МАРДА́САВА (Марыя Мікалаеўна) (14.2. 1915, в. Ніжняя Мазаўка Тамбоўскай вобл., Расія — 29.9.1997),
расійская спявачка. Нар. арт. Расіі (1958). Нар. арт. СССР (1981). Герой Сац. Працы (1987). У 1943—72 вядучая салістка Варонежскага рус. нар. хору, пазней — Варонежскай абл. філармоніі. Самабытная выканальніца, збіральніца і аўтар шматлікіх нар. песень і прыпевак (больш за 300, многія змешчаны ў зборніках песень).
т. 10, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНІПРО́ВА ЧА́ЙКА (сапр. Васілеўская Людміла Аляксееўна; 1.11.1861, с. Зялёны Яр Мікалаеўскай вобл., Украіна — 13.3.1927),
украінская пісьменніца. Скончыла гімназію ў Адэсе (1879). Майстар інтымнай і грамадз. лірыкі. Аўтар рытмізаваных лірычных мініяцюр, адметных сац. сімволікай, рамант. пафасам і філас. роздумам аб сэнсе жыцця: «Дзяўчына-чайка» (1892), «Скала» (1893), «Буравеснік» (1900), «Плаўні гараць» (1902) і інш. Побыт укр. сялянства і інтэлігенцыі канца 19 — пач. 20 ст. адлюстраваны ў апавяданнях «Знахарка» (1885), «Крыжанос» (1896), «У школе» (1909). Вядома як збіральніца фальклору, перакладчыца.
Тв.:
Вибрані творы. Київ, 1987.
Літ.:
Пінчук В.Г. Дніпрова Чайка. Київ, 1984.
В.А.Чабаненка.
т. 6, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКАЯ (Лізавета Іванаўна) (1830, г. Магілёў — 1915),
збіральніца бел. нар. песень. Маці У.Л.Кігна. Скончыла Магілёўскую гімназію. Жыла ў в. Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.). Склала зб. «Народныя беларускія песні» (выд. ў 1853 на рус. мове ў Пецярбургу пад крыптанімам Е.П.), куды ўвайшлі творы каляндарна-абрадавай і пазаабрадавай нар. лірыкі, запісаныя ў Быхаўскім пав. Значнае месца ў кнізе адведзена апісанню мясц. вясельнага абраду і тэкстам звязаных з ім песень (пераклады недасканалыя).
Літ.:
Букчин С.В. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 158—160;
Цішчанка І. Адна з першых // Мастацтва Беларусі. 1984. № 10.
т. 12, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХО́МЕНКА (па мужу Казак) Валянціна Васілеўна
(н. 2.1.1956, в. Каменка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявачка (лірычнае сапрана). Засл. арт. Беларусі (1985). Скончыла Гомельскае муз. вучылішча (1975). З 1975 артыстка Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.Цітовіча, у 1981—92 салістка Бел. тэлебачання і радыё і ансамбля нар. музыкі «Жывіца». Шмат выступала ў дуэце з мужам А.Казаком. Голас прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону вылучае П. як адну з яркіх, своеасаблівых выканальніц бел. нар. песні. Збіральніца песеннага фальклору, знаўца асаблівасцей нар. выканання многіх рэгіёнаў Беларусі, інтэрпрэтатар лірычных песень бел. кампазітараў. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983), міжнар. радыёконкурсу запісаў еўрап. муз. фальклору «Прыз Браціславы» (ЧССР, 1983). З 1992 жыве за мяжой.
Л.С.Мітаковіч.
т. 12, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)