КАНТА́КТ (ад лац. contactus дакрананне),

1) судакрананне, непасрэдная блізкасць да месца знаходжання чаго-н. ці каго-н.

2) Сувязь, узаемадзеянне, узгодненасць у рабоце; узаемаразуменне.

3) Паверхня, месца, зона судакранання чаго-н.

4) Судакрананне, злучэнне чаго-н. Напр., К. электрычны — злучэнне 2 праваднікоў, пры якім эл. ток можа ісці ад аднаго правадніка да другога; паверхня судакранання праваднікоў току ці прыстасаванне, якое забяспечвае такое злучэнне.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кантакт геалагічны 5/391, 433; 10/76

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЗЕФСАНА ЭФЕ́КТ,

працяканне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакт Джозефсана). Прадказаны Б.Джозефсанам (1962); эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі П.​Андэрсанам і Дж.​Роўэлам у 1963 пры вывучэнні вольт-ампернай характарыстыкі джозефсанаўскіх кантактаў.

Уласцівасці Дж.э.: электроны праводнасці праходзяць праз дыэлектрык з-за тунэльнага эфекту і, калі ток праз кантакт меншы за пэўнае значэнне, падзення напружання на кантакце няма (стацыянарны Дж.э.), а калі перавышае — узнікае падзенне напружання і кантакт выпрамяняе эл.-магн. хвалі (нестацыянарны Дж.э.). На аснове Дж.э. распрацаваны звышправодныя інтэрферометры, маламагутныя генератары, хуткадзейныя элементы ЭВМ, параметрычныя пераўтваральнікі, адчувальныя дэтэктары, узмацняльнікі і інш.

Да арт. Джозефсана эфект а — тунэляванне звышправодных пар; б — элемент Джозефсана; 1 — электронная пара; 2 — звышправаднік; 3 — дыэлектрык (слой вокіслу); 4 — падложка.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАЗВАРО́Т,

цыркуляцыя крыві ў чалавека і жывёл, што забяспечвае абмен рэчываў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем. Апісаны англ. фізіёлагам У.​Гарвеем (1628). Асн. функцыі сістэмы К.: транспарт рэчываў, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці (антыцелы, гармоны, вада, пажыўныя рэчывы, кісларод і інш.); адвядзенне метабалітаў (канчатковыя прадукты абмену, вуглякіслы газ, таксіны); гумаральная (праз вадкасць) сувязь органаў і тканак; абмен цяпла; адаптацыя арганізма да змены ўнутр. і знешняга асяроддзя; падтрыманне гамеастазу. Адрозніваюць вялікае (кантакт з органамі і тканкамі) і малое (лёгачнае, кантакт з навакольным асяроддзем) колы К. Забяспечвае працэсы жыццядзейнасці на 3 узроўнях: цыркуляцыя крыві ў сістэме (арганізм); органны К. (кровазабеспячэнне органаў і тканак); мікрацыркуляцыя — транскапілярны абмен (забеспячэнне метабалічнай функцыі сасудаў). Рэгуляцыя К. — нерв. і гумаральная.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі,

сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ СТУЖКАТКА́ЦКАЯ ФА́БРЫКА імя 50-годдзя БССР.

Уведзена ў дзеянне ў 1963 у Магілёве. Складаецца з вытв-сцей: гардзіннай, стужкаткацкай, пляцельнай, фарбавальна-аздабляльнай і інш. З 1993 адкрытае акц. т-ва «Стужка». Асартымент прадукцыі (1999) уключае больш за 200 найменняў вырабаў, у т. л. гардзіннае палатно, стужкі рознага прызначэння, шнуры, тасьма, бінты мед., тэкст. засцежка «Кантакт» і інш.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАТААКАНТО́МА [ад грэч. keras (keratos) рог, рэчыва рога + akantha калючка, шып, вастрыё + ...ома],

