ДРУ́ЖКІ,

вясельныя чыны з бліжэйшай світы маладой (незамужняя сястра, дачка хросных бацькоў, блізкія сяброўкі) або маладога (нежанаты брат, блізкія сваякі, сябры). Д. нявесты (баяркі, бальшанкі, паднявесціны, шаферкі) суправаджалі яе на працягу вяселля ў яе хаце да ад’езду ў дом маладога. Галоўнай была старшая Д., якая разам з маладой хадзіла на запросіны, удзельнічала ў выпяканні каравая, віла вянок на суборную суботу, расплятала і заплятала касу на пасадзе і г.д. Старшы Д. з боку жаніха разам з ім хадзіў запрашаць на вяселле радню, ехаў за маладой, садзіў маладога на пасад, трымаў вянок над яго галавой у час вянчання. Звычайна колькасць Д. была няцотнай.

Л.​А.​Малаш.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАМЕДЫ́ ФРАНСЭ́З»

(Comédie Franęaise, афіц. назва «Тэатр Франсэ», «Théatre-Franęais),

старэйшы нац. т-р Францыі. Засн. ў 1680 у Парыжы паводле ўказа Людовіка XIV, які аб’яднаў т-р Мальера, што раней зліўся з т-рам «Марэ», і т-р «Бургундскі атэль». Валодаў манаполіяй на выкананне літ. драмы, атрымліваў датацыю, што дазваляла запрашаць лепшых акцёраў. Стаў школай акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства. У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. «К.Ф.» распаўся на «Тэатр Нацыі» і «Тэатр Рэспублікі», якія ў 1799 зноў аб’ядналіся пад назвай «К.Ф.». У розны час у «К.Ф.» выступалі Ф.Ж.Тальма, Э.Рашэль, С.Бернар, Б.К.Каклен, Ж.Л.Баро і інш. У наш час «К.Ф.» захоўвае ў рэпертуары творы Мальера, П.​Карнеля, Ж.​Расіна, П.​Бамаршэ, класічныя традыцыі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧА (ад стараслав. вет — рада, стараж.-рус. вещать — гаварыць),

народны сход у стараж. і сярэдневяковай Русі, Украіне і Беларусі; орган дзярж. улады. Узнікла з племянных сходак славян. На вечы вырашаліся пытанні вайны і міру, заканадаўства, заключэння дагавораў, веча магло запрашаць ці выганяць князёў, судзіць за паліт. і інш. значныя злачынствы. Упершыню веча згадваецца ў Белгарадзе ў летапісах пад 997, у Ноўгарадзе Вялікім пад 1016, Кіеве пад 1068. На Беларусі існавала ў стараж. Полацку, Друцку, верагодна, у Мінску, Віцебску і інш. З канца 11 ст. роля веча павялічылася. Яго збіралі па меры неабходнасці, склікалі па ініцыятыве князя, пасаднікаў (службовых асоб) ці гар. насельніцтва. Правам удзелу ў вечы карысталіся ўсе паўнапраўныя вольныя мужчыны, вядучая роля належала заможным гараджанам і баярам. Паступова страціла сваё значэнне і ў 14—15 ст. у ВКЛ заменена сеймам.

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)