Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЙЧЫК (Іван Аляксандравіч) (19.3.1935, в. Гута Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.2.1996),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у друку на Брэстчыне, на Бел. радыё, Гомельскай абл. студыі тэлебачання, у газ. «Чырвоная змена», «Гомельская праўда». Друкаваўся з 1954. Аўтар зб-каў нарысаў і апавяданняў «Багацце душы — людзям» (1966), «Пялёсткавы бераг», «Каласам хіліцца долу» (абодва 1969), «Калінавая квецень» (1984); кніг паэзіі «Аснова» (1977), «З маіх крыніц» (1994). Творы прасякнуты публіцыстычным грамадз. пафасам, шчырасцю пачуццяў. Запісаў і літаратурна апрацаваў кнігі партызан Р.Лазабеева «Лясныя пабрацімы» (1972) и М.Качана «Апалены ранак» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎТУН (сапр.Новік) Валянціна Міхайлаўна
(н. 6.4.1946, в. Дземяхі Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. паэтэса. Канд.філал.н. (1979). Скончыла БДУ (1969). Настаўнічала на Гродзеншчыне, працавала ў «Сельской газете», выд-ве «Юнацтва», у 1979—81 і з 1990 у час. «Полымя». Друкуецца з 1966. У паэт. зб-ках «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «Метраном» (1985; Літ. прэмія імя А.Куляшова 1986), «Лісты да цябе» (1988) размова пра час і сваё пакаленне, людзей вёскі і іх праблемы. Сутнасць яе лірыкі — маральна-этычныя ўзаемаадносіны ў грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. Многія творы пабудаваны на фалькл. сюжэтах. Адна з важных тэм яе творчасці — асэнсаванне значнасці асобы бел. паэтэсы Цёткі (А.Пашкевіч), якой прысвечаны паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), кн. апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988), артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай бел. паэзіі, перакладаў з рус. і ўкр. моў. Прэзідэнт Усебел. жаночага фонду св. Ефрасінні Полацкай (з 1993).
Тв.:
Святло народнага слова: Паэтычны лад бел.нар. песні. Мн., 1984;
Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі: Кн. для настаўніка. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Алена Сямёнаўна) (н. 22.12.1922, в. Ліпнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыла Рагачоўскі настаўніцкі ін-т (1941) і БДУ (1946). Працавала ў Курскім абл. выд-ве, у час. «Работніца і сялянка» (1950—72), выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (1972—83). Друкуецца з 1947 (аповесць «У прасторах жыцця»). У цэнтры ўвагі пісьменніцы жыццё і праца сучаснікаў, праблемы асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей (аповесць «Шляхі-дарогі», 1950; зб-кі апавяданняў «Блізкія знаёмыя», 1954; «Падслухала сэрца», 1960; «Пісар страявой часці», 1969; «Адно імгненне», 1974; «Мыс Добрай Надзеі», 1977; «Шурка Рэмзікаў», 1985, і інш.). Лепшыя апавяданні («Пані старшыніха прыехала», «Адно імгненне», «Зімовая дарога», «Марыула», «Падгор’е») вылучаюцца глыбінёй пранікнення ва ўнутр. свет чалавека, моцным маральна-этычным і грамадз. напаўненнем. На аўтабіягр. матэрыяле напісана тэтралогія «Пачакай, затрымайся...» (аповесці «Расці, Ганька», 1966; «Доля знойдзе цябе», 1967; «Новы свет», 1968; «Пачакай, затрымайся...», 1970; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), у якой паказаны нялёгкі шлях у жыццё сялянскай дзяўчыны, духоўнае пасталенне чалавека. Аўтар кніг для дзяцей («Заўтра ў школу», 1956; «Сябры», 1958; «Калінавая рукавічка», 1963, і інш.). Творы Васілевіч дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэт. бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая нар. мова. Аўтар зб-каў эцюдаў, роздумаў, эсэ («Люблю, хвалююся — жыву...», 1986; «Элегія», 1988). Пераклала на бел. мову аповесць М.Стэльмаха «Гусі-лебедзі ляцяць» (1975), раман Д.Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (1976), аповесць Г.Башырава «Зялёная мая калыска» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр.тв. Т. 1—3. Мн., 1982—83.
