Казакоў (партызан) 2/172

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Аўрамавіч, н. 8.10.1938, в. Халіпы Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Піша на бел. і рус. мовах. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1961). Працаваў у прэсе. У 1964 пераехаў у Крым, жыве ў Ялце. Друкуецца з 1956. Аўтар зб-каў «Млечны шлях» (1969), «Сем калодзежаў» (1976), «Родныя гарызонты» (1982), «Вянок васільковы» (1992). Асн. матывы яго творчасці: любоў да роднай зямлі, адзінства чалавека і прыроды.

М.​П.​Кенька.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Васіль Іванавіч) (18.7.1898, в. Філіпава Бутурлінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 25.5.1968),

удзельнік баёў у Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), маршал артылерыі (1955). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20 на Зах. фронце. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах. Пад яго кіраўніцтвам у Бабруйскай аперацыі 1944 быў выкарыстаны метад артыл. падтрымкі — двайны агнявы вал. Аўтар кніг «На пераломе» (1962), «Артылерыя, агонь!» (2-е выд., 1975).

В.І.Казакоў.

т. 7, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Міхаіл Эмануілавіч) (23.8.1897, ст. Рамадан Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 16.12.1954),

расійскі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1922). Друкаваўся з 1922. Першая кніга — зб. апавяд. «Папугаева шчасце» (1924). Раман «Дзевяць кропак» (кн. 1—4, 1929—37, поўнасцю апубл. ў 1956 пад назвай «Крушэнне імперыі») пра падзеі 1-й сусв. вайны і Лют. рэвалюцыі — шматпланавы гіст.-быт. і сац. твор. Аўтар рамана «Жыхары гэтага горада» (апубл. 1955), аповесцей «Мешчанін Адамейка», «Паўтара Хама» (абедзве 1927), «Верны ўдар» (1946), «Петраградскія дні» (апубл. 1957), п’ес «Чэкісты» (1939), «Дар’я» (1942), «Яблыня і сякера» (1943), «Няіставы Вісарыён» (1948) і інш.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Юрый Іванавіч) (н. 24.12.1924, г. Архангельск, Расія),

рускі баяніст-віртуоз. Засл. арт. Расіі (1963), ’нар. арт. СССР (1985). Скончыў муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1939). У 1939—42 і з 1946 артыст Архангельскай, з 1954 — Маскоўскай абл. філармоній, з 1958 Масканцэрта. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай музыкі. Яго канцэртная дзейнасць зрабіла значны ўплыў на развіццё сольнага выканальніцтва на баяне, зацвердзіла яго як канцэртны інструмент. Першы рас. баяніст, які пачаў выступаць у ансамблі з інш. інструментамі, з аркестрам. Ініцыятар шырокага распаўсюджвання шматтэмбравага гатова-выбарнага баяна з пераключальнікам (назва прапанавана К. у 1951).

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 8.5.1958, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яму ўласціва абвостранае пачуццё камедыйнага — ад мяккага гумару да буфанады і гратэску. Многіх сваіх герояў надзяляе рысамі эксцэнтрыкі, выразным пластычным малюнкам. Сярод лепшых роляў: Воўк («Чырвоная шапачка» Я.​Шварца), Бармалей («Доктар Айбаліт» В.​Карастылёва), Купец («Граф Глінскі-Папялінскі» А.​Вольскага), Арлекін, тата Карла («Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.​Талстога), Гермес («Хачу быць богам» А.​Вярцінскага), Бегемот («Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава), Сымон («Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа).

М.​А.​Каладзінскі.

т. 7, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Мікалай) (Міклай) Іванавіч (н. 15.1.1918, с. Куцюк-Кінер Маркінскага р-на, Рэспубліка Марый Эл),

марыйскі паэт. Нар. паэт Рэспублікі Марый Эл (1960). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1955). Друкуецца з 1934. Дэбютаваў кн. «Вершы» (1938). За зборнік вершаў «Паэзія — любімая сяброўка» (1950, на рус. мове) Дзярж. прэмія СССР 1951. Творы паэт. кніг «У краіне маёй Марыйскай» (1968), «Дарогай жыцця» (1975), «Лясныя напевы» (1976), «Дрэва, якое спявае» (1978) і інш. спалучаюць паглыблены лірызм і вострую публіцыстычнасць. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў І.​Калеснік.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Йошкар-Ола, 1960.

Літ.:

Кадыков Н.С. Поэзия Миклая Казакова. Йошкар-Ола, 1960.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 14.10.1934),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1956). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя Маякоўскага, «Сучаснік», МХАТ, на Малой Броннай, у 1991—97 у Камерным т-ры Тэль-Авіва. Акцёр інтэлектуальнага плана, ігра вызначаецца спалучэннем рамант. узвышанасці і іроніі. Выконвае драм. і камедыйныя, вострахарактарныя ролі: Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра, 1978), Качкароў («Жаніцьба» М.​Гогаля, 1975) і інш. Зняўся ў фільмах «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Чалавек-амфібія» (1962), «Добры дзень, я ваша цёця!» (1975), «20-е снежня» (1981, Дзярж. прэмія Расіі 1983) і інш. Пастаноўшчык тэлефільмаў «Безыменная зорка» (1978), «Пакроўскія вароты» (1982), «Калі верыць Лапатухіну» (1983), «Візіт Дамы» (1989). Дзярж. прэмія СССР 1967.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Мацвей Фёдаравіч) (1738, Масква — 7.11.1812),

рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.​Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.​Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-я г.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр. акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.

Літ.:

Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.​А.​Казаков. М., 1957.

М.Ф.Казакоў. Будынак Сената У Маскве. 1776—87.

т. 7, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),

рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.​Жук.

Тв.:

Избранное. М., 1985;

Две ночи. М., 1986;

Бел. пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.

Літ.:

Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)