Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЙРО́НАВЫЯ ЗЯРНЯ́ТЫ (ад грэч. aleuron мука),
пратэінавыя зярняты, бясколерныя невял. круглаватыя адкладанні запасных бялкоў у клетках тканак раслін, пераважна ў насенні. Пажыўнымі рэчывамі алейронавых зярнят жывіцца зародак пры прарастанні насення. Утвараюцца пры выспяванні насення з высыхаючых вакуолей. Адрозніваюць алейронавыя зярняты простыя (дробныя зярняткі аднароднай структуры) і складаныя, у якіх знаходзяцца бялковыя крышталі і мінер. ўключэнні — глабоіды. Простыя алейронавыя зярняты ёсць у клетках мучністых (пшаніцы, жыта, кукурузы і інш.), складаныя — у алеістым насенні (клешчавіны, тунгу, крыжакветных і інш.) раслін.
Да арт.Алейронавыя зярняты. Алейронавы слой: 1 — просты ў жытнёвым зярняці; 2 — просты ў семядолях гароху; 3 — складаны ў эндасперме клешчавіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАМЗІ́Т (ад грэч. keramos гліна),
штучны порысты (успучаны) матэрыял у выглядзе жвіру, часам друзу (зярняты 5—20 мм) або пяску (зярняты да 5 мм). Лёгкі (шчыльн. 250—800 кг/м³), трывалы, нізкацеплаправодны.
Зярняты з аплаўленай паверхняй і ячэістай структурай. Вырабляецца з легкаплаўкіх глін хуткім абпальваннем папярэдне сфармаваных гранул у вярчальных печах пры т-ры 1050—1220 °C. Для лепшага ўспучвання ўводзяць дабаўкі (пілавінне, торф, молаты вугаль, пірытныя агаркі і інш.). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для лёгкіх бетонаў, для цепла- і гукаізаляцыйных засыпак у будынках. На Беларусі К. выпускае Віцебскі камбінат буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРСІ́ЙНЫ МЕ́ТАД,
метад вызначэння паказчыкаў пераламлення (ПП) святла дробных зярнят (каля 1—2 мкм) цвёрдых празрыстых рэчываў пад мікраскопам. Зярняты рэчыва апускаюць у нанесеныя на прадметнае шкло мікраскопа кроплі розных вадкасцей з вядомымі ПП. Разглядаючы зярняты ў мікраскоп, падбіраюць вадкасць, найб. блізкую па ПП ад дадзенага рэчыва. У І.м. выкарыстоўваюць імерсійны набор з 98 вадкасцей (з ПП ад 1,408 да 1,780), а таксама наборы высокапераламляльных вадкасцей (з ПП да 2,15) і празрыстых сплаваў (да 2,7). Метад выкарыстоўваюць для вызначэння чыстаты злучэнняў і суадносін кампанентаў у сумесях, пры вывучэнні мінералаў, горных парод і тэхн. камянёў, у хім. тэхналогіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКІ ЛЯЦЯ́ЦЬ»,
бел.нар. гульня. Кожны гулец павінен мець невял. прадмет — «зерне». Гульцы (8—20 чал.) выбіраюць вядучага — «старасту», кладуць зярняты ў адну лінію і на адлегласці 2—3 крокаў ад яе выстройваюцца ў шарэнгу спінай да «зярнят». «Стараста» праходзіць над «зярнятамі», непрыкметна забірае некалькі «зярнят», некат. перакладвае на інш. месца, адыходзіць ў бок і гаворыць: «П.л.». Усе хутка паварочваюцца, скачуць на адной назе да «зярнят» і хапаюць па аднаму. Выбывае з гульні той, каму не хапае «зярняці». Пасля гэтага астатнія гульцы змыкаюць шарэнгу, кладуць «зярняты» на месца, і гульня працягваецца. Перамагае той, хто схопіць апошняе «зерне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШО́ГБА (Oshogbo),
горад на ПдЗ Нігерыі, на р. Ашун. Засн. ў 17 ст. 442 тыс.ж. (1992). Трансп. вузел. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (какава-зярняты і алейная пальма). Апрацоўка какава-зярнят. Вытв-сць пракату, бавоўнаачышчальны з-д, тытунёвая ф-ка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент, рэзальнымі элементамі якога з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Адрозніваюць абразіўны інструмент са звязаным абразівам (шліфавальныя кругі, брускі, сегменты, галоўкі), на эластычнай аснове (шліфавальная шкурка, стужка) і ў выглядзе свабоднага абразіву (парашок, паста, суспензія, зярняты).
Для звязвання (сцэментоўвання) абразіўных зярнят карыстаюцца керамічнай, бакелітавай, метал., вулканітавай звязкамі. Па цвёрдасці абразіўны інструмент падзяляюць на мяккі, сярэднямяккі, сярэдняцвёрды, цвёрды, вельмі цвёрды і звышцвёрды. Звычайна эксплуатуюць з кругавой скорасцю да 30 м/с, а ўмацаваны абразіўны інструмент (напр., кругі з электракарунду і карбіду крэмнію, арміраваныя тканінай, шкляной сеткай, метал. кольцамі) — да 100 м/с. Выкарыстоўваюць для абразіўнай апрацоўкі металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́РА,
гарадзішча 11—13 ст. тыпу феад.-ўладальніцкіх замкаў каля в. Індура Гродзенскага р-на. Мае 2 пляцоўкі: унураная ўмацавана валам і ровам, знешняя — валам, захаваліся рэшткі і трэцяга вала. Пры даследаванні знойдзены разнастайныя прылады працы, фрагменты багата аздобленай керамікі, упрыгожанні, наканечнікі стрэл і арбалетаў, шпоры і інш., шмат касцей свойскіх і дзікіх жывёл, зярняты збожжавых культур. Выяўлены рэчы, блізкія да знаходак з раскопак Гродзенскага Старога замка.