электронная прылада дыскрэтнага дзеяння, прынцып работы якой заснаваны на вылучэнні пэўнай групы падзей (з’яўленне эл. імпульсаў, іанізавальных часціц ці інш.) пры ўмове, што хоць адна з іх адбываецца не адначасова з астатнімі. Мае некалькі ўваходаў і адзін выхад; выхадны сігнал выдаецца толькі пры адсутнасці сігналу на адным з уваходаў; напр., пры даследаваннях паглынальных здольнасцей рэчыва да забараняльных уваходаў З.с. далучаюцца лічыльнікі, размешчаныя пасля даследаванага слоя, да астатніх уваходаў — размешчаныя паміж крыніцай выпрамянення і дадзеным слоем. Выхадны сігнал мае інфармацыю толькі аб часціцах, паглынутых у выпрабаваным слоі рэчыва. Выкарыстоўваецца ў ядз. электроніцы, амплітудных аналізатарах, дэшыфратарах, дэкадавальных прыладах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́К,
1) прыстасаванне для запірання памяшканняў, ёмістасцей, скрынь, шафаў і інш. Вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Асірыя, Вавілон, Егіпет). Бываюць бессувальдныя (сакрэт забяспечваецца ў асн. профілем замочнай шчыліны), сувальдныя (з наборам рознафігурных рухомых пласцінак — сувальд, якім адпавядаюць выступы ключа), цыліндравыя (сувальды зроблены ў выглядзе штыфтоў), сакрэтныя (з літарным або лічбавым шыфрам); здымныя (у т. л. вісячыя) і нерухомыя (убудаваныя, уразныя, накладныя), а таксама спец. З. для ювелірных вырабаў.
2) Прыстасаванне, якое забяспечвае стопаранне рухомых частак машын і механізмаў. Напр., З. гаечны перашкаджае самаадкручванню гаек і інш. разьбовых дэталей пры рабоце машын.
3) Спец. злучэнне нерухомых частак драўляных канструкцый, зрубаў.
4) У агнястрэльнай зброі прыстасаванне для запальвання кідальнага снарада пры выстрале. Зброевыя З.: кнотавы (вядомы з 15 ст.), калясцовы (з вярчальным колам для высякання іскраў з крэменю, канец 15 — пач. 16 ст.), ударна-крамянёвы (16 ст.), ударнакапсульны (пач. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МА,
памяшканне, будынак ці яго частка, прызначаныя для гандлю. У Беларусі вядома з часу вылучэння рамёстваў у самаст. галіну гасп. дзейнасці. У гарадах 10—12 ст. К. існавалі ў рамесніцкіх пасадах. У 15—16 ст. вакол дзярж. і прыватнаўласніцкіх таргоў фарміраваліся гандлёва-рамесніцкія паселішчы з вял. колькасцю К. Паводле арх.-планіровачнай і функцыянальнай будовы вылучалася некалькі тыпаў К.: невял. будынак з гандл. памяшканнем і каморай; 1- ці 2-павярховы будынак, які спалучаў уласна К., жыллё рамесніка-гандляра і яго майстэрню; памяшканне ў комплексе гандлёвых радоў на плошчы горада ці мястэчка. Адметнасцямі К. з’яўляліся ганак з адкрытай галерэяй, аканіцы, падвойныя дзверы з жал. заваламі для запірання дзвярэй, маляваныя шыльды на шчыце-франтоне. К., змыкаючыся дахамі, галерэямі, утваралі шчыльную забудову вуліцы ці плошчы. У гарадах, якія мелі магдэбургскае права, нярэдка былі аб’яднаны з будынкам ратушы. У наш час К. наз. невял. гандл. памяшканне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТВО́Р,
1) рухомая канструкцыя, якая цалкам або часткова перакрывае адтуліну і дае магчымасць рэгуляваць паступленне праз яе вадкасці, газу і інш. З. ў гідратэхнічных збудаваннях робяцца з металу, жалезабетону, дрэва; бываюць паверхневыя і глыбінныя; плоскія, сегментныя, шандорныя, вальцовыя, сектарныя, дыскавыя і інш. 2) Механізм фатаграфічнага апарата, які аўтаматычна рэгулюе працягласць экспанавання (вытрымку) фотаматэрыялу пры здымцы. Бываюць апертурныя (устанаўліваецца ўнутры аб’ектыва каля апертурнай дыяфрагмы) і факальныя (каля задняй факальнай плоскасці аб’ектыва). У залежнасці ад віду светлавых засланак падзяляюцца на дыскавыя (у т. л. абцюратар), пялёсткавыя, шторныя, ламельныя і інш. 3) Прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, прызначанае для дасылання патрона (артыл. выстралу) у патроннік (камору), запірання канала ствала з боку казённай часткі, выканання выстралу і выкідвання гільзы. Падзяляюцца на неаўтам., паўаўтам. і аўтам.; З. артыл. гармат — на клінавыя (вертыкальныя і гарызантальныя; выкарыстоўваюцца з пач. 17 ст.) і поршневыя (такі З. стварыў рус. вынаходнік У.С.Бараноўскі ў 1872).
Схема шторава-шчыліннага фатаграфічнага затвора: 1 — барабан; 2 — святлонепранікальныя шторкі; 3 — тасёмкі шторак; 4 — шчыліна; 5 — плёнка; 6 — гільзы шторак.Затворы артылерыйскіх гармат: а — клінавы вертыкальны ў гармат малых калібраў (1 — казённік, 2 — клін); б — поршневы ў гармат сярэдніх і буйных калібраў (1 — рукаятка рамы, 2 — поршань; 3 — затворнае гняздо казённіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ХРОМАДЫНА́МІКА,
квантавая калібровачная тэорыя ўзаемадзеяння кваркаў і глюонаў шляхам абмену паміж імі глюонамі; частка стандартнай мадэлі, якая ўключае эл.-магн., слабое і моцнае ўзаемадзеянне («адказвае» за моцнае ўзаемадзеянне паміж кваркамі ў адронах і паміж адронамі). Пры гэтым кваркі маюць 3 колеры, а глюоны — 8.
Узнікла ў пач. 1970-х г. на аснове ўяўленняў аб колеры кваркаў, партоннай мадэлі няпругкіх узаемадзеянняў (гл.Партоны) і апарата неабелевых калібровачных палёў. У адрозненне ад фатонаў глюоны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, адкуль вынікае, што эфектыўная канстанта сувязі на малых адлегласцях імкнецца да нуля (асімптатычная свабода), а на вял. адлегласцях узрастае (магчымасць канфайнменту — запірання кваркаў і глюонаў унутры адронаў і іх адсутнасці ў свабодным стане). Кваркі і выпрамененыя імі глюоны па-за межамі вобласці канфайнменту пераўтвараюцца ў струмені адронаў, што з’яўляецца эксперым. доказам існавання глюонаў. К.х. апісвае шырокі клас працэсаў узаемадзеяння з удзелам адронаў і ядраў пры высокіх і нізкіх энергіях, якія вядуць да такіх з’яў, як, напр., множныя працэсы нараджэння часціц, кварк-глюонная плазма, вял. лакальныя флуктуацыі множнасці.
Літ.:
Бабичев Л.Ф., Кувшинов В.И., Федоров Ф.И. Квантовая хромодинамика в матричном формализме уравнений первого порядка // Докл.АНСССР. 1981. Т. 259, №1;
Индурайн Ф. Квантовая хромодинамика: Пер. с англ.М., 1986.