Прытворшчык-злодзей (жук) 4/424—425 (укл.); 11/333

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫТВО́РШЧЫКІ (Ptinidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у расл. і жывёльных рэштках, сухой драўніне. Актыўныя ноччу. Пры дакрананні здольныя заміраць — прытварацца мёртвымі (адсюль назва). На Беларусі 10 відаў. Найб. трапляецца П.-злодзей (Ptinus fur) — сінантропны від.

Даўж. да 5 мм. Цела акруглае ці прадаўгаватае, жаўтаватае, бурае або чырванаватае, бліскучае, зверху валасістае, з плямістым малюнкам. Вусікі доўгія, піла- або ніткападобныя. Ногі доўгія з 5-членікавымі лапкамі. Лічынкі белыя, чэрвепадобныя, выгнутыя. з выпуклай галавой, развітымі нагамі. Трапляюцца ў зерні, харч. запасах, футравых вырабах, гербарыях і інш.

С.​Л.​Максімава.

Прытворшчыкі: 1 — шаўкавісты; 2 — прытворшчык-злодзей (а — самка; б — самец).

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЭ́РБЕНКС (Fairbanks) Дуглас [сапр. Дуглас Элтан Томас Ульман

(Ullman); 23.5.1883, г. Дэнвер. штат Каларада, ЗША — 12.12.1939], амерыканскі кінаакцёр, прадзюсер. З 1904 у т-ры, з 1915 у кіно. Найб. вядомы ў амплуа шукальніка прыгод у фільмах «Амерыканец» (1916),

«Дзікі і лахматы» (1917), «Знак Зора» (1920), «Тры мушкецёры» (1921), «Робін Гуд» (1922), «Багдадскі злодзей» (1924), «Чорны пірат» (1926), «Утаймаванне свавольніцы» (1929), «Прыватнае жыццё Дон Жуана» (1934) і інш. Аўтар шэрагу сцэнарыяў фільмаў. Спец. прэмія «Оскар» 1939.

т. 16, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЮНЕ́С (Funès) Луі дэ (31.7.1914, г. Нант, Францыя — 27.1.1983),

французскі кінаакцёр. Працаваў у кабарэ, на радыё, тэлебачанні, т-ры. З 1945 у кіно. Талент коміка з шырокім выкарыстаннем прыёмаў буфанады і «фарсіраванай» мімікі раскрыўся ў фільмах «Тата, мама, служанка і я» (1954), «Не злоўлены — не злодзей» (1958), серыяле пра Фантамаса (1964—66), «Разявака» (1965), «Вялікая прагулка» (1966), «Замарожаны» (1969), «Скупы» (1980, і рэж. разам з Ж.​Жыро), «Жандар і дзяўчаты-жандары» (1982) і інш.

т. 16, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЦКАЯ ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ЗАДУ́МА,

спроба гуртка беларусаў-інтэлігентаў мяст. Радашковічы (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) і ваколіц паставіць у 1892 на бел. мове п’есу «Злодзей» Ядвігіна Ш. (А.​Лявіцкі) без цэнзурнага дазволу. Спектакль пры ўдзеле аўтара меркавалася паказаць на платнай маёўцы, а на выручаныя грошы адкрыць бальніцу. Даведзеная да генеральнай рэпетыцыі пастаноўка была забаронена мясц. ўладамі, якія ўбачылі ў гэтай акцыі «палітычную справу». Спроба паказу спектакля на «забароненай» мове засталася няздзейсненай і ўвайшла як Р.т.з. ў гісторыю бел. т-ра.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНЕ́С Марк Навумавіч (8.9.1911, г. Нежын, Украіна — 16.8.1969),

рускі акцёр, эстрадны спявак. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў тэатр, курсы ў Харкаве. Гранічная шчырасць і абаяльнасць Бернеса-акцёра найб. выявіліся ў ролі Аркадзя Дзюбы ў фільме «Два байцы» (1943). Сярод інш. роляў: шафёр Мінутка («Вялікі пералом», 1946), матрос Чмыга («Трэці ўдар», 1948), злодзей Аганёк («Начны патруль», 1957). З 1950 выступаў на эстрадзе з выкананнем песень, многія з якіх ствараліся паэтамі і кампазітарамі ў супрацоўніцтве са спеваком («Я люблю цябе, жыццё» Э.​Калманоўскага, «Жураўлі» Я.​Фрэнкеля і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫСЛІ́ЎСКІ (Myśliwski) Веслаў (н. 25.3.1932, в. Дзвікозы каля г. Сандамір, Польшча),

польскі пісьменнік. Скончыў Люблінскі ун-т (1956). У раманах «Голы сад» (1967, экранізацыя «Праз дзевяць мастоў», 1972), «Палац» (1970, экранізацыя 1979), «Камень на камень» (1984, экранізацыя 1995), «Далягляд» (1996) паказаны сял. культура як арган. частка нац. культуры, вясковы свет як свет сапраўдных каштоўнасцей. Аўтар драм «Злодзей» (1973), «Ключнік» (1978), «Дрэва» (1989). Для яго твораў характэрны філас.-міфалагічнае асэнсаванне рэчаіснасці, паэтычнасць, метафарычнасць, прытчавасць.

