ФАСЦЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. fascia павязка, палоска),
пачварная дэфармацыя раслін, пры якой іх органы ператвараюцца ў шырокія і пляскатыя шабле- ці раменепадобныя ўтварэнні. Выклікаецца вірусамі, мікаплазмамі, бактэрыямі, мікраскапічнымі грыбамі, фітагельмінтамі, іанізавальным выпрамяненнем, хім. мутагенамі, стымулятарамі росту, пестыцыдамі, мех. парушэннямі і інш. У выніку зрастаюцца некалькі пунктаў росту, назіраецца скрыўленне, перакручванне, зрастанне, разрастанне сцёблаў, лісця, кветак, суквеццяў, пладоў і інш. З’яву Ф. выкарыстоўваюць у селекцыі некат. с.-г. раслін (напр., пры вывядзенні буйназярністых дыплоідных сартоў грэчкі).
т. 16, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)