ФУ́РМАНАЎ Дзмітрый Андрэевіч (7.11.1891, с. Серада, цяпер г. Фурманаў Іванаўскай вобл., Расія — 15.3.1926),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1912—15). У 1918 чл. Іванаўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, сакратар Іванава-Вазнясенскага губкома РКП(б); з 1919 камісар 25-й дывізіі Усх. фронту (камандзір В.І.Чапаеў), нач. палітупраўлення Туркестанскага фронту, нач. палітаддзела Кубанскай арміі. З 1923 сакратар Маскоўскай арг-цыі РАПП. Друкаваўся з 1910. Першы адметны твор — аповесць «Чырвоны дэсант» (1922). У рамане «Чапаеў» (1923, экранізацыя 1934) стварыў вобраз таленавітага нар. палкаводца. Аўтар рамана «Мяцеж» (1925), «Дзённікаў (1914—1916)» (апубл. 1929), апавяданняў, нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. На Беларусі паводле яго раманаў «Мяцеж» і «Чапаеў» паст. інсцэніроўкі (адпаведна 1927, БДТ-1; 1932, Дзярж. рус. драм. т-р).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—4. М., 1960—61;
Бел. пер. — Чырвоны дэсант. Мн., 1929;
М.В.Фрунзе. Мн., 1930;
Чапаеў. 5 выд. Мн., 1950.
Літ.:
Исбах АА Фурманов. М., 1968;
Сотскова М.Н. Дмитрий Фурманов. М., 1969;
Фурмановский сборник. Иваново, 1973.
т. 16, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)