ЗАСА́ДА,

1) загадзя і старанна замаскіраванае размяшчэнне воінскага падраздзялення (або партызан) на найб. верагодных шляхах руху праціўніка з мэтай яго разгрому раптоўным ударам, захопу палонных і знішчэння баявой тэхнікі.

2) У Стараж. Русі — гарнізон у горадзе на чале з засадным ваяводам; войскі рэзерву (таксама засадны полк), падрыхтаваныя для нечаканага нападу на праціўніка. Напр., у Кулікоўскай бітве 1380 засадны полк на чале з Баброкам-Валынскім і Уладзімірам Серпухаўскім вырашыў зыход бою.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. і карнай экспедыцыяй ням.-фаш. захопнікаў каля Лаўскага лесу ў Капыльскім р-не 3 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы кінулі супраць партызан 7 тыс. карнікаў з танкамі, бронемашынамі, артылерыяй. Засада з 18 партызан (камандзір В.І.Драздовіч; усе загінулі) каля в. Клецішча за 4 гадз адбіла 8 атак, знішчыла шмат жывой сілы ворага. За гэты час брыгада эвакуіравала шпіталь і арганізавана ўступіла ў бой, які працягваўся ўвесь дзень; уначы партызаны выйшлі з акружэння. На магіле загінуўшых партызан каля Клецішча пастаўлены помнік.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ БОЙ 1812.

Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.​Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс. чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.​Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.​В.​Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.​Е.​Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.​Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)