МІЛЕ́ ((Millet) Жан Франсуа) (4.10.1814, Грушы, каля г. Шэрбур, Францыя — 20.1.1875),
французскі жывапісец і графік. У 1837—38 вучыўся ў Парыжы ў П.Дэлароша. Працаваў у Парыжы, Шэрбуры, Барбізоне. У 1840-я г. пісаў тонкія па настроі партрэты, міфалагічныя кампазіцыі, галантныя сцэны ў духу Ф.Бушэ. У канцы 1840-х г. зблізіўся з мастакамі барбізонскай школы і звярнуўся да выяўлення паўсядзённага сял. жыцця на фоне пейзажу. Яго творам уласцівы ўрачыстая лапідарнасць манум. кампазіцыі, багаты валёрамі зямлісты каларыт: «Зборшчыцы каласоў» (1857), «Анжэлюс» (1859), «Жанчына стрыжэ авечку» (1860), «Пасадка бульбы» (1861—62), «Чалавек з матыкай» (1863), «Вялікая пастушка» (1863—64). Пасля 1860 звярнуўся да пейзажа («Царква ў Грэвілі», 1871—74). Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, пастэляў.
Літ.:
Ж.-Ф. Милле: [Альбом]. М.; Л., 1962.
т. 10, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)