Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́Д,
пэўная колькасць выбуховага рэчыва, цвёрдага ракетнага паліва, ядзернага рэчыва, аснашчанага сродкамі запальвання або ўзбуджэння дэтанацыі (запаламі, дэтанатарамі і інш.).
Ваен. З. бываюць: выкідальныя (парахавыя ў неразбуральным корпусе запальных, касетных, асвятляльных і інш. боепрыпасаў); кідальныя (парахавыя ў гільзах, патронах, трубах для выстрэльвання снарадаў, бомбаў, мін, гранат, куль, тарпед); падрыўныя (вадкія, пастападобныя, цвёрдыя, эластычныя для падрыву аб’ектаў на зямлі, у грунце, вадзе і паветры); разрыўныя (брызантныя выбуховыя рэчывы ў корпусах бомбаў, мін, тарпед і інш. разрыўных боепрыпасаў); ракетныя цвердапаліўныя (блокі цвёрдага ракетнага паліва ў камерах ракетных рухавікоў глыбінных бомбаў, рэактыўна-ўсплываючых мін, тарпед); шнуравыя (падоўжаныя падрыўныя ў гнуткай або многасекцыйнай абалонцы, укладваюцца на дно вадаёма); ядзерныя (гл.Ядзерная зброя). У прам-сці выкарыстоўваюцца З. загадзя разлічанага па масе выбуховага рэчыва, размешчанага ў шпурах, свідравінах і інш. горных вырабатках. Бываюць сканцэнтраваныя (сферычныя, кубічныя і блізкія да іх) і падоўжаныя (цыліндрычныя, плоскія).
Размяшчэнне зарадаў выбуховага рэчыва ў горных вырабатках: α — шчыліннага; б — катлавога; β — камернага; 1 — выбуховае рэчыва; 2 — паветраны прамежак; 3 — забойка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́Д ЭЛЕМЕНТА́РНЫ,
найменшы зарад электрычны (дадатны ці адмоўны), роўны па абс. значэнні зараду электрона. Абазначаецца e і роўны 1,60211733(49)∙1019Кл (упершыню вымераны Р.Мілікенам у 1911). Усе элементарныя часціцы маюць зарад 0 (напр., нейтроны), +е (пратоны, пазітроны) або -е (электроны, антыпратоны); выключэнне — некаторыя рэзанансы, зарад якіх кратны е. Часціцы з дробавымі З.э. не назіраліся, аднак у тэорыі моцных узаемадзеянняў (гл.Квантавая хромадынаміка) мяркуецца існаванне часціц з зарадам, кратным (1/3)e (гл.Кваркі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́Д ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
крыніца электрамагнітнага поля, звязаная з матэрыяльным носьбітам; унутраная характарыстыка элементарнай часціцы, якая вызначае яе электрамагнітнае ўзаемадзеянне. З.э. любога зараджанага цела — цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. Поўны З.э. замкнутай сістэмы захоўваецца пры любых узаемадзеяннях (гл.Зараду захавання закон). Адрозніваюць З.э.: дадатны (напр., зарад наэлектрызаванага шкла) і адмоўны (зарад наэлектрызаванага бурштыну). Сіла ўзаемадзеяння паміж зараджанымі целамі (часціцамі), якія знаходзяцца ў спакоі, падпарадкоўваецца Кулона закону. Узаемасувязь паміж З.э. і эл.-магн. полем вызначаецца Максвела ўраўненнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЁННЫ ЗАРА́Д, барыённы лік,
унутраная характарыстыка барыёнаў, звязаная з асаблівасцямі іх распаду і абумоўленая ўстойлівасцю пратона. Абазначаецца B. Для барыёнаў B = +1, для іх антычасціц B = −1, для кваркаў B = 1/3, для ўсіх астатніх часціц B = 0. Пры розных узаемадзеяннях элементарных часціц мае месца закон захавання барыённага зараду: алгебраічная сума барыённага зараду сістэмы часціц застаецца пастаяннай. Мяркуецца, што ў некаторых працэсах барыённы зарад можа і не захоўвацца, аднак іх імавернасць мізэрна малая.