ЗАХО́ДНІЦТВА,

тэндэнцыя ў рас. грамадска-паліт. думцы, светапогляд, заснаваны на прызнанні агульнасці Расіі і Зах. Еўропы як непадзельных частак адзінага культ.-гіст. цэлага. У навук. л-ры існуюць розныя пункты погляду на пастанне аб храналагічных рамках бытавання З., паколькі яго носьбіты вядомы ва ўсе гіст. эпохі са старажытнасці да нашых часоў. У.С.Салаўёў адносіў узнікненне З. да 18 ст. і вылучаў у яго развіцці тры гал. «фазісы»; «тэакратычны» (П.Я.Чаадаеў), «гуманітарны» (В.Р.Бялінскі і «людзі саракавых гадоў»), «натуралістычны» (М.Г.Чарнышэўскі і «людзі шасцідзесятых гадоў»). Больш вузкія рамкі бытавання З. прапанаваў А.А.Грыгор’еў — 1840—60-я г. Менавіта да прадстаўнікоў З. гэтага перыяду адносіцца ў вузкім сэнсе тэрмін Заходнікі.

Літ.:

Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Артамон Сяргеевіч) (1625—25.5.1682),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаўскай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас. заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.​К.​Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́ЕЎСКІ (Іван Васілевіч) (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),

расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.​Шлеермахера, Г.​Гегеля, Ф.​В.​Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус. правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.

Тв.:

Критика и эстетика. М., 1979;

Избр. статьи. М., 1984.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)