ПЕРОНАСПАРА́ЛЬНЫЯ (Peronosporales),

парадак грыбоў класа ааміцэтаў. 3 сям. (перанаспоравыя, пітыевыя, цыстопавыя), больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 70 відаў з родаў перанаспора, пітый, фітафтора, брэмія, плазмапара, склераспора і інш. Сапратрофы, паразіты і паўпаразіты. Выклікаюць некроз у раслін, перонаспарозы, гнілі.

Міцэлій не падзелены на септы, галінасты, распаўсюджваецца ўнутры- і міжклетачна, утварае гаўсторыі. Канідыяносцы разгалінаваныя, канідыі звычайна акруглыя. Некат. віды з сям. пітыевых размнажаюцца зааспорамі. Наземныя грыбы здольны ўтвараць хламідаспоры. Ааспоры ўзнікаюць у выніку палавога працэсу.

С.​І.​Бельская.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)