ВІВІЯНІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Дж.​Вівіяна),

мінерал класа фасфатаў, водны фасфат двухвалентнага жалеза Fe3[PO4]2∙8H2O. Прымесі марганцу, магнію, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчатыя. Зямлістыя і парашкаватыя масы, канкрэцыі. У свежым выглядзе бясколерны, празрысты, на паветры лёгка акісляецца, набываючы блакітную, індыгава-сінюю да чорна-сіняй афарбоўку. Бляск шкляны або зямлісты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 2,7 г/см³. Асадкавы, радзей гіпергенны, ёсць у многіх тарфяніках. Выкарыстоўваецца як мінер. пігмент (сіняя фарба) і мясц. ўгнаенне. У Беларусі радовішчы вівіяніту ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Вівіяніт.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЎКАНІ́Т (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),

мінерал класа сілікатаў, групы гідраслюд, водны алюмасілікат жалеза, магнію і калію (K, H2O) (Fe, Mg, Al)2[(Al, Si)Si3O10](OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны тонкакрышт. агрэгаты, круглаватыя зерні. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск зямлісты, цьмяны. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,2—2,9 г/см³. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, а таксама ў глебах і корах выветрывання. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыйскай, ардовікскай, мелавой і палеагенавай сістэм. Выкарыстоўваецца для змякчэння жорсткасці вады, угнаення глеб, як зялёная фарба, а таксама для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод ізатопнымі метадамі.

Глаўканіт.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),

мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.

Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.

У.​Я.​Бардон.

Кінавар.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАХІ́Т [франц. malaehite ад грэч. malache мальва (ад падабенства з колерам яе лісця)],

мінерал, гідраксілкарбанат медзі, Cu2(OH)2[CO3]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі (ігольчастыя або прызматычныя) трапляюцца зрэдку, звычайна радыяльна-прамяністыя канцэнтрычна-занальныя «ныркі», сферакрышталі, зямлістыя выдаленні, налёты, псеўдамарфозы і інш. Колер ад травяна- і бірузова-зялёнага да чорна-зялёнага. Бляск шаўкавісты ў агрэгатаў, алмазны ў крышталёў. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,9—4,1 г/см³ (у агрэгатаў). Утвараецца ў зоне акіслення медных або жалезарудных і поліметал. сульфідных радовішчаў, якія маюць у сабе медзь. Медная руда. Каштоўны вырабны камень. Зямлісты М. — сыравіна для фарбаў («малахітавая зелень»).

Радовішчы ў Расіі, Казахстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, ЗША і інш.

Малахіт.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ ((Millet) Жан Франсуа) (4.10.1814, Грушы, каля г. Шэрбур, Францыя — 20.1.1875),

французскі жывапісец і графік. У 1837—38 вучыўся ў Парыжы ў П.​Дэлароша. Працаваў у Парыжы, Шэрбуры, Барбізоне. У 1840-я г. пісаў тонкія па настроі партрэты, міфалагічныя кампазіцыі, галантныя сцэны ў духу Ф.Бушэ. У канцы 1840-х г. зблізіўся з мастакамі барбізонскай школы і звярнуўся да выяўлення паўсядзённага сял. жыцця на фоне пейзажу. Яго творам уласцівы ўрачыстая лапідарнасць манум. кампазіцыі, багаты валёрамі зямлісты каларыт: «Зборшчыцы каласоў» (1857), «Анжэлюс» (1859), «Жанчына стрыжэ авечку» (1860), «Пасадка бульбы» (1861—62), «Чалавек з матыкай» (1863), «Вялікая пастушка» (1863—64). Пасля 1860 звярнуўся да пейзажа («Царква ў Грэвілі», 1871—74). Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, пастэляў.

Літ.:

Ж.-Ф. Милле: [Альбом]. М.; Л., 1962.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)