Літ.:
Шкраба Р. Літаратура і мова. Мн., 1969. С. 304—316;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977. С. 91—125;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979. С. 88—114;
Яфімава М. Алена Васілевіч // Беларуская дзіцячая літаратура. Мн., 1980;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983. С. 27—29, 197—205.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ РАЁН.
На ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 33,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 36%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Міёры. Уключае г.Дзісна, 497 сельскіх населеных пунктаў, 11 сельсаветаў: Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Завуццеўскі, Мікалаёўскі, Новапагосцкі, Павяцкі, Перабродскі, Туркоўскі, Узмёнскі, Чэраскі, Язненскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах плоскай Полацкай нізіны, паўн.-зах.ч. — на адгор’ях Браслаўскай грады. 80% тэрыторыі на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 211 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Пераброддзе). Агульны нахіл паверхні з Пд на Пн да даліны р.Зах. Дзвіна. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Шмат азёр. Найб. з іх: Абстэрна, Ельня, Набіста, Важа, Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Мёрскае, Шчоўна, Чэрас. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (49,9%), дзярнова-падзолістыя (34%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (9,2%). Пад лесам 26,5% тэр. раёна. Лясныя ўчасткі размеркаваны раўнамерна, пераважна з хвоі, елкі, бярозы, чорнай вольхі, трапляюцца асінавыя, шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя. Пад балотамі 16,6% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Ельня, Мох, Сгрэчна, Буянава, Кіслаўскае 2-е. Заказнікі гідралагічныя рэсп. значэння — Ельня і Балота Мох, мясц. значэння — Жада (Стрэчна), Пожанькі, Жарсцвянка, Крупаўшчына, Ліпаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Дуброва чыстая ў Язненскім лясніцтве; мясц. значэння — астравы Гарадзішча і Церанцейка, валун каля в. Кублішчына, крыніца «Святая вада» каля в. Вісяты.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 84,3 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 23 калгасы, 3 саўгасы, 40 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, ільнаводства; вырошчваюць рапс, кармавыя буракі, бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя, каўбасныя, малочныя вырабы, кансервы садавіна-агароднінныя, рыбныя і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно), камбікормавай, дрэваапр. (піламатэрыялы) прам-сці. Па тэр.. раёна праходзяць: чыгунка Друя—Варапаева; аўтадарогі Браслаў—Полацк, Верхнядзвінск—Шаркаўшчына, Дзісна—Лужкі, Дзісна—Германавічы; нафта- і нафтапрадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія). Суднаходства па Зах. Дзвіне. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач. школ, школа-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, 24 дашкольныя ўстановы, 35 дамоў культуры і клубаў, 42 б-кі, 4 бальніцы, амбулаторыя, 2 паліклінікі, 33 фельч.-ак. пункты, санаторый. Гіст.-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Галомысла; сядзіба (1810—20-я г.) у в. Дзедзіна, царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл (1-я пал. 20 ст.) у в. Ідолта, Мікалаеўская царква (канец 19 ст.) у в.Калінавая, сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Камянполле, Троіцкая царква (пач. 20 ст.) у в. Кублішчына, Троіцкая царква (1774) і сядзіба (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) у в. Лявонпаль, царква (пач. 20 ст.) у в. Ніўнікі, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Новы Пагост, Пакроўская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Сцефанполле, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Узмёны, Крыжаўзвіжанская царква (1864—67) у в. Цвеціна, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Чэрасы, Праабражэнская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Язна. За 0,8 км ад в. Лявонпаль па дарозе на г. Верхнядзвінск, помнік гісторыі — мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 — асн. закона Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Выдаецца газ. «Сцяг працы».