Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРО́ТНАЕ ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,
сістэма водазабеспячэння са шматразовым выкарыстаннем вады на гасп. мэты; элемент безадходнай тэхналогіі. Укараняецца ў вытв-сць для эканоміі водных рэсурсаў і памяншэння скідвання забруджаных сцёкавых вод. Пашырана ў вытв. працэсах цеплаэнергетыкі, хім., нафтаперапрацоўчай, маш.-буд. прам-сці, дзе вада выкарыстоўваецца для ахаладжэння, прамыўкі, пераўтварэння, гідратранспарціроўкі.
т. 7, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА... (грэч. ana...),
прыстаўка, якая абазначае «рух уверх», «узмацненне дзеяння», «адваротнае дзеянне», «зваротнае дзеянне», напр., анабіёз, анафаза.
т. 1, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКРО́С (англ. backross),
зваротнае скрыжаванне, скрыжаванне гібрыда першага пакалення з адной з бацькоўскіх формаў. У вузкім сэнсе бекрос — скрыжаванне гетэразіготнага па пэўных генах арганізма з гомазіготнымі па гэтых генах асобінамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення генатыпічнай структуры арганізма (гл. Аналітычнае скрыжаванне), а таксама для пераадолення бясплоддзя гібрыдаў першага пакалення пры аддаленай гібрыдызацыі.
т. 2, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗАПРЭСІ́Н, антыдыурэтычны гармон,
нейрагармон многіх пазваночных жывёл і чалавека, які рэгулюе дыурэз. Паводле хім. прыроды — пептыд (октапептыд). Вазапрэсін вырабляецца гіпаталамусам, з якога ён паступае ў гіпофіз, потым у кроў. Выклікае скарачэнне капіляраў, што павышае крывяны ціск (прэсорны эфект) і стымулюе зваротнае ўсмоктванне вады ў ныркавых канальцах, зніжаючы дыурэз (антыдыурэтычны эфект). Недахоп вазапрэсіну ў арганізме можа прывесці да нецукр. дыябету, пры якім выдзяленне мачы рэзка павышаецца.
т. 3, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЭЗІ́Я (ад а... + грэч. trēsis адтуліна),
1) поўная адсутнасць прасвету або адтуліны ў трубчастым органе. Прыроджаная атрэзія (аорты, стрававода, заднепраходнай адтуліны, похвы, маткі і інш.) развіваецца пры парушэнні эмбрыянальнага фарміравання органа. Пры некаторых прыроджаных атрэзіях нованароджаныя нежыццяздольныя. Набытая атрэзія ўзнікае з прычыны запалення або рубцовага працэсу (напр., атрэзія стрававода пры апёку кіслатой). Лячэнне хірургічнае.
2) Зваротнае развіццё фалікула ў яечніку млекакормячых. Інтэнсіўнае ў перыяд палавога выспявання і цяжарнасці.
т. 2, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАЎТВАРЭ́ННЕ,
працэс, які бесперапынна адбываецца ў нефрыдыях або іншых выдзяляльных органах беспазваночных і ў нырках пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае выпрацоўку мачы і мочавыдзяленне. Складаецца з працэсаў ультрафільтрацыі, рэабсорбцыі (зваротнае ўсмоктванне) і канальцавай сакрэцыі. Пачатковы этап М. (ультрафільтрацыя плазмы крыві) адбываецца ў ныркавых клубочках (са 100 л вадкасці, што праходзіць праз клубочкі ныркі чалавека, у мачу ператвараецца 1 л). У першаснай мачы ёсць амаль усе рэчывы плазмы крыві, акрамя бялкоў. Большая ч. вады і неабходных для арганізмаў рэчываў (амінакіслоты, глюкоза, вітаміны і інш.) зваротна ўсмоктваецца ў канальцах. У прасвет нефрона адбываецца сакрэцыя арган. к-т, іонаў вадароду, некат. прадуктаў абмену, чужародных рэчываў і інш. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца праз ныркі эферэнтнымі нервамі і гармонамі (напр., альдастэрон, паратгармон).
Літ.:
Наточин Ю.В. Ионорегулирующая функция почки. Л., 1976.
С.С.Ермакова.
т. 10, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)