КАЙЛА́С,
хрыбет у гарах Гандысышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ паралельна Гімалаям на 300 км. Выш. да 6714 м (г. Кайлас). Складзены пераважна з гранітаў. Паўд. схіл стромкі, вельмі расчлянёны эрозіяй, паўн. — пакаты. Снегавая лінія на выш. 5700—5900 м. Ледавікі. Сухія стэпы, ландшафты халодных пустынь. На К. вытокі рэк Інд і Брахмапутра.
т. 7, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЫСЫША́НЬ, Трансгімалаі,
горная сістэма ў Азіі, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Працягнулася на 1600 км паралельна Гімалаям, аддзелена ад іх на Пд далінамі р. Цангпо (мясцовая назва р. Брахмапутра) і верхнім цячэннем р. Інд. Складзена пераважна з мезазойскіх гранітаў, кварцытаў, сланцаў, вапнякоў. Горныя ланцугі выцягнуты ў шыротным напрамку. Асн. хрыбты: Кайлас, Алінг-Гангры, Ньенчэн-Тангла і інш. Паўн. схілы гор звычайна слаба расчлянёныя, паўд. — больш стромкія. Пераважаюць выш. 5000—5500 м, адносныя перавышэнні невял. (500—1000 м). Ва ўнутр. раёнах — чаргаванне горных ланцугоў і міжгорных катлавін унутр. сцёку на выш. каля 4500 м; у катлавінах шмат азёр (Намца і інш.). Клімат высакагорны, рэзка кантынентальны. Высакагорны стэп і халодныя пустыні; на паўд., больш вільготных схілах — участкі лугоў і хмызнякоў; каля азёр дрэвападобныя ядлоўцы. Пашыраны камяністыя паверхні. Невял. ледавікі, снежнікі. Жывёльны свет: з капытных — які, бараны, антылопы, куку-яманы, з драпежнікаў — воўк, тыбецкі ліс.
т. 5, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНД (санскр. Сіндху; пушту Аба-Сін, літар. бацька рэк),
рака ў Кітаі, Індыі, Пакістане. Даўж. 3180 км, пл. бас. 980 тыс. км². Пачынаецца на паўд.зах. схілах хр. Кайлас (Тыбецкае нагор’е) на выш. 5300 м. У вярхоўі цячэ на ПнЗ у міжгорнай даліне паралельна гал. ланцугу Гімалаяў. Ніжэй вусця р. Гілгіт паварочвае на ПдЗ і перасякае адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша. Сярэдняе цячэнне ў нізкагорнай і ўзгорыстай мясцовасці, ніжняе — у зах. ч. Інда-Гангскай раўніны (ускраіны пустынь Тхал і Тар), у шырокай даліне з шматлікімі рукавамі і пратокамі. Пасля г. Хайдарабад пачынаецца дэльта (пл. 8 тыс. км²), дзе вылучаюцца 11 асн. рукавоў. Упадае І. у Аравійскае м. Гал. прытокі — Сатледж (Панджнад, злева), Шаёк, Гілгіт, Кабул (справа). У верхнім цячэнні жыўленне снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Вясенне-летнія паводкі (сак.—вер.), пад’ём узроўню вады на раўніне 5—7 м, рэчышча на вял. працягласці абвалавана. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хайдарабад 3850 м³/с, ніжэй ён памяншаецца ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне. Сцёк завіслых часцінак у вусці 450 млн. т. На І. плаціны (у т. л. каля г. Сукур) і інш. ірыгацыйныя збудаванні. Бас. І. — адзін з буйнейшых ірыгацыйных раёнаў свету, пл. арашальных зямель больш за 11 млн. га (гал. чынам у Пенджабе і ў дэльце). Суднаходны ад вусця да г. Дэраісмаілхан, для малых суднаў да г. Аток, каля вусця р. Кабул. Найб. гарады на І. — Хайдарабад, Сукур, паблізу дэльты — марскі порт Карачы (Пакістан).
т. 7, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)