дабраякасная эпідэрмальная пухліна валасяных фалікул. Мяркуюць, што прырода К. вірусная. Найчасцей бывае ў людзей сярэдняга ўзросту, якія маюць кантакт з вугляродам і прадуктамі каменнага вугалю. На твары, кісцях рук узнікае шчыльнае, паўшарападобнае зацвярдзенне, 2—3 см у дыяметры, з уцісканнем у цэнтры, запоўненым рагавымі масамі, якія лёгка выдаляюцца. Праз 3—6 месяцаў пасля К. застаюцца рубцы, магчыма перараджэнне ў пласкаклетачны рак. Лячэнне: рэнтгенатэрапія, электракаагуляцыя, хірургічнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФСЕ́ТНЫ ДРУК, афсет (англ. offset),

спосаб друкавання, пры якім фарба з друкарскай формы перадаецца пад ціскам на паверхню гумаватканіннага палатна, а з яго на паперу ці інш. матэрыялы. Бывае плоскі (друкарская форма плоская), высокі (друкавальныя элементы формы ўзвышаюцца) і глыбокі (друкавальныя элементы формы паглыбленыя).

Прынцып афсетнага друку прапанаваны ў ЗША (1905) пры стварэнні афсетнай друкарскай машыны. Засн. на выбіральнасці змочвання друкарскай формы фарбамі і вадой, што дасягаецца спец. фізіка-хім. апрацоўкай паверхні формы. У працэсе афсетнага друку форму па чарзе змочваюць вадой і накатваюць фарбы, пасля чаго пад ціскам уводзяць у кантакт з паверхняй гумаватканіннай пласціны, а апошнюю — з паперай ці інш. матэрыялам. Адбываецца двухразовая перадача адлюстравання, папера не ўваходзіць у непасрэдны кантакт з формай, што памяншае знос формы, павялічвае скорасць і паляпшае якасць друкавання. Для афсетнага друку выкарыстоўваюць ратацыйныя (гл. Ратапрынт) і афсетныя друкарскія машыны. З дапамогай афсетнага друку вырабляюць чорна-белую і шматколерную друкарскую прадукцыю. Атрымліваюць пашырэнне заснаваныя на электронных і камп’ютэрных сістэмах спосабы афсетнага друку, якія дазваляюць выключаць шэраг прамежкавых тэхнал. працэсаў у ім з паляпшэннем якасці гатовай прадукцыі і скарачэннем затрат часу на яе выраб.

Схема афсетнага друку: 1 — друкарская форма з валікамі фарбавальнага і ўвільгатняльнага апаратаў! 2 — гумава-тканіннае палатно; 3 — папера.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РВІ ((Garvey) Маркус) (17.8.1887, г. Сент-Анс-Бей, Ямайка — 10.6.1940),

дзеяч негрыцянскага руху ў ЗША. У 1914 заснаваў на Ямайцы Сусветную асацыяцыю паляпшэння становішча неграў (САПСН). У 1916 пераехаў у Нью-Йорк, перавёў туды штаб-кватэру САПСН, дамогся яе ператварэння ў масавую арг-цыю. Заклікаў вырашыць негрыцянскае пытанне шляхам перасялення амер. неграў у Афрыку і стварэння там негрыцянскай дзяржавы (т.зв. гарвізм). Для здзяйснення гэтай мэты ўвайшоў у кантакт з ку-клукс-кланам і атрымаў субсідыі ад улад. Пасля арышту Гарві (1925) САПСН распалася. У 1927 сасланы на Ямайку.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЬЯ́ЛЬСКІ САЮ́З,

палітычная групоўка афіцэраў шведскай арміі (113 афіцэраў-дваран), якая выступіла ў 1788 супраць абсалютызму караля Густава III. 12.8.1788 у мяст. Аньяла (Паўд. Фінляндыя) яны склалі «Дэкларацыю аньяльскіх канфедэратаў», або «Умову фінскай арміі», дзе патрабавалі ад караля спыніць распачатую ім без згоды парламента вайну з Расіяй, уступіць з ёю ў перагаворы аб міры, вярнуцца да канстытуцыйнага праўлення; ч. афіцэраў дамаглася дзярж. аддзялення Фінляндыі ад Швецыі. Удзельнікі саюза ўступілі ў кантакт з рас. урадам. Не атрымаўшы падтрымкі ў Швецыі і Пецярбургу, Аньяльскі саюз распаўся восенню 1788, яго ўдзельнікі арыштаваны і асуджаны.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)