Тв.:

Рус. пер. — Камень на камень. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЗ Ілья Сямёнавіч (17.3.1922, г. Магілёў — 22.12.1980),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1939—41). З 1945 працаваў у перыяд. друку, у 1956—66 у газ. «Літаратура і мастацтва», з 1974 у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1940. Пісаў на бел. і рус. мовах. У яго аповесцях «Жарцы» (1955), «Злодзей» (1960), «Разбег» (1963) і нарысах — гіст. мінулае і сучаснае жыццё Беларусі, людзі незвычайных лёсаў. Аўтар гіст. рамана «Белая Русь» (1977).

Тв.:

Подснежники. Мн., 1959;

Каменных спраў майстар. Мн., 1971;

Заря вишнёвая. Мн., 1973;

Па Дзвіне на вёслах. Мн., 1975;

Потомству в пример. Мн., 1978.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФІ́ЗМ (грэч. sophisma выдумка, галаваломка),

лагічна няправільнае, уяўнае меркаванне (вывад, доказ), якое выдаецца за правільнае. Звычайна абгрунтоўвае заведама абсурднае ці парадаксальнае сцвярджэнне, якое супярэчыць агульнапрынятым уяўленням. Грунтуецца на наўмысных лагічных памылках (падмена тэзіса доказу, парушэнне правіл лагічнага вываду, прыняцце несапраўдных пасылак), мнагазначнасці слоў, аманіміі і інш. Класічным узорам С. з’яўляецца сцвярджэнне: «Тое, што ты не страціў, ты маеш; ты не страціў рогі, значыць, ты іх маеш». Шматлікія ўзоры С. прыводзіў у сваіх дыялогах Платон («Эўтыдэм» і інш.). Лагічны аналіз С. і іх класіфікацыю зрабіў Арыстоцель у працы «Аб сафістычных абвяржэннях». Сенека параўноўваў выкарыстанне С. з мастацтвам фокуснікаў. Г.​Гегель лічыў, што С. не толькі выконвае функцыю ўвядзення ў зман, але і з’яўляецца своеасаблівай формай усведамлення праблемнай сітуацыі. Адрозніваюць 3 асн. віды С.: «пачацвярэнне тэрміна» — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла простага катэгарычнага сілагізму аб тым, што ў сілагізме выкарыстоўваюцца толькі 3 тэрміны; меркаванне будуецца з выкарыстаннем падобных, але не тоесных паняццяў (напр., «Злодзей не жадае набыць нічога кепскага; набыццё добрага ёсць справа добрая; значыць, злодзей жадае добрага»); С. недазволенага працэсу — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што тэрміны, не ўзятыя ў пасылках ва ўсім аб’ёме, не могуць быць узяты ва ўсім аб’ёме і ў заключэнні (напр., «Усе ўважлівыя добра засвойваюць урокі; некат. вучні ўважлівыя; усе вучні добра засвойваюць урокі»); С. зборнага сярэдняга тэрміна — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што сярэдні тэрмін (агульны для абедзвюх пасылак) павінен быць узяты ва ўсім аб’ёме хаця б у адной з пасылак (напр., «Некат. людзі ўмеюць іграць на скрыпцы; усе дыпламаты — людзі; усе дыпламаты ўмеюць іграць на скрыпцы»).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́БЫ, караткахвостыя ракі (Brachyura),

атрад (падатрад) дзесяціногіх ракападобных. Больш за 4000 відаў. Пашыраны ў морах, прэсных водах і на сушы, пераважна ў тропіках.

Шыр. галавагруднага шчыта (карапакса) 2—60 см. Галава маленькая, у паглыбленні пад краем карапакса. Вочы фасетачныя. 1-я пара хадзільных ног мае клюшні. Брушка кароткае, падагнутае пад сківіцагрудзі. Брушныя канечнасці ў самца (1—2 пары) зменены ў капулятыўны орган, у самкі (4 пары) служаць для выношвання ікры. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Усе К., акрамя прэснаводных, размнажаюцца ў моры. Развіццё з метамарфозам. Некат. К. могуць мяняць афарбоўку цела. Здольныя да аўтатаміі і рэгенерацыі канечнасцей. Аб’екты промыслу.

Крабы: 1 — пальмавы злодзей; 2 — пенеус японскі; 3 — гекарсінус; 4 — стэнарынкус.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)