядзе жгута або стужкі. З дапамогай канідый можа адбывацца другаснае заражэнне расліны.

т. 16, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)