КРЫВАШЫ́Я,

дэфармацыя шыі рознай этыялогіі, якая характарызуецца няправільным становішчам галавы з яе нахілам убок і паваротам. Прычыны К.: фіброз мышцаў, пашкоджанне або зрастанне шыйных пазванкоў, пашкоджанне скуры, мышцаў, запаленчыя працэсы ў вобласці шыі. Бывае прыроджаная і набытая, найчасцей — аднабаковая. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАСТАМО́З (ад грэч. anastomōsis адтуліна, выхад) у жывёл — злучэнне паміж двума крывяноснымі або лімфатычнымі сасудамі або двума нервамі. У клініцы чалавека анамастозам наз. штучнае або патагеннае злучэнне паміж трубчастымі органамі. У вышэйшых раслін — злучэнне паміж трубчастымі структурамі, напр. паміж жылкамі ў ліста, разгалінаваннямі млечнікаў і інш. У грыбоў — злучэнне або зрастанне двух гіфаў міцэлію.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. concrementum нагрувашчанне, зрастанне),

цвёрдыя ўтварэнні («камяні») у полых органах і вывадных пратоках залоз у чалавека і жывёл; могуць быць прычынай хваробы. Бываюць рознага памеру, формы і кансістэнцыі. Хім. састаў залежыць ад фізіял. уласцівасцей асяроддзя, у якім адбываецца ўтварэнне К. (жоўцевыя, мачавыя камяні і інш.). Прычыны ўтварэння К. агульныя (напр., парушэнні абмену рэчываў) і мясц. (напр., змена хімізму сакрэту).

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБАЛІ́Я,

спосаб змянення антагенезу ў працэсе эвалюцыі арганізмаў, калі закончаны формаўтваральны працэс дапаўняецца дыферэнцыроўкамі. Тэрмін увёў рус. біёлаг А.​М.​Северцаў (1912). Анабалія звязана з тым, што формаўтваральныя працэсы вельмі складаныя і не дапускаюць істотных змен пачатковых ці сярэдніх стадый развіцця. У выпадку, калі асновы структуры жыццёва важнага органа закладзены, магчымы некаторыя яе змены, варыянты, якія не парушаюць жыццяздольнасці арганізма. Прыклад анабаліі — зрастанне храсткоў і касцей у шкілеце дарослых пазваночных, якія ў продкаў заставаліся асобнымі.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКІЛО́З (ад грэч. ankylos крывы, сагнуты),

поўная нерухомасць сустава пры паталагічных зменах яго тканак. Адрозніваюць анкілозы касцявыя (касцявое зрастанне сустаўных паверхняў паміж сабой), пазасустаўныя (утварэнне касцявой перамычкі за кошт акасцянення мяккіх тканак вакол сустава; сустаўная шчыліна пры гэтым захавана), фіброзныя (утварэнне рубцовых спаек паміж сустаўнымі паверхнямі). Пры касцявым і пазасустаўным анкілозе вобласць нерухомага сустава пры функцыян. нагрузцы (хадзе) бязбольная, пры фіброзным — узмоцненая нагрузка выклікае боль у суставе. Развіваецца ад раненняў, закрытых пераломаў касцей у суставе, ад запалення (туберкулёз, ганарэя і інш.), працяглай нерухомасці сустава. Лячэнне хірург. і фізіятэрапеўтычнае.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКА́Я АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,

кампактная прасторавая групоўка пасяленняў (пераважна гарадскіх), аб’яднаных у адно цэлае інтэнсіўнымі вытв., працоўнымі, культ.-быт. і рэкрэацыйнымі сувязямі. Вылучаюць монацэнтрычныя гарадскія агламерацыі з адным горадам-ядром, які падпарадкоўвае свайму ўздзеянню астатнія паселішчы, размешчаныя ў прыгараднай зоне (прыгарады, гарады-спадарожнікі і інш.) і намнога пераўзыходзіць іх сваімі памерамі і эканам. патэнцыялам, і поліцэнтрычныя гарадская агламерацыя з некалькімі ўзаемазвязанымі гарадамі-цэнтрамі (гл. Канурбацыя). Гарадскія агламерацыі аказваюць моцны пераўтваральны ўплыў на навакольную тэр., змяняючы яе эканам. структуру і сац. ўмовы жыцця насельніцтва. Зрастанне значнай колькасці суседніх гарадскіх агламерацый вядзе да ўтварэння мегалопісаў мегаполісаў.

т. 5, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. concretio зрастанне, згушчэнне),

сцяжэнне, мінеральнае ўтварэнне шарападобнай ці няправільнай формы ў асадкавых горных пародах і глебах. Канцэнтруе рассеяныя кампаненты змяшчальных парод або цэментуючага матэрыялу — крэменязёму, кальцыту, даламіту, аксідаў жалеза, пірыту, гіпсу, фасфату і інш. Цэнтрамі сцяжэння могуць быць зерні мінералаў, абломкі парод, ракавіны, косці рыб. часткі раслін і інш. Памеры К. вагаюцца ад 1 мікрона да 3 м у дыяметры. Паводле будовы найб. частыя шкарлупінаватыя (канцэнтрычна-слаістыя), радыяльна-прамянёвыя, грубапалоскавыя. У сучасных акіянічных асадках пашыраны жалеза-марганцавыя канкрэцыі. Трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. На Беларусі вядомы К. крамянёвыя (верхні мел), фасфарытавыя (дэвон, верхні мел, палеаген), а таксама жалезістыя на дне азёр.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)