ДЭ́БЕТ (ад лац. debet ён павінен),

частка бухгалтарскага ўліку. У актыўных рахунках па Д. запісваецца павелічэнне, а ў пасіўных — змяншэнне аб’ектаў уліку. У разліковых рахунках па Д. адлюстроўваецца запазычанасць юрыд. і фіз. асоб дадзенаму прадпрыемству — т.зв. дэбіторская запазычанасць.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

змяншэнне ступені палярызацыі святла. Назіраецца ў многіх аптычных з’явах, напр., пры рассейванні святла ў мутным асяроддзі або на матавай паверхні. Пры штучнай Д.с. палярызаванае святло змяняе стан палярызацыі ў часе, па папярочным сячэнні пучка або па спектры.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМІРА́ННЕ РАДЫЁСІГНА́ЛУ, федынг,

змяншэнне інтэнсіўнасці радыёсігналу ў пункце яго прыёму. Абумоўлена зменамі эл. уласцівасцей атмасферы, а таксама інтэрферэнцыяй радыёхваль, што прыйшлі ў пункт прыёму па розных напрамках (гл. Інтэрферэнцыя хваль, Распаўсюджванне радыёхваль). З.р. прадухіляюць з дапамогай аўтам. рэгуліроўкі ўзмацнення, прыёму на некалькі разнесеных антэн і інш.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЦЭФА́ЛІЯ (ад мікра... + грэч. kephalē галава),

малая велічыня чэрапа і галаўнога мозга пры адносна нармальных памерах іншых частак цела чалавека; загана развіцця. Суправаджаецца недаразвіццём і структурнымі парушэннямі будовы вял. паўшар’яў, разумовай недаразвітасцю (гл. Алігафрэнія), затрымкай псіхічнага развіцця, мышачнай гіпатаніяй і інш. Бывае М. першасная (спадчынная) і другасная (пашкоджанні галаўнога мозга, напр., родавая траўма, запаленне і інш.). М. адрозніваюць ад гіпаплазіі галаўнога мозга (змяншэнне масы мозга без структурных парушэнняў).

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАСТА́ННЕ І СПАДА́ННЕ ФУ́НКЦЫІ,

павелічэнне (змяншэнне) значэнняў функцыі пры павелічэнні значэнняў яе аргумента. Функцыя y = 𝑓(x) наз. нарастальнай (спадальнай) на адрэзку

[a, b],

калі для любых x1 і x2, такіх, што ax1x2b, выконваецца няроўнасць 𝑓(x1) < 𝑓(x2) [адпаведна 𝑓(x1) > 𝑓(x2)]. Дыферэнцавальная функцыя з’яўляецца нарастальнай (спадальнай) на зададзеным інтэрвале, калі яе вытворная ў кожным пункце гэтага інтэрвалу дадатная (адмоўная). Напр., функцыя y = x2 спадае на інтэрвале (−∞,0) і нарастае на інтэрвале (0, +∞).

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВЫ МАЦЯРЫ́НСТВА І ДЗЯЦІ́НСТВА БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1931 у Мінску на базе Дома груднога дзіцяці, дзіцячых ясляў і дзіцячай кансультацыі № 3. Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне асаблівасцяў адаптацыі нованароджаных дзяцей і выпрацоўка метадаў яе рэгуляцыі; распрацоўка і ўкараненне ў практыку лячэбна-прафілакт. устаноў арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў, накіраваных на змяншэнне захворванняў і дзіцячай смяротнасці. Галаўная ўстанова па рэалізацыі дзярж. н.-д. праграмы «Ахова мацярынства і дзяцінства ва ўмовах ліквідацыі наступстваў уздзеяння катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВО́ЛЬВАННЕ НЕЙТРО́НАЎ,

змяншэнне кінетычнай энергіі нейтронаў у выніку шматразовых сутыкненняў з атамамі асяроддзя. Прыводзіць да ўтварэння т.зв. цеплавых нейтронаў, якія могуць выклікаць ланцуговую ядзерную рэакцыю, напр. у прыродным уране.

У працэсе запавольвання частка нейтронаў губляецца: паглынаецца ядрамі атамаў ці вылятае за межы рабочага асяроддзя. У запавольніках (рэчывы, якія маюць лёгкія ядры і слаба захопліваюць нейтроны: вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш.) малыя страты нейтронаў і большая іх частка пераўтвараецца ў цеплавыя (механізм запавольвання залежыць ад энергіі нейтронаў). Гл. таксама Ядзерны рэактар, Нейтронаграфія.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСВЯТЛЕ́ННЕ О́ПТЫКІ,

змяншэнне адбіцця святла ад паверхняў аптычных дэталей нанясеннем на іх непаглынальных плёнак таўшчынёй, сувымернай з даўжынёй хвалі аптычнага выпрамянення. Вынік інтэрферэнцыі святла, адбітага ад пярэдніх і задніх паверхняў такіх плёнак, вядзе да ўзаемнага «гашэння» адбітых хваль і ўзмацнення інтэнсіўнасці святла, якое прайшло праз плёнку. Плёнкі наносяць у 1, 2 ці больш слаёў фіз. (напр., вакуумным напыленнем) і хім. (апрацоўкай паверхні растворамі к-т) метадамі. Выкарыстоўваецца ў складаных аптычных сістэмах з многімі адбівальнымі паверхнямі, напр., у фатагр. аб’ектывах, акулярах, перыскопах.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЯНЕ́ННЕ,

найбольш агульная форма быцця ўсіх аб’ектаў і з’яў, што ўяўляе сабой усялякі рух і ўзаемадзеянне, пераход з аднаго стану ў другі. Уключае ў сябе любыя пераўтварэнні форм руху, усе працэсы развіцця, а таксама ўзнікненне новых з’яў у свеце. Ахоплівае колькаснае павелічэнне ці змяншэнне характарыстык цел і іх якасныя трансфармацыі. Гістарычна змяняюцца не толькі любыя канкрэтныя ўласцівасці цел, але і самі законы руху матэрыі. У філасофіі З. заўсёды проціпастаўляецца спакой і ўстойлівасць цел, але і самі яны адносныя, таму што з’яўляюцца прыватным выпадкам і вынікам агульнага руху матэрыі.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКТА́ (араб., літар. надзел),

у сярэднія вякі ўмоўнае падараванне зямельнага надзелу феадалу за ваен. ці грамадз. службу ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу (накшталт бенефіцыя ў Еўропе). У араб. крыніцах вядомы з канца 7 ст., найб. пашыраны ў 8—10 ст. пры Абасідах. З 9 ст. І. наз. таксама падараванне халіфам вобласці ў намесніцтва эміру, з правам збору на сваю карысць усіх ці часткі падаткаў. У імперыі Вялікіх Маголаў наз. джагір, у Асманскай імперыі — зеамет, цімар. Рост зямель І. і змяншэнне фонду дзярж. зямель — адна з прычын феад. раздробленасці.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)