НЯФЁДАЎ (Піліп Дзіямідавіч) (18.10.1838, г. Іванава, Расія — 25.3.1902),
рускі пісьменнік. У 1862—63 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Чл.-кар. (з 1887), правадзейны чл. (з 1894) Маскоўскага археал.т-ва. Друкаваўся з 1858. У сац.-этнагр. нарысах «Дзявочнік» (1868), «Каляды» (1871), «Нашы фабрыкі і заводы» (1872), зб. апавяданняў «На людзях» (1872), аповесці «Сценя Дубкоў» (1898) і інш. паказаў умовы працы іванаўскіх тэкстыльшчыкаў і жыццё сялян 2-й пал. 19 ст. Аўтар нарыса «Рух сярод башкіраў перад пугачоўскім бунтам; Салават, башкірскі батыр» (1880), цыкла апавяданняў «У гарах і стэпах Башкірыі» (1882) і інш. У творах — выкарыстанне этнагр. матэрыялаў, фальклору, нар. мовы. Пісаў вершы, публіцыст. артыкулы, фельетоны, запісваў рус. і башкірскі фальклор.
Тв.:
Избр. произв.Иваново, 1959;
В горах и степях Башкирии: Повесть и рассказы. Уфа, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРО́ДЖВАННІ,
спецыфічная форма ліквідацыі абшчынных зямель і распарадкаў у еўрап. краінах у 13 — пач. 19 ст. Назва ад распачатага ў Англіі працэсу захопу і агароджвання лендлордамі абшчынных пашаў для гадоўлі на іх авечак. У 15—16 ст. развіццё тэкст. прам-сці і вял. попыт на воўну зрабілі авечкагадоўлю прыбытковай справай. Таму буйныя землеўладальнікі пачалі інтэнсіўна зганяць сялян з ворных зямель і ператвараць іх у пашу. У 16—18 ст. агароджванні былі пашыраны ў Нідэрландах, Францыі, Германіі. У 18 ст.англ. парламент узаконіў агароджванні і яны працягваліся да пач. 19 ст. Супраціўленне і паўстанні збяднелых сялян супраць агароджванняў (адно з буйнейшых у 1549 пад кіраўніцтвам Р.Кета) душыліся ўладамі. Адным з вынікаў агароджванняў быў адток сялян у прамысловасць.
Літ.:
Митрофанов В.П. Вопрос об огораживаниях в английском парламенте (конец XVI — начало XVII в.) // Проблемы истории Западной Европы развитого и позднего феодализма. Иваново, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́ХІН (Аляксей Анціпавіч) (13.7. 1829, г. Кінешма Іванаўскай вобл., Расія — 29.10.1908),
рускі драматург, празаік. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1900). Скончыў Яраслаўскі Дзямідаўскі ліцэй (1849). Удзельнік літ.-этнагр. экспедыцыі 1856. У 1880-я г. займаўся тэатр. рэформамі, у 1882—90 кіраваў драм. трупамі Пецярбурга і Масквы. Друкаваўся з 1851. У «мужыцкіх» драмах «Суд людскі — не божы», «Шуба авечая — душа чалавечая» (абедзве 1854), «Чужое дабро не на карысць» (1855), рамане «Сялянка» (1853) ідэалізацыя патрыярхальнасці рус. вёскі, фалькл. і этнагр. матывы. Спроба аб’яднаць сац. і этычную праблематыку, паказаць грамадскія праблемы праз прызму маральных патрабаванняў у п’есах «Мішура» (1858), «Вакантнае месца» (паст. 1880), «Адрэзаны кусок» (1865; усе забараняліся цэнзурай) і інш. У аповесцях і апавяданнях 1870—80-х г. крытычнае стаўленне да сялянскай абшчыны. Аўтар раманаў «Крушынскі» (1856), «Каля грошай» (1876), «Маладыя парасткі» (1879), цыкла нарысаў «Вясковыя міраеды» (1880), тэатр. рэцэнзій і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕР ((Cooper) Джэймс Фенімор) (15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),
амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.Далідовіч, Я.Саламевіч.
Тв.:
Бел.пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;
Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;
Рус пер. — Собр. соч.Т. 1—7. М., 1982.
Літ.:
Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;
Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); афіц. мова Македоніі. Асн. дыялектныя групы: зах., усх., паўночная. У фанетыцы — 5 галосных і 26 зычных фанем, складовае «р», зычныя ј, ќ, ѓ, љ, њ мяккія, астатнія зычныя цвёрдыя; націск сілавы, фанетычна рухомы, не далей за 3-і склад ад канца слова. Грамат. ладу ўласцівы т.зв. балканізмы — шэраг структурных рыс, якія аб’ядноўваюць яе з інш. мовамі балканскага моўнага саюза (балг., алб., рум., навагрэч. і арамунскай): адсутнасць інфінітыва і іменных склонавых форм, аналітычны спосаб утварэння форм будучага часу і ступеняў параўнання. У М.м. ўжываецца трайны постпазіцыйны артыкль («човекот — човеков — човекон»), падваенне займеннікаў («го видов него» — «я бачыў яго»), рэпрыза імя («го видов човеков» — «я бачыў гэтага чалавека»). Зараджэнне слав. пісьменнасці ў Македоніі звязана з асветніцкай дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія, якія палажылі македонскі дыялект г. Салуні ў аснову стараслав. кніжнай мовы. У 10 ст. г. Охрыд стаў адным з цэнтраў пісьменнасці на стараслав. мове (т.зв. Охрыдская школа). З 16 ст. ў яе пранікаюць элементы нар. мовы. Літ. М.м. сфарміравалася ў сярэдзіне 1940-х г. на базе цэнтр. гаворак зах. дыялекту, блізкая да размоўнай. Графіка на аснове кірыліцы.